Студэнтку Юлію Сіўцову асудзілі на 15 сутак


Суд над актывісткай грамадзкай арганізацыі “Моладзь БНФ” прайшоў за зачыненымі дзьвярыма. Дзяўчыне паказалі відэазапіс мітынгу прадпрымальнікаў, зь якога відаць, што яна ў ім удзельнічала.

Судзьдзя Тацяна Паўлючык абвясьціла вэрдыкт – 15 сутак арышту. Калі Юлію выводзілі з судовай залі, яе сябры хацелі адразу перадаць ёй цёплыя рэчы, спальнік, прадукты, каб дзяўчына ўзяла іх з сабою ў турму на Акрэсьціна. Кажа сяброўка асуджанай Наста Птушка:

“Мы хацелі ёй зараз перадаць цёплыя рэчы, але нам гэтага не дазволілі, Адштурхнулі, амаль адкінулі ад Юлі. Мы казалі, што гэта яе рэчы, што ёй яны патрэбныя. Але нас не хацелі слухаць.

Юлю зараз павезьлі на Акрэсьціна. А нам сказалі, што рэчы можна перадаць там, але мы сёньня ўжо зрабіць гэта не пасьпеем. І гэта сапраўды так. Пакуль яе давязуць, пакуль аформяць — гэта будзе дзесьці палова на шостую. А перадачы прымаюць толькі да шостай. Таму перадачу родная сястра Юлі панясе заўтра зранку”.

Юлію Сіўцову затрымалі сёньня раніцай, калі яна вярнулася дахаты. А спрабавалі арыштаваць дзяўчыну яшчэ ўчора. Тады да яе ў кватэру зайшоў супрацоўнік міліцыі і загадаў пайсьці разам зь ім. Мая калега Ганна Соўсь якраз тады датэлефанавалася да Юліі:

“Я яму адчыніла дзьверы. Ён сказаў: “Калі ласка, пройдзем”. Я запыталася, куды і па якой справе. Ён адказаў: “Ты ведаеш”. Ён не прадставіўся, у яго быў нататнік, дзе былі мае дадзеныя. Я папрасіла яго пачакаць. І мы зь сяброўкай здолелі замкнуцца ў кватэры. Ён чакаў, тэлефанаваў на хатні тэлефон, у кватэру праз дамафон”.

Уначы дзяўчаты, незаўважаныя, уцяклі з кватэры. А раніцай Юлія вярнулася ад сяброўкі дахаты. Тут яе і затрымалі.

Сябры Юліі чакалі яе ў судзе. У судовую залю іх не пусьцілі. А пакуль судзьдзя Паўлючык разглядала справу, міліцыя затрымала трох моладзевых актывістаў – Франака Вячорку, Антона Каліноўскага і Алеся Станкевіча. Пра гэта Радыё “Свабода” паведаміў адвакат Юліі Сіўцовай Аляксандар Галіеў:

“Супрацоўнікі міліцыі забралі ў іх пашпарты, а ў Вячоркі яшчэ і мабільны тэлефон. Іх пасадзілі ў так званы “бобік” і павезьлі няведама куды. Хлопцаў павезьлі, яны затрыманыя”.