“Начная аБЛОГа” – 30 студзеня

Агляд беларускага сеціва

На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць заявы расейскага міністра замежных справаў Сяргея Лаўрова, які паабяцаў беларускім уладам падтрымку, у тым выпадку, калі ціск на беларускую дзяржаву з боку Эўразьвязу і ЗША будзе працягвацца. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:

“А што яшчэ мог сказаць Лаўроў? У Беларусі яны абараняюць свае інтарэсы. На нас ім глыбока напляваць, і гэтага не разумее толькі вар’ят. Для расейскага бізнэсу ў нас раскоша. Ніякіх абмежаваньняў. Прыціснулі газам і нафтай і дыктуюць умовы. Гаспадар, “ён” разумее – калі не Расея, тады Гаага, таму ідзе на любыя ўмовы”.

“Мы ўсе – закладнікі геапалітычных інтарэсаў Расеі! Страта апошняга фарпосту Расеі ў Эўропе будзе сур’ёзным вонкавапалітычным пройгрышам. Недальнабачная палітыка Лукашэнкі прывяла да таго, што Расея загнала яго ў кут, а цяпер торгае за нітачкі і шантажуе...”

“Расейская Фэдэрацыя ўстаўляе сваю капейчыну толькі там, дзе ёй па носе не дадуць. Накшталт рэкету. Гэта наш раён. Мы вас, маўляў, абаронім ад кепскіх хлопцаў, вось толькі паслугі платныя!”

У суполцы Жывога Журналу minsk_by зноў гутараць на горадабудаўнічыя тэмы. Нехта зьмясьціў у суполцы ролік зь відэапрэзэнтацыяй пэрспэктыўнага пляну разьвіцьця Менску. Камэнтары ўдзельнікаў суполкі:

“Шкляны комплекс-гатэль, які арабы паставяць на месцы бэрнардынскага кляштару, бізнэс-цэнтар ліванскай кампаніі “Аль-Хаса” на месцы 4-га інтэрнату БДУ, Дом-скейт-трэк...”

“Нью-Васюкі”.

“А як вам востраў – контуры Беларусі – падабаецца? А архітэктурнае збудаваньне ў форме знаку радыяцыі?”

“Нейкі Дубай “мэйд ін чайна” атрымліваецца”.

А блогерка Марыйка Мартысевіч піша у сваім сеткавым дзёньніку: “Прачытала цікавы нарыс гісторыі беларускай прастытуцыі: “Тарыф на паслугі жрыцаў кахання напрамую залежаў ад іх катэгорыі. Звычайная салдацкая прастытутка атрымлівала з аднаго кліента 30 капеек прыбытку, мяшчанская — 1 рубель. Даражэй за ўсё цаніліся купецкія: іх аднаразовы заробак вагаўся ад 3 да 5 рублёў. Для параўнаньня: фунт хлеба на той час каштаваў 3 капейкі, курыца — рубель, а гадавая падпіска на “Нашу Ніву” — 2 рублі 50 капеек”.

Пасаж проста чароўны. І які піяр канкурэнту:).

А пра тое, што нашая школа стаіць на былой вуліцы Чырвонай, і збудаваная, цалкам верагодна, на фундамэнце бардэлю, гэта нам настаўнік гісторыі яшчэ ў 7-й клясе расказаў”.