"100% сядзельцаў беларускіх турмаў асуджаюць тэракт"

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

СВАБОДА Ў ТУРМАХ — гэта новая перадача нашага радыё для тых, хто апынуўся ў няволі. Цяпер у 48 пэнітэнцыярных установах краіны ўтрымліваюцца каля 47 тысяч чалавек. Гэта на 2 тысячы болей за колькасьць беларусаў, якія сядзелі ў сталінскіх лягерах і турмах у 1937—1938 гадах.

Зваротная сувязь


Нам можна напісаць: Менск-5, паштовая скрынка 111, або патэлефанаваць на аўтаадказьнік: +375 17 2 663952.

А пачнем перадачу з тэмы, якую пасьля трагедыі 11 красавіка найчасьцей абмяркоўваюць нашы чытачы і слухачы. Гэта тэракт у менскім мэтро.

І калі да гэтага дня пытаньне пра далейшы лёс у краіне сьмяротнага пакараньня шырока дыскутавалася як на ўзроўні заканадаўцаў, так і на ўзроўні грамадзтва, то сёньня ўсё болей беларусаў схіляюцца да таго, што вышэйшую меру варта захаваць. З экранаў беларускага тэлебачаньня гучаць патрабаваньні грамадзянаў пакараць тэрарыстаў сьмерцю публічна.

"Такое рашэньне не прымаецца эмацыйна".

Так лічыць былы кіраўнік СІЗА № 1 у Менску Алег Алкаеў, які паводле роду сваёй дзейнасьці сам меў дачыненьне да выкананьня сьмяротнага пакараньня.

Алкаеў: "Акты тэрарызму маюць месца і тут, у Нямеччыне, дзе я цяпер пражываю, аднак размовы пра тое, каб уводзіць сьмяротнае пакараньне, няма. Дарэчы, усе выпадкі адмены заканадаўцамі іншых краін сьмяротнага пакараньня — яны зьдзяйсьняліся насуперак пажаданьням народных масаў. Народ жыве эмоцыямі. А закон — гэта на доўгі пэрыяд. Ён павінен дзейнічаць працяглы час. Калі яго прымаць у эмацыйным стане, цяперашнім, напрыклад, то гэта вельмі небясьпечная рэч.

Так, я згодны, існуюць пэўныя пазыцыі, аднак давайце гаварыць пра гэта пасьля суду. Сёньня яшчэ шмат чаго няясна. І найперш — як гэта людзі, прадстаўнікі спэцслужбаў, такія вялікія спэцы па вэрбоўцы Міхалевіча, раптам на працягу сямі гадоў апынуліся такімі бездапаможнымі перад звычайнымі хлопцамі — токарамі ды сьлесарамі. Гэта віна тых, хто, адказваючы за бясьпеку дзяржавы, цягам сямі гадоў дарэмна атрымліваў вялікія заробкі".

"100% сядзельцаў беларускіх турмаў асуджаюць тэракт"


Так пішуць у сваіх лістах беларускія зьняволеныя.

Пётр, вязень адной з калёніяў: "Пра выбух у мэтро мы даведаліся з тэлевізара. Магчымасьць глядзець беларускае тэлебачаньне ў нас ёсьць. Калі да нас зайшоў атрадны, ён сказаў: "Калі б трапіў мне ў рукі гэты тэрарыст, разарваў бы ўласнымі рукамі на кавалкі". Адзін з хлопцаў адказаў атраднаму:

"Такія, як ты, героі на Плошчы — супраць бяззбройных жанчын ды падлеткаў. А менавіта такіх было шмат падчас выбуху 11 красавіка ў менскім мэтро".

Атрадны пакрыўдзіўся і сышоў.

35-гадовы асуджаны Андрэй дазваніўся да нас у рэдакцыю ў праграму "Свабода ў турмах" і выказаў свае спачуваньні ўсім, хто перажыў гэтую трагедыю.

Андрэй паведаміў, што адбывае пакараньне ўжо другі раз. За махлярства. Першы раз прычынай зьняволеньня стала бойка. Мы папрасілі Андрэя як чалавека, дасьведчанага ў крымінальных справах, выказаць сваё меркаваньне наконт падзеяў 11 красавіка.

"Свабода ў турмах": Раней даводзілася чуць, што калі ў Менску ў 2008 годзе здарыўся першы тэракт, тады яго арганізатараў і датычных да арганізацыі шукалі нават у зоне. А менавіта — дапытвалі тых, хто знаходзіўся ў месцах пазбаўленьня волі, асабліва сярод зэкаў, якія праходзілі па справах, зьвязаных са зброяй… Што гэта было, кагосьці знайшлі?

Андрэй: Я ўвогуле не разумею, што гэта было. Можа, сьледчыя так дзейнічалі зь пярэпалаху, ім загадалі кожнага ў турме дапытаць. Даходзіла да таго, што чалавек ужо гадоў 6 як сядзіць, але ён праходзіць па справе са зброяй. Яму паказваюць гэты фатаробат і пачынаюць высьвятляць падрабязнасьці наконт зброі…

"Свабода ў турмах": Вы лічыце, што людзі са знаёмага вам крымінальнага сьвету да гэтага ня могуць мець дачыненьня?

Андрэй: Ніколі ў жыцьці. Тут 100% сядзельцаў асуджаюць. Падобныя акцыі толькі нелюдзі могуць рабіць. І калі б такі раптам тут апынуўся, то наўрад ці яму б тут жылося неяк утульна. Парвалі б яго тут. Гэтая акцыя накіраваная супраць звычайных цывільных грамадзянаў. Паглядзіце гісторыю. Напрыклад, Расею зь яе тэрактамі. Ніколі крымінальны сьвет ня меў да гэтага дачыненьня. Усе злачынцы, якія жывуць за кошт злачынстваў — розныя крадзяжы, яшчэ штосьці, — у іх ёсьць такія прынцыпы і паняцьці, каб простыя звычайныя людзі не рабіліся ахвярамі.

"Свабода ў турмах": Вы дапускаеце, што падобныя тэракты могуць прывесьці да абвастрэньня становішча з крыміналам у краіне?

Андрэй: Выбух злачыннасьці ідзе, калі эканамічная сытуацыя пагаршаецца. Як было ў 1990-х, як цяпер, у сувязі з падаражэньнямі, зь недахопам валюты. Але ж пасьля такіх выпадкаў, калі хтосьці адчувае, што ў праваахоўнікаў ёсьць да яго пэўныя пытаньні, то ён зьнікае з далягляду.

"Рацыянальнага тлумачэньня высокай колькасьці асуджаных у Беларусі — няма"


Як кажа афіцыйная беларуская статыстыка, наўпрост ці ўскосна з турмой зьвязаны кожны сёмы жыхар краіны — пакараньне адбываў або сам чалавек, або яго сваякі. Паводле дадзеных экспэртаў НІСЭПД, большая частка насельніцтва тлумачыць сытуацыю дрэнным выхаваньнем у сям’і і школе, а таксама імкненьнем да лёгкай нажывы. У нашай праграме сваё меркаваньне наконт гэтага выказаў юрыст, палітвязень, экс-кандыдат на прэзыдэнта Алесь Міхалевіч.

Міхалевіч: Калі шчыра, то ў мяне няма рацыянальных тлумачэньняў гэтай сытуацыі. Я чуў у амэрыканцы, што сярэдні тэрмін зьняволеньня, які атрымлівае чалавек па выніках суду – амаль сем гадоў. У той час як нават у Савецкім Саюзе сярэдні тэрмін быў 3 гады. Гэта сьведчыць пра перагібы ў гэтай сыстэме. Дадамо таксама, што ў беларускай судовай сыстэме практычна няма апраўдальных прысудаў. Калі чалавек адседзеў у СІЗА, то гэта ўжо гарантавана, што будзе прызнана, што ён вінаваты.

І гэтую сыстэму трэба вельмі сур’ёзна мяняць. Шмат артыкулаў, якія проста не патлумачаць нармальнаму чалавеку, у чым жа склад яго злачынства. З чаго я раблю выснову, што ў Беларусі так ці інакш высокі працэнт асуджаных, скажам так, памылкова ці безь віны.

Беларускія турмы. Гісторыя і сучаснасьць


У гэтай частцы праграмы мы расказваем ня толькі пра цяперашні стан беларускай пэнітэнцыярнай сыстэмы, але і пра геаграфію, гісторыю беларускіх турмаў, а таксама пра іх сядзельцаў.

"Турма, якая памятае мноства беларускіх нацыянальных дзеячоў"

Тацяна Поклад:

Сёньня мы распавядзем пра віленскія Лукішкі, што ў суседняй Літве. На пачатку ж мінулага стагодзьдзя ў камэрах гэтай турмы гучала беларуская мова.

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

Некалі на гэтым месцы стаяў стары губэрнскі астрог, а расейскі цар Мікалай ІІ загадаў пабудаваць тут вязьніцу. Турэмная ўстанова, пабудаваная ў 1901—1904 гадох (царкву і каталіцкую капліцу дабудавалі ў 1905 г.), была адной з самых мадэрнізаваных у расейскай імпэрыі і называлася "Турэмны замак".

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt
У комплексе — вязьніца, сьледчы ізалятар, царква Сьв. Мікалая Цудатворца зь пяцьцю купаламі і фрэскай на фасадзе, каталіцкая каплічка, адміністратыўныя памяшканьні з кватэрай для кіраўніка турмы, пякарняй, лазьняй, кухняй, пральняй, іншымі гаспадарчымі пабудовамі, абкружанымі цагляным мурам.

Будынак турмы не зьмяняў свайго выгляду і выкарыстоўваўся па прызначэньні ўсімі ўладамі. Турэмны комплекс ахоўваецца дзяржавай як гістарычны помнік пачатку 20 стагодзьдзя.

I цяпер, нават калі паглядзець на здымкі, зробленыя ўнутры турмы ў нашы дні, на пакоі з кампутарамі і кветкамі, кухню, царкву і краму-супэрмаркет для вязьняў, можна ўявіць сабе ўмовы, у якіх утрымліваліся на пачатку мінулага стагодзьдзя вязьні гэтай адной з найвялікшых у Расейскай імпэрыі "палітычных" турмаў.

Старая пабудова, якая прызнаная гістарычным помнікам, не адпавядае сучасным стандартам Эўразьвязу, і цяперашняя прэзыдэнт Літвы Даля Грыбаўскайце, якая на пачатку свайго прэзыдэнцтва наведала Лукішкі, назвала яе "адкрытай ранай" у цэнтры сталіцы Літвы. Лукіскую турму неўзабаве закрыюць — як плянуецца, да 2014 году.

Даля Грыбаўскайце, праўда, заявіла, што турму, у якой адчуваецца і цяпер "царскі дух", трэба "закрыць як мага хутчэй". Міністар юстыцыі Літвы кажа, што калі турма закрыецца, будынкі плянуецца прадаць. Лукішкі ацэненыя ў 120 мільёнаў літаў.

Турма Лукішкі. Фота www.delfi.lt

Магчыма, тады тут зьявіцца музэй, які ў значнай частцы сваёй экспазыцыі будзе музэем гісторыі беларускай літаратуры, і ахвотныя пабачаць камэры, дзе ў мінулым стагодзьдзі Міхась Машара пісаў вершы, якія Зоська Верас вынесла з Лукішак патаемна і выдала за свой кошт асобнай кніжкай, дзе Антон Луцкевіч перакладаў на беларускую "Кнігу джунгляў" Рэд'ярда Кіплінга, а Браніслаў Тарашкевіч — "Іліяду" Гамэра. Максім Танк у Лукішках ня толькі пісаў вершы, але і выдаваў рукапісны часопіс "Краты". Вось прыклад тагачаснай турэмнай лірыкі зь вершаў Максіма Танка:

Паслухайце, вясна ідзе.
Зьвініць ў маім акне жалеза.
Зь вінтоўкай стражнік ноч і дзень
Пільнуе куст пахучы бэзу.

А ён расьцьвіў, агнём гарыць,
Такім пахучым, мяккім, сінім,
На дрот калючы, на муры,
Як хустку, полымя ускінуў.

Я ціха разбудзіў другіх.
Ад сьлёз сінелі вочы бэзам.
І недзе хруснула ў худых
Руках іржавае жалеза.


А вось прыклад турэмнай лірыкі Хведара Ільляшэвіча:

Вуліцы! Вуліцы! Вуліцы!
Тыя, што давалі мне рытм...
Я хачу сягоньня расчуліцца,
Бо ўспомніў вас, быццам міт.

Доўга вас ня бачыў, замкнёны,
Доўга марыў, марыў я,
Сьнілісь мне шумы і звоны,
Паводка электрычнага сьвятла...

Сягоньня быў шчасьцем абліты я...
Шчасьце — лебядзіны пух...
Бачыў вулкі, калі з паліцыяй
Шоў па бруку, скаваны ў ланцуг.


У Лукішках сядзелі многія іншыя вядомыя беларускія літаратары — Валянцін Таўлай, Алесь Салагуб. Некаторыя пачыналі пісаць вершы менавіта ў гэтай турме. Скажам, Алесь Салагуб толькі тут і быў паэтам, бо пасьля вызваленьня таемна перайшоў церазь мяжу ў БССР, дзе яго схапілі і расстралялі. А ягоны зборнік вершаў "Лукішкі" (1929) пасьпеў выйсьці ў сьвет.

Лукішкі — гістарычнае для беларускай літаратуры месца, пра што сьведчыць і анталёгія віленскай беларускай паэзіі Сяргея Дубаўца, частка якой складаецца з лукіскай турэмнай лірыкі.

Турма і здароўе


Артыкул 167 Крымінальна-папраўчага кодэксу Рэспублікі Беларусь прадугледжвае ўмоўна-датэрміновае вызваленьне ад адбыцьця пакараньня з прычыны цяжкай псыхічнай, саматычнай або інфэкцыйнай хваробы. На мове пэнітэнцыярнай сыстэмы гэта называецца актыроўкай. На тэрыторыі былога СССР актыроўцы падлягаюць арыштанты з дыягназамі шызафрэнія, неапэрабэльны рак, сухоты, з шэрагам інфэкцыяў, выкліканых залацістым стафілякокам, ды зь іншымі небясьпечнымі для жыцьця захворваньнямі. Канчаткова пытаньне аб вызваленьні арыштанта ў сувязі са станам здароўя вырашаюць адміністрацыя ды мэдычная частка калёніі.

Актыроўка

На практыцы найчасьцей з турмы, так бы мовіць, "зьяжджаюць з-за траўмы". Гэта калі вязень атрымлівае цяжкую форму інваліднасьці ў выніку рызыкоўнай формы суіцыду. Палітвязень Валер Леванеўскі ўзгадвае пра адзін з выпадкаў, сьведкам якога ён стаў у Магілёўскай калёніі:

“Пры мне было такое, калі чалавек уторкнуў сабе штыр каля сэрца. У мяккую мышцу. Зразумела, яго забрала хуткая. Дарэчы, хуткая ў турму ці СІЗА — гэта выключны выпадак. Звычайна абыходзяцца сваімі сродкамі. А тут чалавек быў пры сьмерці. Пасьля лячэньня яго вызвалілі ўмоўна-датэрмінова па інваліднасьці. Гэта быў сталы чалавек, у яго быў невялікі тэрмін пакараньня, аднак ён не вытрымліваў. Яму параілі іншыя асуджаныя, сярод якіх былі і мэдыкі, куды можна загнаць пэўны востры прадмет. Гэта кропка, якая знаходзіцца за мілімэтар ад жыцьцёва важных органаў. Гэта вялікая рызыка, але на яе ідуць, бо не вытрымліваюць санкцыянаваных адміністрацыяй катаваньняў".

Што да цяжкіх псыхічна-саматычных захворваньняў, то зь імі арыштантам, паводле Леванеўскага ды іншых вязьняў, "ня сьвеціць" ня толькі УДВ, але і належная мэдычная дапамога.

Пра гісторыю 30-гадовага менчука Барыса, у мінулым спартоўца, які адбываў 3-гадовае пакараньне ў калёніі і вярнуўся нядаўна дадому глыбока хворым чалавекам, "Свабодзе" распавялі яго сваякі. Пасьля адбыцьця пакараньня скура мужчыны была ў шматлікіх фурункулах і карбункулах, пазбавіцца ад якіх не дапамагалі аніякія мазі. Як высьветлілася падчас абсьледаваньня, справа была ня толькі ў скуры. Малады чалавек меў абсцэс лёгкіх, сур’ёзныя праблемы са страўнікава-кішачным трактам, ныркамі. Родным Барыса ўдалося знайсьці дасьведчаную лекарку, якая параіла зрабіць хвораму імунаграму. Пасеў паказаў, што ў ягоным арганізьме поўна залацістага стафілякоку.

Гэты мікроб найлягчэй распаўсюджваецца ў месцах зграмаджэньня людзей з аслабленым імунітэтам, у тым ліку ў турмах. Трапіўшы ў арганізм, анаэробная інфэкцыя хутка множыцца, ствараючы цэлыя калёніі залаціста-жоўтага колеру. Залацісты стафілякок можа выклікаць цэлы шэраг хваробаў, ад фурункулаў, карбункулаў, абсцэсаў скуры да пнэўманіі, мэнінгіту, астэаміэліту, эндакардыту, таксычнага шоку, сэпсісу.

Барыс сьведчыць, што на ангіны ён хварэў пераважна ў ШЫЗА, дзе было шмат брудных бамжоў, а спаць даводзілася на падлозе. Калі адміністрацыя за нейкія парушэньні рэжыму кідае чалавека ў штрафны ізалятар, яна не глядзіць, што ў яго тэмпэратура больш за 38.

Барыс: "Я тады сапраўды моцна захварэў. Тэмпэратура была пад 39 градусаў. Мяне ўжо павялі ў ШЫЗА, і я сказаў ім: "Вы мусіце адвесьці мяне на агляд". На што яны: "Ай, не дуры галавы!". І, зразумела, не павялі. Лекара, вядома, таксама ня выклікалі. Там толькі сукамэрнікі могуць доктара выклікаць. Камэра пачынае грукаць, крычаць, што чалавеку кепска. А мэдык ідзе 10—20—30 хвілін, хоць ён усяго за нейкіх 25 мэтраў, за паўхвіліны.

Яны рэагуюць, толькі калі некаторыя рэжуць вены і кроў пачынае цячы па калідоры…"

Сам Барыс мяркуе, што калі б ягонае зьняволеньне працягнулася яшчэ некалькі месяцаў, яго б, магчыма, перавялі ў бальнічку, дзе праз пару дзён ён, як іншыя цяжкія хворыя, ціха сканаў бы. Што да актыроўкі, то наўрад ці да яе дайшло б увогуле.

Іншы зьняволены, Сяргей, у сваім лісьце на "Свабоду" піша:

"На практыцы актыроўка ўжываецца вельмі рэдка, пры наяўнасьці вельмі цяжкай хваробы ў запушчанай форме, калі чалавеку застаецца жыць практычна некалькі дзён. Часьцей жа сустракаюцца выпадкі, калі яе купляюць за грошы. Што да тых катэгорыяў хворых — псыхаў, анкалягічных ды сухотных — якія тэарэтычна маюць шанец на вызваленьне па стане здароўя, то псыхаў зьмяшчаюць у спэцпсыхушку, безь ніякіх шанцаў выйсьці адтуль. Сухотнікаў вязуць у Воршу. Людзей з апошнімі стадыямі раку раней вазілі ў саматычную бальнічку, пакуль яна працавала. Асноўнымі абязбольвальнымі там былі анальгін ды асьпірын. Некаторыя паміралі там, некаторых, вельмі рэдка, адпускалі паміраць на волю".