Урады Польшчы і ЗША дасягнулі прынцыповай згоды ў пытаньні разьмяшчэньня элемэнтаў амэрыканскай сыстэмы супрацьракетнай абароны на тэрыторыі Польшчы.
Пра гэта заявіў міністар замежных спраў Польшчы Радаслаў Сікорскі 1 лютага ў Вашынгтоне на прэсавай канфэрэнцыі па выніках сустрэчы зь дзяржсакратаром ЗША Кандалізай Райс.
Паводле міністра, перамовы наконт усіх дэталяў разьмяшчэньня будуць працягвацца, у тым ліку ў сакавіку, калі ў ЗША прыедзе прэм’ер-міністар Польшчы Дональд Туск. “Спадзяюся, што прэм’ер-міністар здолее прыняць канчатковае станоўчае рашэньне”, сказаў Р.Сікорскі.
Беларускае кіраўніцтва неаднаразова заяўляла аб тым, што разглядае разьмяшчэньне элемэнтаў супрацьракетнай абароны ЗША ва Ўсходняй Эўропе як пагрозу. У прыватнасьці, 19 студзеня ў Маскве міністар абароны Беларусі Леанід Мальцаў заявіў, што яно “сур’ёзна ўскладніць ваенна-палітычную сытуацыю каля нашых межаў”.