Для таго, каб пісьмовая заява сталася пачаткам дыскусіі ў Эўрапарлямэнце, неабходна сабраць ня меней за 393 подпісы дэпутатаў Эўрапарлямэнту.
Сябры сацыял-дэмакратычнай фракцыі Эўрапарлямэнту Юстас Палецкіс зь Літвы, Генавэфа Грабоўска з Польшчы і Ханэс Свобада з Аўстрыі зьбіраюць подпісы за тое, каб паменшыць кошт візаў для беларусаў. Цягам двух пасяджэньняў адмысловую дэклярацыю падпісалі каля 50 парлямэнтароў. Калі свае подпісы паставяць больш паловы сяброў Эўрапарлямэнту, яе накіруюць у Раду Эўропы. Потым гэтае пытаньне мусяць абмеркаваць на ўрадавым узроўні.
“Гэта нядрэнны пачатак, ёсьць яшчэ час да траўня. І мы пастараемся, каб падпісалася як мага больш. З другога боку, канечне, нам вельмі патрэбная дапамога беларускіх няўрадавых арганізацый, калі б нехта арганізаваў, як гэта прынята ў Эўрапарлямэнце, падтрымку гэтай прапановы”, – кажа Юстас Палецкіс.
Ініцыятары кампаніі намагаюцца, каб Эўракамісія пачала перамовы зь беларускім урадам аб зьніжэньні коштаў. Хаця б да 35-ці эўра, як гэта ёсьць для грамадзянаў Расеі, Украіны і Малдовы. Аднак, калі подпісы будуць сабраныя, рашэньне мусяць ухваліць усе, без выключэньня, краіны-сябры Эўразьвязу.
Краіны, якія далей ад Беларусі, лічаць, што трэба чакаць крокаў ад афіцыйнага Менску і тады рабіць нейкія паслабленьні.
“Супраць выступаюць тыя краіны, якія лічаць, што патрэбныя крокі насустрач з боку афіцыйнага Менску, – расказвае Юстас Палецкіс. – Як вядома, Эўразьвяз вылучыў цэлы шэраг патрабаваньняў па забесьпячэньні большай дэмакратыі, свабоды слова ў Беларусі, найперш вызваленьне палітычных зьняволеных. І, канечне, краіны, якія далей ад Беларусі, лічаць, што трэба чакаць крокаў ад афіцыйнага Менску і тады рабіць нейкія паслабленьні. Так што гэта вялікая праблема. І ў вялікай ступені гэта залежыць ад паводзінаў беларускіх афіцыйных уладаў”.
Паводле спадара Палецкіса, высокімі коштамі візаў Эўразьвяз аддзяляецца не ад афіцыйнага Менску, не ад людзей, якія жывуць прыпяваючы, а ад простых беларускіх грамадзянаў.
Доктар з Магілёву Васіль Аўраменка, які на гэтым тыдні ёсьць грамадзкім рэдактарам “Свабоды”, на сабе асабіста праблему высокіх візавых коштаў не адчувае:
“Для мяне гэта ня вельмі актуальная праблема, бо, можа, раз у пяць гадоў там бываю. То з такой нагоды можна і сабраць гэтыя грошы. Для мяне асабіста, можа, не актуальная такая праблема, але, я лічу, што кошты трэба зьніжаць”.
Актывіст Партыі БНФ Аляксей Янукевіч падтрымлівае ініцыятыву эўрапейскіх парлямэнтароў:
“Гэта вельмі добрая ініцыятыва. Такія ініцыятывы ствараюць крытычную масу, якая рана ці позна выльецца ў пэўныя рашэньні. У любым выпадку яны будуць спрашчаць выезд беларусам у краіны Эўразьвязу. Калі гэта проста паніжэньне коштаў на візы для ўсіх грамадзянаў Беларусі, яно можа быць увязанае і працэдурна з выкананьнем урадам пэўных умоваў. Але калі вядзецца размова пра пэўныя катэгорыі грамадзянаў, такіх, напрыклад, як студэнты, то тут няма ніякай увязкі, няма супярэчнасьцяў”.