"Калі яны кажуць, што ўсё будзе добра – чакай бяды"

Аляксандар Лукашэнка заявіў, што самы цяжкі этап эканамічнага крызісу ў Беларусі ўжо мінуў і хутка становішча стабілізуецца. Карэспандэнты "Свабоды" ў рэгіёнах цікавіліся сытуацыяй на валютным і спажывецкім рынках: ці спраўджваюцца заявы кіраўніка краіны і што пра цяперашнія эканамічныя рэаліі мяркуюць людзі.


ГАРАДЗЕНШЧЫНА


У чаканьні валюты

У Горадні свабодна набыць валюту ў банкаўскіх абменьніках надалей немагчыма. Людзі сядзяць і цэлы дзень чакаюць, пакуль нехта будзе здаваць даляры, эўра альбо расейскія рублі, каб потым іх набыць. У словы прэзыдэнта Лукашэнкі, што "ўсё самае горшае ўжо мінулася", вераць нямногія.

На чыгуначным вакзале ў Горадні побач тры абменьнікі, але ў ніводным зь іх валюту не прадаюць. Чалавек за трыццаць чакаюць, калі нехта прыйдзе і здасьць валюту, каб адразу яе набыць. Курс даляра на таблічцы застаецца ранейшы — 3100.

Людзі моўчкі сядзяць, стаяць, абапершыся на сьцены. Гэтае маўклівае чаканьне тут, на вакзале, нагадвае чаканьне нейкага цягніка, які ходзіць толькі раз на суткі.

Бачу, што твары ў людзей сумныя, і спрабую спадара падбадзёрыць: маўляў, прэзыдэнт Лукашэнка сказаў, што ўсё самае горшае ўжо мінулася.

"Даюць пустыя абяцанкі"

Спадар: "Я думаю, наўрад ці што зьменіцца. Яны папросту зацягваюць час, даюць пустыя абяцанкі і, дарэчы, ужо ня першы раз. І калі яны кажуць, што ўсё будзе добра, — у гэтым ёсьць нейкі падвох, чакай бяды. Я ўжо даўно ня веру беларускім уладам".

Двое маладых людзей распавядаюць, што стаяць тут цэлы дзень, па чарзе адыходзяць, калі нешта спатрэбіцца. Што будзе далей з грашыма, яны наагул не ўяўляюць.

Хлопец:
"Невядома наагул, што тут будзе з валютай…".

Дзяўчына:
"Раз прэзыдэнт сказаў, то будзем спадзявацца…". (Сьмяецца.)

"Цэны на харчы ўжо ня зьнізяцца ніколі"

Няма ў іх веры, што і з ростам цэнаў на харчы нешта зьменіцца.
Сёньня вунь зайшоў у краму — адна цана, а заўтра ўжо іншая ...

Хлопец:
"Цэны на харчы ўжо ня зьнізяцца ніколі…".

Дзяўчына: "Нішто з харчоў за апошні час не патаньнела, усё толькі даражэе".

Да нашае размовы далучаюцца яшчэ спадары, кажуць, што валюту можна цяпер набыць толькі ў валютчыкаў.

Спадар: "У нас на Дзевятоўцы таксама паўсюль чэргі па валюту стаяць. Хутка ізноў паўсюль валютчыкі стануць…".

Валютчыкі стаяць ля банкаматаў

Другі спадар:
"Ужо паўсюль стаяць валютчыкі каля банкаматаў, я сам гэта бачыў, скупляюць і прадаюць…".

Пытаюся ў спадароў — ці вераць яны ў зьмены, якія абяцае правесьці Аляксандар Лукашэнка?

Спадар: "Нічога ня зьменіцца, будзе яшчэ горай. І цэны будуць расьці, яны і так ужо кожную ноч і кожны дзень растуць. Сёньня вунь зайшоў у краму — адна цана, а заўтра ўжо іншая. Ніякіх тут зьменаў ня будзе, будзе толькі горш".

Другі спадар: "Напэўна, нічога з гэтага ня будзе, толькі горш, мы ідзём да горшага…".

БЕРАСЬЦЕЙШЧЫНА


"Колькі ні паўтарай слова "халва"..."

Многія берасьцейцы зь недаверам ставяцца да словаў кіраўніцтва краіны пра тое, што сытуацыя на валютным і спажывецкім рынках стабілізавалася. Валюты ў абменьніках як не было, так і няма. На спажывецкім рынку многія чакаюць падаражэньня.

Людзі марна стаяць у чэргах каля абменьнікаў. Апошнім часам валюту практычна ніхто не здае. У такіх варунках шмат хто вязе ў суседнюю Польшчу дызэльнае паліва, цукар. Зарабіць на продажы гэтых тавараў немагчыма, але інтэрас у тым, каб атрымаць за свае прадукты польскія злотыя або эўра. Жыхарка Берасьця Зінаіда Пятроўна раней часта езьдзіла па тавар ва Ўкраіну. Раней там можна было здаць беларускія рублі. Цягам апошняга месяца сытуацыя зьмянілася:

Няма валюты ніякай


"Раней часта езьдзіла ва Ўкраіну, дзе набывала танныя тавары. Але на тым тыдні была, відаць, апошні раз. Бо раней магла мяняць беларускія рублі на грыўны. Але мне раптам сказалі, што курс стаў там эквівалентны 4000 рублёў за даляр. Таму ўсё, болей не паедзем".

Кіраўнік краіны адзначыў, што самае горшае на валютным і спажывецкім рынку ўжо мінулася. Жыхарка Берасьця Ніна Пятроўна ня верыць гэтым словам:

"Гэта няпраўда. Я толькі што ў банку запыталася, ці ёсьць грыўны. Мне адказалі, што няма ўкраінскіх грошай. Наўздагон пачула, што наагул няма ніякай валюты ў продажы. Што да спажывецкага рынку, то ў крамах цукар той жа ёсьць. Калі не памыляюся, то кошт яго 3260 рублёў. Але я перакананая, што варта чакаць павышэньня коштаў".

Жыхар Берасьця Віктар мяркуе, што ў сытуацыі і з валютай, і з прадуктамі вінаватыя ўлады:

"Шчыра кажучы, мяне не цікавіць зараз валюта. Чаму яе няма ў абменьніках, чаму людзі масава скупляюць прадукты харчаваньня — адказы на гэтыя пытаньні павінны ведаць найперш улады".

Берасьцейскі прадпрымальнік Уладзімер, які меў сваю краму, прыняў рашэньне спыніць прадпрымальніцкую дзейнасьць:

Прадпрымальнік:
"Тут гандаль весьці немагчыма".
Весьці гандлёвую дзейнасьць у нашай краіне робіцца немагчымым ...

"Апошнія некалькі дзён я і так працаваў зь мінусам. А да гэтага значная колькасьць пастаўшчыкоў, якія прадстаўляюць каля 50% ад асартымэнту ў маёй краме, заявілі, што спыняюць дзейнасьць на тэрыторыі Беларусі. Прычыны не агучваюцца, але мяркую, што яны і так ляжаць на паверхні. Весьці гандлёвую дзейнасьць у нашай краіне робіцца немагчымым".

Заява кіраўніка краіны пра тое, што і на валютным, і на спажывецкім рынку сытуацыя стабілізавалася, не адпавядае рэчаіснасьці, кажа прадпрымальнік, на чыёй краме ўжо вісіць шыльда "Зачынена":

"Ёсьць наконт гэтага добрая ўсходняя прымаўка: колькі ні кажы "халва", у роце ад гэтага салодка ня стане. Валюта зьнікла, яе няма на самой справе. Таму калі зараз казаць, што гэта няпраўда, што яе дастаткова, — то гэта проста мэдыцынскі дыягназ".

МАГІЛЁЎШЧЫНА

Адмяняюцца камэрцыйныя рэйсы, пад пагрозай — турыстычныя паездкі

На Магілёўшчыне з прычыны валютнага крызісу нясуць страты турыстычныя агенцтвы, якія аказвалі паслугі прадпрымальнікам у арганізацыі паездак па тавар за мяжу. Пад пагрозай у іх і прыбыткі ад летніх адпачынкаў.

Пра тое, што попыт на шоп-туры за мяжу зьменшыўся, паведамілі самі прадпрымальнікі. Няма з чым ехаць па тавар у замежжа, зазначае прадпрымальнік Ігар:

"Аўтобусы пачалі хадзіць радзей. Замест двух разоў на тыдзень — ледзь адзін раз зьбіраюцца. Колькасьць ахвочых "затарыцца" значна скарацілася. Колькі гэта будзе працягвацца, невядома".

Па тавар мясцовыя гандляры і звычайныя спажпростыя людзі найчасьцей выбіраюцца ў Маскву, а таксама ва Ўкраіну — у Чарнігаў ды Хмяльніцкі. Тое, што попыт на такія паездкі зьменшыўся, у турыстычных агенцтвах пацьвярджаюць.
Застаецца катацца толькі па Беларусі ...

"Зьнізілася? Ня проста зьнізілася, а катастрафічна зьнізілася. У людзей няма грошай. Няма дзе купіць валюту. І яны нікуды ня езьдзяць. Тэлефануюць, адмаўляюцца. Кажуць, што грошай няма. Тое ж самае будзе і ўлетку з паездкамі да мора. Застаецца катацца толькі па Беларусі", — паведаміла супрацоўніца аднаго з магілёўскіх турапэратараў.

Такая ж сытуацыя і ў Бабруйску. У мясцовага прадпрымальніка, які возіць людзей за мяжу, пытаюся: наколькі адчувальныя страты?

Карэспандэнт: "На дваццаць-трыццаць працэнтаў?".

Прадпрымальнік: "Бадай і болей, бо дужа шмат цяпер груп здымаецца. Камэрцыйныя рэйсы ў Маскву й Хмяльніцкі — гэта яшчэ Бог зь ім. Але здымаюцца й экскурсійныя паездкі. У нас пад пагрозай знаходзіцца Крым. Мы ня можам скласьці графікаў. Мала таго, што людзі ня могуць выехаць у Эўропу, то цяпер і ў Крым".

У прадпрымальніка пацікавіўся: як ён ставіцца да заявы Лукашэнкі адносна хуткай стабілізацыі сытуацыі з валютай?

Каштавала грыўна 375 беларускіх рублёў, цяпер — 1000.

"Ён сказаў, што гэтае пытаньне за пару дзён, здаецца, вырашыцца. Але на колькі расьцягнуцца гэтыя пару дзён і па якім курсе будзе валюта? Вось у чым пытаньне. Украінцы вызначылі свой курс. Адна грыўна — тысяча нашых рублёў, супраць 375 рублёў як паводле афіцыйнага курсу. То бок у тры разы даражэй".