“Арышты – помста ўладаў за спалох 10 студзеня”

За апошнія тры дні былі затрыманыя і асуджаныя звыш 40 моладзевых актывістаў. Якая лёгіка і мэта ў гэтых дзеяньняў уладаў?

Ці зьвязаная такая жорсткасьць да апанэнтаў рэжыму з атрыманьнем расейскага крэдыту? На гэтыя пытаньні Віталя Цыганкова адказвае публіцыст Аляксандар Класкоўскі.

Цыганкоў: “Дзеяньні ўладаў апошнія два дні ўражваюць сваёй неадэкватнай жорсткасьцю. 16 і 17 студзеня па ўсім горадзе хапаюць моладзевых актывістаў, вязуць іх у суды, які паслухмяна выдаюць арышты на 15 сутак. Ці можна будзе як-небудзь патлумачыць гэтыя дзеяньні, ці ёсьць ў іх нейкая лёгіка альбо мэта?”

Класкоўскі
: “Відавочна, што акцыя 10 студзеня выклікала наверсе спалох. Ну а за спалох, за змушаную праяву публічнай слабасьці (а ўлада была паралізаваная на некалькі гадзін у той дзень) заўжды пры нагодзе помсьцяць. Гэта калі аналізаваць уладу з псыхалягічнага пункту гледжаньня.

Калі ж аналізаваць з пункту гледжаньня, скажам так, тэхналягічнага, то адбываецца “зачыстка”, нэўтралізацыя актыву перад акцыяй 21 студзеня. Разам з тым працэс яўна перасягнуў разумныя межы, і тут адбываецца тое, што называюць інэрцыяй рэпрэсіўнай машыны. Зьверху далі адмашку, а ў сілавых структурах псыхалёгія і рэакцыя такая: “Рады старацца”.

Цыганкоў: “Ці можна заўважыць у гэтыя дзеяньнях заканамернасьць, якая назіраецца апошнія тыдні, пасьля візыту Ўладзіміра Пуціна ў Менск і атрыманьні расейскага крэдыту? Менавіта пасьля гэтага быў абвешчаны прысуд Артуру Фінькевічу, пасьля гэтага адбываюцца масавыя арышты гэтымі днямі. Ці ідзе пэўная зьмена ў палітыцы ўлады да грамадзянскай супольнасьці? Ці не паказвае ўлада Захаду, што ня так патрэбны мір і нэўтральнасць Захаду, якія былі патрэбныя летам і восеньню?”

Класкоўскі: “Ня думаю, што ў беларускага кіраўніцтва ёсьць нейкія ілюзіі наконт сяброўства з Крамлём. Лічу, што пасьля расейскіх прэзыдэнцкіх выбараў ціск з боку Крамля адновіцца, яшчэ будуць піяраўскія і нафтагазавыя войны і гэтак далей.

Беларускія ўлады прызвычаіліся дзейнічаць сытуацыйна. Што да тактыкі, то яны іншым разам проста віртуозна дзейнічаюць. Цяпер ёсьць гэткая паўза, міжсэзоньне. Леташні тур гульні з Эўразьвязам скончыўся, і таму, з пункту гледжаньня ўладаў – горшы імідж ужо ня будзе, чаму б не скарыстацца гэтай паўзай, каб запалохаць незалежнае грамадзтва, якое стала адчуваць сябе надта нязмушана.

Мэнталітэт гэтага палітычнага рэжыму выразна рэпрэсіўны. На нейкія саступкі ён можа ісьці ў тых варунках, калі вельмі прыціскае. Ну а зараз, пасьля расейскіх крэдытаў, відаць, гэта ня той пэрыяд”.