У Горадні сябры бацькоўскага камітэту дамагаюцца адкрыцьця беларускамоўных групаў у дзіцячых садках. Пасьля іх шматлікіх просьбаў чыноўнікі пагадзіліся з тым, каб у гарадзкім транспарце й мясцовых СМІ загучала рэкляма з заклікам аддаваць дзяцей у беларускамоўныя садкі.
Як паведаміў адзін з актывістаў бацькоўскага камітэту Ігар Кузьмініч, у гарвыканкаме дазволілі рэклямаваць садкі, але зьмянілі тэкст абвесткі так, што там больш не засталося тэлефонаў бацькоўскага камітэту, а зьявіліся нумары аддзелаў адукацыі раённых адміністрацыяў. Якраз гэта й турбуе сябраў камітэту.
Кузьмініч: “Хто зараз будзе адказваць на тэлефанаваньні? Хутчэй за ўсё, гэта будзе звычайны чыноўнік, якому ўсё роўна, набярэцца дзяцей у беларускамоўныя садкі альбо не”.
Рэкляма беларускамоўных садкоў у гарадзкіх тралейбусах гучала месяц таму. Яе падрыхтавалі сябры самастойна створанага бацькоўскага камітэту. Праўда, гэтую рэкляму адразу забаранілі, бо тэкст ня быў зацьверджаны ў аддзеле адукацыі гарвыканкама.
Як кажа Ігар Кузьмініч, бацькоў засмучае тое, што ў горадзе няма спэцыялістаў, якія здолеюць стварыць іх дзецям у садках сапраўдную беларускую атмасфэру.
Кузьмініч: “Для нас вельмі важна, каб выхавацелька ня толькі ўмела размаўляць па-беларуску, хоць і гэта ў цяперашняй сытуацыі вельмі складана. Але мы яшчэ хацелі б, каб яна любіла дзетак і магла па-сучаснаму іх навучаць”.
Разважаючы пра сытуацыю зь беларускімі садкамі, Ігар Кузьмініч кажа, што іх аднаўленьне даводзіцца пачынаць практычна з чыстага аркуша.
У плянах бацькоўскага камітэту — дамагацца адкрыцьця беларускамоўных школ. Але галоўнае, чаго зараз трэба дамагчыся, на думку Кузьмініча, — набраць дзетак у розных раёнах гораду ў беларускамоўныя групы.