Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі: “Ідэолягі, спыніце гвалт над моладзьдзю!”


Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні й прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Мы ўводзім прыз — падзяку за ваш найлепшы званок, паведамленьне, падказку. Пераможцы будуць абвяшчацца кожную нядзелю ў тыднёвым аглядзе “Званкоў на Свабоду”. Вас чакаюць кнігі Бібліятэкі Свабоды з подпісамі аўтараў. Тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.


“Вельмі балюча за Жалезьнічэнку. Трымайся, дарагі. Ты – лепшы. Жыве Беларусь”! — піша ў СМС-лісьце Людміла зь Менску. Нагадаю, што Зьмітра Жалезьнічэнку выключылі з унівэрсытэту і тэрмінова прызвалі ў войска. На знак пратэсту ён трымаў галадоўку. У войска прызываюць таксама Юрася Алейніка, які за апазыцыйную дзейнасьць быў выключаны з Акадэміі кіраваньня ў Менску і зараз вучыцца ў Маскве. Вось як слухачы камэнтуюць гэта ў сваіх тэлефанаваньнях.

Віктар Буто: “Відаць, улады Расеі і Беларусі ператварылі Беларусь у штрафны батальён для асобных грамадзянаў з розных катэгорый. А таксама для многіх мільёнаў. У людзей адбіраюцца любыя канстытуцыйныя правы і свабоды. Гэта ажыцьцяўляецца празь бязглуздыя загады, інструкцыі, законы, дэкрэты і іншае, што прыдумляецца чыноўнікамі, іх прадстаўнікамі і іншымі нелюдзямі. Дзякуй”.

Спадар: “Вось цяпер забіраюць у армію Жалезьнічэнку і другога. Я думаю, няхай яны ідуць у армію, але не прымаюць прысягу. Гэта добраахвотная справа. Прыняцьце прысягі — гэта згода аддаць жыцьцё за гэты рэжым і радзіму. Ніхто ня мае права яго прымусіць”.

Ларыса, Менск: “Я не зразумела, чаму выключылі выдатніка фізыка-матэматычнага факультэту Жалезьнічэнку. Няўжо нашаму грамадзтву не патрэбныя добрыя спэцыялісты?! Нехта, каму не даспадобы яго погляды на нашу рэчаіснасьць, хоча перавыхаваць яго ў войску. Але, думаю, такі чалавек ня зьменіць сваіх поглядаў. Трэба даць магчымасьць Жалезьнічэнку скончыць вучобу”.

Спадар: “Усе шкадуюць маладафронтаўцаў, Жалезьнічэнку, шкадуюць гэтых дзетак. Ведаеце, мне ўжо шкада дзетак міністраў, судзьдзяў, розных чыноўнікаў. Ёсьць у Бібліі такі выраз: “Бацькі елі вінаград, ласаваліся, а ў дзяцей на зубах аскома”. Шкада. Хто можа задумацца, задумайцеся. Вы думаеце, Бога няма? Пабойцеся Бога”.

Старшыня Цэнтравыбаркаму Лідзія Ярмошына назвала папярэднюю дату выбараў у палату прадстаўнікоў — 28 верасьня. Выказваньне на гэтую тэму:

Спадарыня: “Паважаныя дэпутаты парлямэнту! Прыміце віншаваньне з нагоды чарговых выбараў у Палату 28 верасьня. Ці ўсё, што вы абяцалі, выканалі? Вам ня сорамна будзе ў верасьні даваць нам зноў абяцанкі-цацанкі, калі завязаць вочы закарэлай анучай? Вы ня бачылі, што эканоміка падае, цэны растуць, 2—3 разы падвысілі заробкі, 1 раз — пэнсіі, усіх — на кантракт, каго трэба і каго ня трэба? Пазбавілі льготаў нямоглых, інвалідаў… І вам ня сорамна?! А вы ведаеце, колькі людзей, што працавалі ў прадпрымальнікаў, засталіся бяз працы і кавалка хлеба?! А настаўнікі, што былі на выбарах і лічылі вам працэнты, таксама аддзячаны?! — Зьменшаны адпачынкі. Усё адбываецца па ўказах, а не па законах, выдадзеных парлямэнтам. Ці не баіцеся, што вас разгоняць, як 12-ы Парлямэнт? На Канстытуцыю ўсе забыліся. Пакарае Бог і праклянуць людзі”.

Аргкамітэт у справе сьвяткаваньня 90 х угодкаў БНР атрымаў адмову Палаты прадстаўнікоў на прапанову абвясьціць 2008 год Годам беларускай дзяржаўнасьці. Камэнтар слухача:

Спадар: “Што тут казаць? Наш “бацька” адмяніў сьвяткаваньне дзевяностагодзьдзя БНР. А што тут дзіўнага? Для яго гэта раз плюнуць. Раней скасаваў нашы сьцяг і герб. А пад гэтымі гістарычнымі сымбалямі змагаліся і паміралі нашы беларусы-прашчуры. Усё беларускае яму чужое, нават мова”.

Працягваем праграму тэлефанаваньнямі на розныя іншыя тэмы:

Спадарыня: “Дарагая “Свабода,” добры дзень. Я вельмі ўдзячная вам за тое, што перадаяце мае тэлефанаваньні, якія крыху варушаць нашых чыноўнікаў. Я ні да кога так не зьвяртаюся, як да нашага прэзыдэнта! Чаму быў так раскіданы калгас?! Вы зьдзекуецеся з нас, калі кажаце пра калгасы. Наш калгас разграмілі да такой ступені! Апошнюю фэрму разьбіраюць, на іншую тэрыторыю вязуць. А тут хіба ня людзі?! Чаму тут нікому няма працы! Я ўжо больш за два гады прашуся на працу! Я прашуся ўладкавацца ці даяркай, ці жывёлаводам, і то мне адказваюць, што няма месцаў. Адкуль будуць тыя месцы, калі нават будынкі разьбіраюць!”

Спадар, Івацэвічы: “Паважаныя ідэолягі, перастаньце гвалтаваць моладзь. Калі некаму ўдалося пазьбегнуць ідэолягаў у навучальных установах, сытуацыя выпраўляецца ідэолягамі на вытворчасьці. Перад тым, як напісаць маладому спэцыялісту заяву аб прыёме на працу, яму падсоўваюць гатовы блянк заявы на ўступленьне ў БРСМ. І тут выйсьця ў маладога спэцыяліста няма. Так што БРСМ — нішто іншае, як бурбалка, якую надзьмулі ідэалягічныя работнікі”.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG