У справе вызваленьня Андрэя Кіма створана грамадзкая камісія. Яе галоўнай мэтай чальцы аргкамітэту назвалі інфармаваньне міжнароднай супольнасьці пра новыя мэтады ціску на грамадзтва з боку беларускіх уладаў і патрабаваньне неадкладна вызваліць палітвязьняў.
Актывіста незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Андрэя Кіма затрымалі 21 студзеня падчас разгону дэманстрацыі прадпрымальнікаў. Спачатку яго пакаралі арыштам за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі, а потым адвезьлі ў пракуратуру на допыт, дзе прад’явілі абвінавачаньне ў крымінальнай справе паводле 364 артыкулу (пагроза альбо гвалтоўныя дзеяньні ў дачыненьні да міліцыянта). Адтуль хлопца перавялі ў сьледчы ізалятар.
Маці Андрэя Тацяна Кім паведаміла “Свабодзе”:
“Ён веруючы і спакойны. Яго вельмі цяжка вывесьці зь сябе. Калі там нешта адбылося, то гэта значыць, што ўсё было ня проста. Мой сын не злачынца – гэта адназначна. Я лічу, што ён пацярпеў за грамадзянскую пазыцыю. Я калі яго адгаворвала, ён казаў, што трэба людзям дапамагаць. Казаў, што служыць Богу — гэта значыць служыць людзям”.
Падчас прэсавай канфэрэнцыі сябар незарэгістраванай арганізацыі “Ініцыятыва” Аляксей Бондар апавёў:
“Я ня ведаю. Што – спатрэбілася сьвежая кроў, новыя закладнікі для торгу з цывілізаваным сьветам? Галоўнае цяпер — гэта вызваленьне Андрэя і супрацьстаяньне рэпрэсіям у Беларусі. Прадпрымальнікі таксама нашыя сябры. Андрэя схапілі на акцыі ў падтрымку дробных прадпрымальнікаў. Гэта справа кожнага з нас”.
Палітык Павал Севярынец дадаў:
“Распачынаецца крымінальная справа за прадпрымальніцкую акцыю. Арыштоўваюць больш за пяцьдзесят чалавек у выніку акцыі пратэсту. Распачынаецца крымінальная справа супраць Андрэя Кіма. Атрымлівае тры гады Аляксандар Зьдзьвіжкоў. Мы бачым, што рэпрэсіі, праведзеныя ў пару так званага “пацяпленьня”, ужо перавышаюць тыя рэпрэсіі, якія праводзіліся ў часе “замаразкаў”. Гэта новая стратэгія ўлады ў працы з Эўропай: на экспарт даюцца вызваленьні, для ўнутранага ўжываньня працягваецца кампанія тэрору, псыхалягічнага ўціску і запалохваньня”.
Днямі, калі стане вядомы нумар камэры, у якой трымаюць Андрэя Кіма, моладзь пачне дасылаць вязьню лісты падтрымкі.
Маці Андрэя Кіма, Тацяна Кім.
Паседжаньне камісіі па вызваленьні Андрэя Кіма.