“Яго прывезьлі ў вайсковую частку для далейшай службы. Дактары вырашылі, што ён прыдатны для службы ў войску. Галадоўку Жалезьнічэнка спыніў”, — паведаміў Вячаслаў Раменчык.
Маці былога студэнта Ала Жалезьнічэнка паведаміла, што яе сына прывезьлі ў Жлобін яшчэ ўвечары 29 студзеня. “Ён пазваніў, сказаў, што зь ім усё добра”, — кажа Ала Жалезьнічэнка.
29 студзеня Зьміцер Жалезьнічэнка казаў журналісту “Радыё Свабода”, што яго абяцалі абсьледаваць цягам двух дзён. “Незразумела, куды яны сьпяшаюцца?”, — дзівіўся салдат пасьпешлівасьці дактароў, якія прызначылі яму на дзень некалькі рэнтген-абсьледаваньняў. Гэта быў пяты дзень ягонай галадоўкі пратэсту.
Нагадаем, болей за тыдзень таму актывіста Зьмітра Жалезьнічэнку адлічылі з Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту і адразу прызвалі ў войска, накіраваўшы ў чыгуначныя войскі ў Жлобін.