Актывісты антыядзернай групы сабралі больш за тысячу подпісаў жыхароў Горацкага раёну супраць будаўніцтва атамнай электрастанцыі.
Найбольш подпісаў — дзьвесьце семдзесят сем — назьбірала жыхарка Горак, пэнсіянэрка Галіна Мікша.
“Мы будзем зьбіраць подпісы, пакуль улады не адрэагуюць і не пачнуць дыялёг з грамадзкасьцю”, — зазначыў “Свабодзе” адзін з ініцыятараў акцыі Эдуард Брокараў.
Адна зь меркаваных пляцовак для будаўніцтва АЭС знаходзіцца ў Горацкім раёне паблізу вёскі Кукшынава, за 15 кілямэтраў ад Горак, за 50 — ад Магілёва і за 30 кілямэтраў ад беларуска-расейскай мяжы.