На канфэрэнцыі Сусьветнай Фэдэрацыі дэмакратычнай моладзі з Партугаліі адбылося галасаваньне аб правядзеньні ў 2009 годзе Сусьветнага фэстывалю моладзі і студэнтаў. Амаль адзінагалосна дэлегацыі вырашылі, што фэстываль пройдзе ў Беларусі. Чаму Менск прымае прадстаўнікоў левых і леварадыкальных моладзевых арганізацыяў? Ці ня стане гэтая імпрэза чарговым палітычным піярам для Аляксандра Лукашэнкі? На гэтыя пытаньні адказвае Першы сакратар ЦК ЛКСМБ (Ленінскага камуністычнага саюза моладзі Беларусі) Дзьмітры Яненка
Цыганкоў: “Сусьветная фэдэрацыя дэмакратычнай моладзі, была заснаваная ў 1945 годзе, і лічыцца пасьлядоўніцай справы Камуністычнага інтэрнацыяналу моладзі. Як вы ставіцеся да таго, што Сусьветны фэстываль пройдзе ў Менску пад патранажам БРСМ, а не, напрыклад, камсамолу, які вы прадстаўляеце?”
Яненка: “На сёньня БРСМ зьяўляецца афіцыйным пераемнікам ЛКСМБ савецкіх часоў і так атрымоўваецца, што толькі ён можа ўзначаліць розныя аргкамітэты і праводзіць працу па падрыхтоўцы фэстывалю”
Цыганкоў: “Фэдэрацыя дэмакратычнай моладзі праводзіць свой фэстываль у краіне, якую нельга назваць дэмакратычнай. Ці азначае гэтага, што гэта наўмысны выбар і ўсе фэстывалі апошнія гады праводзяцца ў такіх краінах, як Беларусь?”
Яненка: “З сярэдзіны 90-х гадоў ЛКСМБ зьяўляецца паўнапраўным сябрам гэтай арганізацыі. Але пасьля 94-га году і асабліва пасьля 96-га, калі Лукашэнка правёў свой рэфэрэндум, нашы адносіны зь імі пагоршыліся...”
Цыганкоў: ”...Чаму? Таму, што яны падтрымалі Лукашэнку, а вы выступаеце супраць ягонай палітыкі?”
Яненка: “Так. Бо ў той Фэдэрацыі шмат розных арганізацыяў – ад леварадыкалаў да рэвалюцыянэраў. На іх погляд, сёньня Лукашэнка – гэта галоўны камуніст на постсавецкай прасторы, галоўны змагар супраць імпэрыялізму”.
На іх погляд, Лукашэнка – гэта галоўны камуніст на постсавецкай прасторы, галоўны змагар супраць імпэрыялізму.
Цыганкоў: “Навошта беларускай уладзе патрэбны гэты фэстываль? Як ён можа быць выкарыстаны дзяржаўнымі органамі? Хто возьме на сябе асноўны фінансавы цяжар?”
Яненка: “Галоўная мэта правядзеньня фэстывалю менавіта ў Беларусі – палітычны піяр Аляксандра Лукашэнкі. Натуральна, што ўсе фінансавыя сродкі будуць выдаткоўвацца з бюджэту. У нас толькі ў Менску звыш 40 працэнтаў студэнтаў ня маюць месца ў інтэрнатах – можа сюды варта накіроўваць гэтыя сродкі?
Калі б у гэтай імпрэзе ўзяў удзел увесь спэктар беларускай моладзі – можа, гэта было б і добра. Але калі ўдзельнікамі будуць толькі арганізацыі, якія падтрымліваюць уладу, якія будуць з кожнай сцэны казаць – “паглядзіце, як у нас усё добра” – то, на мой погляд, грошы будуць выкінуты ў нікуды”.