20-гадовы жыхар Гомеля ўступіў у барацьбу з сыстэмай міністэрства абароны, гомельскай міліцыяй і адміністрацыяй Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту.
Мэта — давесьці сваё права на вучобу. Зьміцер не прызнае затрыманьня міліцыяй па абвінавачаньні ў бруднай лаянцы, пакараньня васьмю суткамі арышту і адлічэньня з унівэрсытэту на падставе адміністратыўнай судзімасьці. Таксама хлопец пратэстуе супраць гвалтоўнага прызыву ў войска, куды Зьмітра скіравалі пад канвоем, нават не зрабіўшы мэдычнага агляду. А яшчэ Зьміцер адмовіўся падпісваць вайсковы білет, напісаны па-расейску, і запатрабаваў скіраваць яго ў часьць, дзе загады аддаюцца беларускай мовай. Зьміцер Жалезьнічэнка — сябра Партыі БНФ, актыўны грамадзкі дзеяч Гомеля. А яшчэ ён выдатнік, сярэдні бал вучобы складае 9,3 з 10 магчымых.
Невялікая двухпакаёвая кватэра ў стандартным блёчным доме, які месьціцца ў раёне “Сельмаш”. Гамельчукі лічаць яго самым нядобранадзейным, хуліганскім. “Гэта там, на іншым баку, а ў нас усё ціха”, — тлумачыць Ала Фёдараўна, маці Зьмітра. Бацька Валеры Іванавіч больш маўчыць, адно час ад часу ківае галавой на знак згоды з жонкай. Хіба са скрухай адзін раз заўважыў пра сваіх сыноў — малодшага трынаццацігадовага Андрэя і Зьмітра:
Валеры Іванавіч: “Яны растуць бяз нас, атрымліваецца: дзень на працы, выхадныя на лецішчы. А пасьля работы то прыборка, то гатаваньне”.
Абое старэйшыя Жалезьнічэнкі працуюць на адным зь невялікіх заводаў Гомеля: Ала Фёдараўна загадвае складам, а Валеры Іванавіч — майстар у цэху. Калегі мала ведаюць пра гісторыю са старэйшым сынам, а хто ведае — спачуваюць. У руках Алы Фёдараўны кіпа дакумэнтаў: з унівэрсытэту, міліцыі, суду, ваенкамату. Мае суразмоўцы трымаюцца толькі крыху разгублена. Яны ўпэўненыя ў рацыі свайго сына:
Ала Фёдараўна: “Справа ня ў тым, што ён ня хоча служыць у войску. Будзе час... Ён скончыць унівэрсытэт — калі ласка. Супраць яго ўжываюць незаконныя мэтады. На жаль, войска сталася сродкам ціску. І ваенкамат паступіў непрыгожа. Нічога супраць войска, але ў межах закону”.
Гутарым перад паездкай маці да сына ў Жлобін, дзе месьціцца вайсковая частка чыгуначных войскаў. Туды скіравалі Зьмітра. Але празь некалькі дзён хлопец трапіць у галоўны вайсковы шпіталь у Менску, дзе скажа карэспандэнту “Свабоды”:
Жалезьнічэнка: “Мяне палохаюць зараз кожны дзень. Кожны дзень са мной размаўляюць “асабісты” з часткі, размаўляў галоўны псыхіятар. Гэты трымаў учора ажно тры гадзіны, задаваў розныя пытаньні, увесь час перабіваў мяне. Хацеў мяне зь сябе вывесьці, ці што? Я трымаюся, кажу ім як ёсьць, але чым гэта скончыцца, ня ведаю”.
Дзяніс: “Зь першага нашага знаёмства Зьміцер мне падаўся вельмі цікавым чалавекам, які аддана захоплены справай нацыянальнага адраджэньня. Часам ягоны імпэт пераліваўся цераз край. Але ягоныя справы, памкненьні і каштоўнасьці могуць стаць прыкладам для многіх палітычных актывістаў. Зьміцер ставіць перадусім дзейнасьць, адказнасьць і адукаванасьць, маральнасьць. Часьцей за ўсё ён вучыць нас гэтаму: нават старэйшых за яго людзей”, — распавядае пра паплечніка па грамадзкім руху гамяльчук Дзяніс Федарэнка, кіраўнік гарадзкой філіі “Моладзі БНФ”, студэнт-фізык.
Гутарым у невялікай кавярні непадалёк ад Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту. У студэнтаў сэсія. Зрэшты, сабраць у паўмільённым Гомелі сяброў Зьмітра Жалезьнічэнкі аказалася даволі проста. Нягледзячы на грамадзкую актыўнасьць, Зьміцер мае даволі вузкае кола сталых сяброў. Распавядае сяброўка Зьмітра Натальля Комлева:
Натальля: “Зьміцер такі чалавек, які проста людзей з вуліцы да сябе не падпускае, адасабляецца ад іх. Тое, што ён не ідзе з усімі на кантакт, паводзіць сябе даволі халодна, некаторым людзям не падабаецца. Сяброў у яго няшмат. Багата часу займае вучоба, таксама Зьміцер спрабуе працаваць. Хачу сказаць, што ён ня паліць, ня п'е ўвогуле. Ня тое што матам ня лаецца — у чалавека абсалютна няма агрэсіі. Насамрэч, з блізкімі людзьмі ён адкрыты, шчыры чалавек”.
Натальля Комлева — чацьверакурсьніца Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту, вучыцца на факультэце біялёгіі. Яна актыўная ўдзельніца аб'яднаньня “Беларускія выведнікі”: разам зь сябрамі вывучае Беларусь, падарожнічае па краіне, ладзіць рознага кшталту культурніцкія мерапрыемствы. А Зьміцер Жалезьнічэнка — удзельнік гісторыка-культурніцкай арганізацыі “Талака”. Калі “выведнікі” і “талакоўцы” аднаго разу сабраліся зладзіць супольнае Купальле, Натальля і Дзяніс пазнаёміліся. Што праўда, Купальле тады не атрымалася, затое адносіны маладых людзей засталіся трывалымі.
***
Мама Зьмітра ня можа паверыць, што беларускія праваахоўныя органы могуць хлусіць. Яна штораз зьвяртаецца да дакумэнтаў і даводзіць, што міліцыянты блыталіся ў паказаньнях, ня ведаючы, як абгрунтаваць затрыманьне. Асабліва Алу Фёдараўну абураюць сьведчаньні міліцыянтаў пра нецэнзурную лаянку з вуснаў сына:
Ала Фёдараўна: “Мат у нас зьява звычайная. У нас у горадзе я яго чую на кожным кроку. Некаторыя людзі папросту іншых словаў ня ведаюць. І ніхто іх не затрымлівае і ня садзіць. Парадокс у тым, што мой сын прынцыпова ня лаецца матам. Ня п'е і ня лаецца матам увогуле ніколі. Нават я па рабоце магу ўжыць, а Зьміцер — ніколі”.
Аматар літаратуры, гісторыі, праграміст і грамадзкі актывіст... Усе падкрэсьліваюць складанасьць і супярэчлівасьць характару Зьмітра Жалезьнічэнкі:
Ала Фёдараўна: “Чалавек, які ня хоча жыць шэрым жыцьцём: канапа, тэлевізар і бутэлька піва... Ён чытае масу кніжак. Натуральна — кампутар. Ён вучыцца на праграміста... Хлопец вельмі прыстойны, шукае месца ў жыцьці. Натуральна, у яго зьмяняюцца погляды, ён сталее. На яго ціснуць, а ён з гэтым ня можа зьмірыцца. Такім людзям жыць складана. Я гэта ведала, калі ён яшчэ быў маленькі. Ён вельмі незалежны і няпросты”.
Цянюта: “Ён задуменны, але ў той жа час ірвецца да дзейнасьці. Шмат зрабілі зь ім акцыяў... Яшчэ ён кажа, што ён рамантык. Хоць, на мой погляд, ён прагматык. Ён казаў, што ён пагардлівы рамантык, што яму трэба зьмяняцца. І што яго падштурхнула ў апазыцыю рамантыка, і што каб усё было па сумленьні ў нашай краіне”.
Андрусь Цянюта адседзеў са Зьмітром Жалезьнічэнкам у адной камэры восем сутак — з палітычных матываў:
Цянюта: “Я сядзеў 10 сутак. А Зьміцер 7 — яго на суткі раней пасадзілі. Размаўлялі пра беларускую літаратуру, гісторыю. Але ў асноўным пытаньні, якія нас аб’ядноўвалі — па дзейнасьці (грамадзкай). Распавядаў, што яму трэба зьмяніцца, бо ён да людзей з пагардай ставіцца. Яшчэ размаўлялі пра агульнае становішча ў краіне. Распавядаў пра сваю дзяўчыну таксама”.
Хоць Зьміцер і Натальля ўжо разьвіталіся, дзяўчына гаворыць пра Зьмітра зь цеплынёю:
Натальля: “З гэтым чалавекам працаваць даволі складана, бо ён вельмі прынцыповы. Зь ім часам цяжка дамовіцца. Але гэта чалавек, побач зь якім адчуваеш сябе спакойна, абаронена. І гэта чалавек, якому можна верыць. З гэтым чалавекам мы маглі схадзіць і на рок-канцэрт, і на клясычную музыку, і ў тэатар... Чалавек, які сочыць за сваім здароўем: бегае зраніцы ці ўвечары на стадыёне”.
***
Гамяльчук Сяржук Сямёнаў стаўся вядомым у Беларусі ў канцы 2007 году, калі адмовіўся запаўняць дэклярацыю на мяжы ў расейскамоўным блянку. Ён быў аштрафаваны, але Канстытуцыйны суд прызнаў ягоную правату. Сяржук — старэйшы паплечнік Зьмітра Жалезьнічэнкі:
Сямёнаў: “Мы зь ім пазнаёміліся ў 2005 годзе. Пачуў, што ён пайшоў на футбол зь бел-чырвона-белым сьцягам. За гэта і атрымаў свае першыя праблемы зь дзяржавай. Нармальны ідэйны хлопчык, які хоча жыць у іншай Беларусі. Ён быў у такой гомельскай арганізацыі, як “Талака”. Я ведаю, што ў гэтай арганізацыі выхоўваюць сапраўдных беларусаў. А баяцца... Будзеш ісьці па вуліцы, табе на галаву цагліна ўпадзе — тое ж самае”.
Асьцерагацца Зьмітру, сярод іншага, варта крымінальнай справы, якую вайсковыя чыноўнікі могуць узбудзіць супраць прымусовага прызыўніка:
“Ён парушае закон. Ён пісьмова пацьвердзіў, што абвяшчае галадоўку з мэтай быць камісаваным з войска. Яго дзеяньні кваліфікуюцца артыкулам 447 Крымінальнага кодэксу — ухіленьне ад вайсковай службы праз наўмыснае калецтва ці іншым спосабам. Камандзір вайсковай часткі можа завесьці супроць яго справу. Што і было яму патлумачана”, — заявіў кіраўнік прэсавай службы Міністэрства абароны Вячаслаў Раменчык у інтэрвію для нашага радыё.
Сябры Зьмітра адзначаюць ягоныя лідэрскія якасьці і вытрымку. Напрыклад, Яўген Шкрабаў, студэнт Гомельскага ўнівэрсытэту транспарту, знаёмы Зьмітра Жалезьнічэнкі са школных гадоў, калі яны разам гулялі ў “Што? Дзе? Калі?”
Шкрабаў: “Ён гуляе з 1999 году. Ён стаў першым капітанам каманды, у якой і я зараз гуляю. У Гомелі сярод школьнікаў і студэнтаў гэта, пэўна, была лепшая каманда. Гэта вельмі інтэлектуальны, эрудаваны хлапец. Мае вялікі багаж ведаў. “Што? Дзе? Калі?” — гэта ня толькі веды, але і вытрымка. У яго ўсё гэта ёсьць”.
***
Ала Жалезьнічэнка прыгадвае, што Зьміцер стаўся тым, кім ёсьць цяпер, не раптоўна, а паступова. Спачатку пачаў браць удзел у гомельскай культурна-гістарычнай арганізацыі “Талака”, пасьля ўпершыню прыйшоў на футбольны матч зь бел-чырвона-белым сьцягам...
“Я хачу быць падобным да брата”, — сказаў мне трынаццацігадовы Андрэй Жалезьнічэнка. І ўдакладніў: “Гэтаксама добра вучыцца, і быць сьмелым”.