Пра гэта паведаміла маці былога студэнта Ала Жалезьнічэнка, якая 3 лютага бачылася з сынам у жлобінскай вайсковай частцы.
“Дактары знайшлі ў яго запаленьне кішак і таму яшчэ некалькі дзён патрымаюць на бальнічным ложку. Сыну патрэбная дыета, але прытрымлівацца яе там немагчыма, бо няма адмысловай кухні. Зьміцер кажа, што камандаваньне часткі ціску на яго ня чыніць”, — паведаміла Ала Жалезьнічэнка для Радыё Свабода.
Нагадаем, у студзені грамадзкага актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага ўнівэрсытэту, як ён мяркуе, з палітычных прычынаў. Юнака адразу прызвалі ў армію і накіравалі ў частку чыгуначных войскаў у Жлобіне. У войску Зьміцер Жалезьнічэнка запатрабаваў, каб зь ім размаўлялі па-беларуску і абвясьціў галадоўку пратэсту, якую трымаў 5 дзён. 29 студзеня ў Міністэрстве абароны заявілі, што супроць Зьмітра Жалезьнічэнкі завядуць крымінальную справу паводле артыкулу аб нанясеньні сабе калецтва з мэтай ухіліцца ад вайсковай службы. 30 студзеня ў Жлобіне салдата паклалі ў мэдычны пункт на лячэньне.