У 2007 годзе ў Беларусі было зроблена 40 апэрацый па трансплянтацыі ныркі. А сёлета беларускія спэцыялісты гатовыя выканаць апэрацыю па перасадцы печані.
Якія органы трансплянтуюць у Беларусі, ці ёсьць чэргі на перасадку органаў, колькі каштуе такая апэрацыя?
Усе віды трансплянтацыі значна таньней, чым лячэньне
Першая апэрацыя па трансплянтацыі ныркі была зроблена ў 1902 годзе – хвораму перасадзілі нырку сьвіньні. Але першая ўдалая перасадка ныркі была выкананая ў 1954 годзе ў ЗША. Першую ўдалую перасадку сэрца ажыцьцявіў у 1963 годзе Крысьціян Барнард у Кейптаўне.
Распавядае кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак прафэсар Анатоль Ус:
“У сьвеце выконваецца даволі вялікі спэктар трансплянтацый. Пасьля ныркі – печань, сэрца, лёгкае, падстраўнікавая залоза, і комплекс органаў – кішэчнік. Гэта новыя тэхналёгіі, больш эфэктыўна дапамагаюць хворым, значна паляпшаючы якасьць жыцьця хворага, я ўжо не кажу, што вяртаюць жыцьцё. Экспэртамі Ўсясьветнай арганізацыі аховы здароўя прызнана, што ўсе віды трансплянтацыі органаў значна таньней, чым стандартнае шматмесячнае, часам і шматгадовае лячэньне”.
У Беларусі перасаджваюць толькі ныркі і косны мозг
У Беларусі з 1974 года выконваюцца апэрацыі па перасадцы ныркі, распачаў гэтыя складаныя апэрацыі прафэсар Саўчанка.
А з 1993 года ў сувязі з наступствамі Чарнобылю ў Беларусі вядзецца трансплянтацыя коснага мозгу, паведаміў прафэсар Анатоль Ус:
“Перасадка ныркі робіцца ў 4-м клінічным шпіталі, а перасадка коснага мозгу – у 9-й клініцы, у сувязі з Чарнобыльскай сытуацыяй. Ніякія іншыя органы пакуль у Беларусі не трансплянтуюцца”.
Для параўнаньня: у 2005 годзе было выканана толькі 8 перасадак ныркі, у 2006-м – 20, а летась – 40. У Нямеччыне штогод перасаджаюць ныркі 15 тысячам чалавек.
Бальшыня апэрацый у Беларусі – удалыя. Дарэчы, робяць такія апэрацыі і дзецям. А нядаўна жанчына, якой 7 гадоў таму перасадзілі нырку, нарадзіла дачку.
Законам прадугледжана «прэзумпцыя згоды»
Павелічэньне апэрацыяў зьвязанае з «чалавечым фактарам» – энтузіязмам мэдыкаў, а таксама з прыняцьцем летась Закону «Аб трансплянтацыі органаў і тканак». Закон увёў так званую «прэзумпцыю згоды» на забор органаў у донара, якая выконваецца ў выпадку адсутнасьці ў яго родных пісьмовай нязгоды на гэтую працэдуру на момант біялягічнай сьмерці. Зараз актывізаваная праца па трансплянтацыі ад жывых родных донараў. Летась было выяўлена больш за 30 такіх пар.
Але ў так званым лісьце чаканьня пакуль каля 300 чалавек. На пытаньне, як доўна чакаюць людзі чаргі, прафэсар Анатоль Ус адказаў так:
“Што тычыцца перасадак, то чэргаў ня можа быць па вызначэньні – гэта ня крама. Галоўным аспэктам тут зьяўляецца наяўнасьць мэдычных паказаньняў, з другога боку – наяўнасьць донара. А гэта праблема. Ну а тут асноўная праблема – цэлы комплекс праблем”.
І пералічыў: матэрыяльная база, умовы, абсталяваньне, расходныя матэрыялы, лекавыя прэпараты і, канечне ж, арганізацыйная структура. У Менску на базе 9-й клінікі ідзе рэканструкцыя і будаўніцтва карпусоў для Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі. Мяркуецца, што ён адкрыецца ў 2009 годзе.
Сёлета мэдыкі правядуць трансплянтацыю печані
Намесьнік галоўнага ўрача па хірургіі 9-й бальніца Алег Румо, які браў удзел у 30 апэрацыях па перасадцы печані ў Нямеччыне, кажа:
“Тэхнічна мы гатовы. Але ёсьць яшчэ некаторыя дробныя рэчы на абсталяваньні, якое трэба набыць. Потым мы будзем шукаць донара. Мы маем на мэце зрабіць гэту апэрацыю сёлета. Вочы баяцца, а рукі робяць, як кажуць. Паціху, крок за крокам. Эўропа займаецца гэтым з пачатку 1960-х гадоў. Нам гэты шлях яшчэ трэба прайсьці”.
Калі сыходзіць з разьліку эўрапейскіх перасадак, у Нямеччыне перасаджваюць 13 печаняў на 100 тысяч насельніцтва, а лідэр – Гішпанія: 23 печані на 100 тысяч насельніцтва. У Нямеччыне 2 тысячы хворых стаіць ў лісьце чаканьня.
Апэрацыі па трансплянтацыі для грамадзянаў Беларусі бясплатныя
Якой колькасьці людзей у Беларусі патрэбна трансплянтацыя печані, дакладных лічбаў няма, кажа прафэсар Анатоль Ус.
“Каб дакладна сказаць, якой колькасьці хворых патрабуецца перасадка печані, трэба стварыць рэгістар хваробаў печані. Па папярэдніх дадзеных, гэта адна-дзьве сотні пацыентаў у год, ня менш. Па нырках – разы ў два больш. Але мы можам абапірацца толькі на лічбы заходніх краінаў”.
Колькі каштуе апэрацыя па трансплянтацыі органаў у Беларусі? Кіраўнік Рэспубліканскага цэнтру трансплянтацыі органаў і тканак прафэсар АнатольУс кажа:
“Для грамадзянаў Беларусі ўсе мэтады трансплянтацыі бясплатныя”.