Каго судяць за Плошчу: абвінавачаныя і асуджаныя ў крымінальнай справе аб масавых беспарадках 19.12.10 вачыма сяброў, калегаў, сваякоў.
Я вырашыў напісаць пра Андрэя Пратасеню не таму, што хварэю на актыўную грамадзянскую пазыцыю альбо цікаўлюся палітыкай. Зусім не, я быў абсалютна апалітычны да нядаўняга часу. Але, нягледзячы на гэта, а таксама на тое, што я зараз жыву далёка ад Беларусі, на іншым кантынэнце, падзеі 19 сьнежня да глыбіні душы мяне ўзрушылі, таму што закранулі неабыякавых для мяне людзей.
Многія мае сябры былі на плошчы (дый я таксама мог бы апынуцца там, калі б знаходзіўся ў Беларусі). Аднаго майго прыяцеля моцна зьбілі, але ён ня мог зьвярнуцца па мэдычную дапамогу, таму што супрацоўнікі КДБ палявалі па шпіталях і выцягвалі людзей нават з бальнічных палат...
Яшчэ адзін мой сябар, якому быццам бы пашанцавала вярнуцца з плошчы, быў у хуткім часе арыштаваны і зараз знаходзіцца ў СІЗА КДБ. Гэта праграміст Андрэй Пратасеня.
Андрэю ўласьцівае абвостранае пачуцьцё справядлівасьці
Мы абодва хацелі напоўніць сваё жыцьцё сапраўднымі падзеямі замест праседжваньня перад экранамі кампутараў у офісах. Андрэй заўсёды быў на крок наперадзе ад мяне, і я гэтаму зайздрошчу. Ён бяз жалю і ваганьняў пакінуў IT-кар'еру і паспытаў прафэсію каскадэра. Праўда, празь некаторы час расчараваўся ў ёй і вярнуўся да праграмаваньня. У Андрэя заўсёды было мноства сяброў па ўсім сьвеце, зь якімі ён падтрымліваў кантакты ў сеціве. Куды б мы ні прыяжджалі, мы лёгка знаходзілі прытулак, дзе пераначаваць, у ягоных сяброў.
Памятаю, як вандравалі мы па Эўропе на аўтамабілі. За месяц аб'езьдзілі 20 краінаў, праехалі каля 15 тысяч кілямэтраў. Уражаньняў — бездань!
Андрэй заўсёды быў у добрай спартовай форме, зь дзяцінства займаўся многімі відамі спорту. Пачынаў з акадэмічнага веславаньня і ўсходніх адзінаборстваў. Потым было захапленьне плаваньнем і брэйк-дансам, роварам і сноўбордам. Ён захапляўся экстрэмальнымі відамі спорту: роўпджампінгам, скалалазаньнем, мотаспортам.
Амаль тры месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА. Але я веру ў гэтага моцнага і сумленнага чалавека. У яго ўсё атрымаецца!
Летась Андрэй канчаткова зразумеў, што плястыкавая кар'ера праграміста альбо мэнэджэра ў IT-сфэры яго ня вабіць. Ён сышоў з кампаніі і прысьвяціў вольны час іншай дзейнасьці. У прыватнасьці, ён заняўся безапэрацыйным аднаўленьнем зроку. За час вучобы вастрыня зроку ў яго істотна зьнізілася, а апошнія некалькі месяцаў ён ужо не карыстаўся акулярамі і лінзамі.
Але пакуль ягоным марам не давялося збыцца. Амаль тры месяцы ён знаходзіцца ў СІЗА. Але я веру ў гэтага моцнага і сумленнага чалавека. У яго ўсё атрымаецца!
Сябра Андрэя Пратасені Яўген
Андрэй Пратасеня нарадзіўся 12 сьнежня 1981 году. Пасьля школы скончыў факультэт прыкладной матэматыкі Белдзяржунівэрсытэту. Працаваў праграмістам. Займаўся дабрачыннасьцю — дапамагаў хворым людзям зьбіраць сродкі на апэрацыі.
У палітычных партыях і рухах ня быў да лістапада 2010 г., але за месяц да падзеяў на плошчы Незалежнасьці ўступіў у шэрагі АГП. Быў валянтэрам у агітацыйнай кампаніі Яраслава Раманчука. 19 сьнежня быў на Плошчы, але пад яе разгон не патрапіў і сышоў дахаты. Затрыманы 9 лютага 2011 г. пры ня высьветленых да канца абставінах. Пад вечар таго самага дня ў доме яго бацькоў прайшоў ператрус, пасьля якога Андрэя арыштавалі. Яму выстаўлена абвінавачаньне паводле ч.2 арт. 293 КК — "актыўны ўдзел у масавых беспарадках". Пра тое, што гэты чалавек знаходзіцца пад вартай у СІЗА КДБ і праходзіць па справе аб масавых беспарадках, стала вядома ад сваякоў толькі 16 сакавіка.