9 лютага ў вайсковай частцы транспартных войскаў у Жлобіне гомельскі актывіст Зьміцер Жалезьнічэнка адмовіўся прымаць вайсковую прысягу.
Сёньня ў Жлобіне навабранцы вайсковай часткі 83469, дзе служыць адлічаны з унівэрсытэта студэнт-выдатнік Зьміцер Жалезьнічэнка, прымалі прысягу. Прынялі яе звыш паўсотні маладых салдат. А Зьміцер адмовіўся ад прысягі – прылюдна і гучна, з поклічам: “Жыве Беларусь!”.
Зьміцер Жалезьнічэнка: “Я адмовіўся прымаць вайсковую прысягу. Яна як бы даецца на вернасьць народу, але, я лічу, што па сутнасьці гэта не так. Гэта прысяга на тое, што чалавек будзе рабіць менавіта тое, што яму загадаюць камандзіры, начальнікі й гэтак далей. Я свайму народу верны і гэтага не хаваю. Натуральна, калі мяне адновяць ва ўнівэрсытэце і дадуць давучыцца, а пасьля нармальна забяруць у войска, я вайсковую прысягу прыму. Але, канешне, не цяпер”.
У войску Зьмітра сёньня наведалі бацька Валер, маці Ала, дзед Іван, знаёмыя й сябры.
Калі будзе рашэньне суду наконт прызнаньня незаконным прызыву Зьмітра на службу, тады камандаваньне яго й адпусьціць.
Маці прывезла камандаваньню часткі пастанову судзьдзі наконт прыпыненьня дзеяньня рашэньня Гомельскай гарадзкой прызыўной камісіі й копію заявы ваеннаму пракурору пра тое, што сына беспадстаўна ўтрымліваюць у войску ўжо з 1 лютага. Аднак камандзір часткі падпалкоўнік Войшаль ды іншыя вайскоўцы заявілі бацькам Жалезьнічэнкі, што пастанова судзьдзі датычна прызыўной камісіі, а не вайсковай часткі. Калі будзе рашэньне суду наконт прызнаньня незаконным прызыву Зьмітра на службу, тады камандаваньне яго й адпусьціць.
Пасьля прыняцьця прысягі маладых салдат адпусьцілі ва “ўвальненьне”. Зьміцеру не дазволілі пакідаць тэрыторыю часткі. Папярэдзілі, што заступіць вечарам у нарад.
Гаворыць бацька Зьмітра Валер Жалезьнічэнка:
“Ён зрабіў свой выбар. Я, канешне, не такі, як ён. Я больш схільны да кампрамісу, а ў яго – характар. Калі ён вырашыў, ён ідзе да канца. Дзякуй сябрам, якія падтрымліваюць сына, дапамагаюць, тэлефануюць пастаянна, цікавяцца. Дзякуй усім!”.