Чарнобыль і Фукусіма: параўнаньне прычын і маштабаў

Міжнароднае агенцтва ядзернай энэргіі вызначыла сямібальную шкалу для ацэнкі аварый на ядзерных станцыях. Дагэтуль сямю баламі была ацэненая толькі чарнобыльская аварыя. Праз 25 гадоў такую самую адзнаку атрымала і аварыя ў Фукусіме. Чым яшчэ блізкія і адрозныя гэтыя аварыі?

ДАТА


Абодва трагічныя здарэньні аддзяляюць амаль дакладна 25 гадоў. Рэактар у Чарнобылі выбухнуў 26 красавіка 1986 году, землятрус і хваля цунамі прыйшлі ў Фукусіму 11 сакавіка 2011 году.

МЕСЦА


Чарнобыльская станцыя разьмешчаная на рацэ Прыпяць за 130км ад Кіева і за некалькі кілямэтраў ад мяжы зь Беларусьсю. Мястэчка Чарнобыль, якое дало назву станцыі, ляжыць за 18 км на поўдзень.

Станцыя Фукусіма разьмешчаная на беразе акіяну ў горадзе Акума прэфэктуры Фукусіма, гэта за 200 км ад японскай сталіцы Токіё і столькі ж, як ад Чарнобылю да беларускага Гомелю.

ТЫП РЭАКТАРА


У Чарнобылі працаваў рэактар савецкага тыпу РБМК (ад расейскай абрэвіятуры “Реактор большой мощности канальный»), або канальны водаграфітны рэактар. Запавольнікам нэўтронаў тут служыць графіт, а цепланосьбітам – вада. У Фукусіме ўсе рэактары тыпу BWR (Boiling Water Reactor), дзе запавольнікам і цепланосьбітам служыць тая самая вада.

ПРЫЧЫНА


У Чарнобылі да аварыі прывялі недасканалы праект і некалькі памылак пэрсаналу, які ня быў дастаткова кваліфікаваным. Аварыю ў Фукусіме спрычыніла прыродная катастрофа. Калі землятрус японская АЭС яшчэ выстаяла, то пазьнейшая хваля цунамі стала прысудам лёсу.


СЦЭНАР


У Чарнобылі памылка пры правядзеньні тэсту прывяла да выбухаў, якія адбыліся ў самім рэактары. У выніку вялікая колькасьць ядзернага паліва была раскіданая вакол, адбыўся пажар графіту, вялікая колькасьць радыеактыўных часьціц далей разносілася паветрам. Выцяканьне радыяцыі працягвалася ажно да пабудовы саркафага.

У момант землятрусу ў Японіі ўсе тры дзейныя рэактары Фукусімы былі спыненыя сыстэмай аварыйнай абароны. Аднак пазьнейшая хваля цунамі разбурыла сыстэму энэргазабесьпячэньня і ахалоджваньня. Выбухі і пажары, якія адбыліся ў выніку хімічнай рэакцыі, пашкодзілі жалезабэтонную абалонку рэактараў, але ня самі рэактары.

НЕПАСРЭДНЫЯ АХВЯРЫ


Пасьля Чарнобылю дыягназ вострай прамянёвай хваробы быў пастаўлены 134 супрацоўнікам станцыі і пажарным. Дзясяткі памерлі ў першыя месяцы пасьля аварыі. Паводле Чарнобыльскага форуму, які дзейнічае пад патранажам ААН, ахвярамі анкалягічных захворваньняў, выкліканых аварыяй, сталі ад 4 да 9 тысяч чалавек.

У Фукусіме ў выніку раненьняў загінулі два супрацоўнікі, некалькі чалавек былі шпіталізаваныя ў выніку высокага ўзроўню апраменьваньня.


УЗРОВЕНЬ АПРАМЕНЬВАНЬНЯ


Пасьля чарнобыльскай аварыі ў эвакуаваных украінцаў быў зафіксаваны сярэдні ўзровень 17 мЗв (мілізывэртаў), у беларусаў 31 мЗв. Некаторыя ліквідатары былі падвержаныя апраменьваньню да 500 мЗв. Японскі ядзерны кантроль паведаміў, што 20 супрацоўнікаў станцыі атрымала дозы апраменьваньня ад 100 да 180 мЗв.

КОЛЬКАСЬЦЬ ЭВАКУАВАНЫХ


Мястэчка Прыпяць, дзе жыло 50 тысяч насельніцтва, было цалкам эвакуавана праз 36 гадзін пасьля аварыі. Пазьней з 30-кілямэтровай зоны вакол станцыі былі выселеныя прыблізна 70 тысяч чалавек. Паводле МАГАТЭ, цалкам з-за аварыі месца жыхарства зьмянілі каля 350 тысяч чалавек, зь іх 135 тысяч у Беларусі.

З 20-кілямэтровай зоны вакол Фукусімы было эвакуавана амаль 80 тысяч. Рыхтуецца да эвакуацыі і зона ад 20 да 30 км, паколькі, паводле японскіх уладаў, гадавы ўзровень радыяцыйнага апраменьваньня пры пражываньні тут складзе 20 мЗв і больш.

ЗАБРУДЖАНЬНЕ ТЭРЫТОРЫІ


Некаторыя эўрапейскія спэцыялісты (Дана Драбава, Чэхія) лічаць, што ўзровень выцяканьня радыяцыі ў Фукусіме ў дзесяць разоў меншы, чым у Чарнобылі. Большая частка выцеку радыяцыі ў Фукусіме накіроўвалася ў акіян і над яго паверхню. Падобныя ўзроўні, што сёньня замяраюцца непасрэдна вакол Фукусімы, фіксаваліся за сотні кілямэтраў ад Чарнобылю. Пасьля Чарнобылю былі забруджаныя радыяцыяй больш за 200 000 кв. км эўрапейскай тэрыторыі, у тым ліку 150 000 кв.км у Беларусі, Украіне і Расеі.