Айцец Аляксандар Надсан: адмовімся ад нянавісьці да таго, хто нас крыжуе

З нагоды сьвята Ўваскрашэньня Хрыстовага зь велікоднымі разважаньнямі да вернікаў зьвярнуўся Апостальскага візытатар для беларусаў грэка-католікаў замежжа айцец Аляксандар Надсан.

“ВЕЛІКОДНЫЯ ДУМКІ

“Уваскрашэньня дзень! Прасьветлімся, людзі! Сёньня Пасха Гасподняя, пасха! Бо вось ад сьмерці да жыцьця і ад зямлі да неба Хрыстос Бог узьняў нас, якія пяём песьню перамогі”.

Гэтымі словамі пачынаецца Велікодны гімн (канон) сьвятога Яна Дамаскіна.

Пасха – слова габрэйскага паходжаньня. Яно азначае выхад на волю з Эгіпту пад правадырствам Майсея абранага народу пасьля чатырохсотгадовага зьняволеньня. І вось гэтая падзея стала вобразам таго, што зьдзейсьніў Ісус Хрыстос, які сваім устаньнем зь мёртвых вызваліў нас зь няволі сьмерці, прывёўшы да вечнага жыцьця зь Ім.

Насамрэч гэта было абнаўленьне людзкога роду, акт новага тварэньня, як скажа пасьля сьвяты Павал: “Хто ў Хрысьце, той новае стварэньне: старое мінула, вось сталася ўсё новае” (2 Кар 5:17).

Вялікдзень – радаснае сьвята, але нельга забыцца, што яго апярэджвала Вялікая Пятніца, калі Госпад Ісус памёр на крыжы. Сам бязьвінны, Ён даў сябе ў ахвяру як выкуп за нашыя грахі. Сьвяты Пётра прыпамінае нам, што мы “адкупленыя... ня марным срэбрам ці золатам, але найдаражэйшай крывёю Хрыста, як ягняці беззаганнага і без пракуды” (1 Пт 1:18-19).

У гэтых трагічных абставінах ці знойдзем мы ў сабе дастаткова духоўнай сілы, каб, – не адмаўляючы патрэбы знайсьці адказных за гэты ўчынак, за што яны павінны атрымаць згодна з вымогамі справядлівасьці, – адмовіцца ад нянавісьці, а пайсьці сьледам за Хрыстом, які на крыжы маліўся за тых, што яго ўкрыжавалі: “Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць”(Лк 23:34)? Гэта быў бы першы крок да агульнага прымірэньня і духоўнага ацаленьня.
Габрэі, сутыкнуўшыся зь цяжкасьцямі жыцьця ў пустыні, куды іх вывеў Майсей, пачалі наракаць: “Лепш бы нам было памерці ад рукі Госпада ў зямлі Эгіпэцкай, калі мы сядзелі ля катлоў зь мясам, калі мы елі хлеба ўдосталь!” (Вых 16:3). Іншымі словамі, яны сталі перад выбарам між свабодаю з усімі яе цяжкасьцямі і тым, што звычайна называецца “чаркай і скваркай”. У падобны спосаб і мы сёньня стаім перад выбарам: быць ці ня быць нам з Хрыстом, які памёр за нас і ўваскрос. Сьвяты Павал кажа: “Калі мы памерлі з Хрыстом, дык верым, што разам зь Ім жыць будзем” (Рым 6:8), бо “Калі Ён памёр, дык памёр раз для граху, а што жыве, дык жыве для Бога. Так і вы лічыце сябе памерлымі для граху, а жывымі для Бога ў Хрысьце Ісусе” (Рым 6:10-11).

Сёньня беларусы зьбіраюцца адзначаць Вялікдзень пад ценем жахлівых падзеяў, што днямі здарыліся ў Менску. Нашыя думкі і сэрцы з сем’ямі загінулых і з ўсімі пацярпелымі. У гэтых трагічных абставінах ці знойдзем мы ў сабе дастаткова духоўнай сілы, каб, – не адмаўляючы патрэбы знайсьці адказных за гэты ўчынак, за што яны павінны атрымаць згодна з вымогамі справядлівасьці, – адмовіцца ад нянавісьці, а пайсьці сьледам за Хрыстом, які на крыжы маліўся за тых, што яго ўкрыжавалі: “Ойча, прабач ім, бо яны ня ведаюць, што чыняць”(Лк 23:34)? Гэта быў бы першы крок да агульнага прымірэньня і духоўнага ацаленьня.

Хочацца закончыць гэтыя кароткія разважаньні словамі Велікоднай службы:

“Уваскрашэньня дзень! Прасьветлімся ўрачыстасьцю і адзін аднаго абдымем; скажам: “Браты” і тым, што ненавідзяць нас, прабачыўшы ўсё дзеля Ўваскрашэньня; і ўсклікнем вось так: Хрыстос уваскрос зь мёртвых, сьмерцю сьмерць зваяваў, і тым, што ў магілах, жыцьцё дараваў.

а. Аляксандар Надсан

Вялікдзень 2011 г.