Лінкі ўнівэрсальнага доступу

"Начная аБЛОГа" 28 студзеня


Агляд беларускага сеціва


На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул «Ежедневника» “Нафтавікам прыйшлася даспадобы турма” Найбуйнейшы беларускі нафтатрэйдэр “Юнівэст-М” ужо ўнёс у бюджэт Менску 35 мільёнаў даляраў за права перанесьці турму з вуліцы Кальварыйскай. Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:

“За кошт нафтавых прыбыткаў будуць стварацца НОВЫЯ месцы пазбаўленьня волі! Во якія справы! У Адміністрацыі Прэзыдэнта гэты праект пойдзе на “ўра”!”

“Цікава ўсё ж атрымліваецца... гэты раён будуць забудоўваць элітным жытлом, а людзей, якія цяпер там жывуць (жылі) у "сталінках" (ня менш элітных) высяляюць у Лошыцу й Сухарава. Прычым ім не паведамляюць інфармацыю пра будучыню раёну, маўляў, усё засакрэчана... гэтак цяпер будзе адбывацца і зь людзьмі, якія жывуць на К.Маркса. Так бы мовіць, адпрацавалі мэханізм”.

“І будзе навокал адно элітнае жытло... масквічы ўсё скупяць, а беларусам няма дзе будзе жыць, апроч дробных гарадоў і вёсак. Пры-га-жосць!”

“Зь іншага боку, згадаем, у які бок 80% дзён на год дзьмуць вятры ў Менску. І паглядзім на мапу. Раён, нягледзячы на сваю меркаваную элітнасьць, будзе рэгулярна абдзьмувацца непаўторнымі водарамі радыятарнага заводу”.

У суполцы Жывога Журналу minsk_by таксама абмяркоўваюць горадабудаўнічыя праблемы. all_lex піша: “Учора ў “Панараме” тэлевізійшчыкі фактычна выступілі ў абарону гатэлю “Беларусь”. Сказалі, што пытаньне пра знос гатэлю вырашаецца ў глыбокай таямніцы, выказалі сумнеў наконт таго, ці ўпішацца новы гатэль у ляндшафт. Шкада, што пабаяліся сказаць, хто на гэтым заробіць. І сапраўды, якой велічыні павінен быць адкат, каб было прынятае рашэньне пра знос адносна новага гатэлю?” Камэнтары чальцоў суполкі:

“А я памятаю, як яго будавалі... Са зносу трэба зрабіць супэрскае шоў. Іначай усе ягоныя гразі пяройдуць на новы гатэль”.

“Сьмяяўся. Безумоўна, ляндшафт страціць непаўторны шарм без гатэлю “Беларусь”. Такімі тэмпамі гэтыя несумленныя разбуральнікі і да Палацу рэспублікі дабяруцца”.

“Мяркую, велічыня адкату павінна быць вялікай. Калі велічыня адкату будзе маленькай, то рашэньне пра знос гатэлю прынятае ня будзе. Калі рашэньне пра знос гатэлю ўжо прынятае, то велічыня адкату выявілася вялікай...”

А на сайце інтэрнэт-газэты “Белорусские новости" зноў разгарнулася дыскусія вакол нарысу старшыні Белдзяржтэлерадыёкампаніі Аляксандра Зімоўскага “Рэзананс. Пра ілжэнавуку, альбо не будзіце сабаку, які сьпіць”. У якасьці правакацыі спадар Зімоўскі дазваляе сабе некалькі выказваньняў, якія, на ягоную думку, супярэчаць агульнапрынятым стэрэатыпам: Васіль Быкаў быў прыхільнікам сьмяротнай кары; крэйсэр “Вараг” не зрабіў ніводнага стрэлу й быў затоплены ў баяздольным стане; аўтар “Моманту ісьціны” пісьменьнік Уладзімер Багамолаў ніколі не ваяваў.

Рэакцыі чытачоў www.naviny.by

“Дзіўлюся я Вашаму таленту, сп.Зімоўскі, прапаноўваць надзёньнейшыя тэмы для абмеркаваньня. А давайце яшчэ пагутарым пра праблему выміраньня хамячкоў ва ўмовах глябальнага пацяпленьня”.

“...нашая дзяржава пакутуе цераз такіх “гісторыкаў”, “палітрукоў”, якія ня ведаюць, у якім горадзе жыў і ствараў Скарына і чытаюць вершы Быкава...”

“Таварыш Зімоўскі! Падзяліцеся сакрэтам, што Вы будзеце рабіць пасьля крушэньня рэжыму Лукашэнкі? Выправіцеся ў сонечную Вэнэсуэлу альбо шчыры Іран, а можа сустрэнеце старасьць у спакойнай Паўночнай Карэі?..”

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG