Лінкі ўнівэрсальнага доступу

В.Крываль: “Хто ў чым у турму трапіў, той у тым і мерзьне”


Грамадзкі рэдактар тыдня – прадпрымальнік з Узды Віктар Крываль. За арганізацыю акцыі прадпрымальнікаў 10 сьнежня ён адседзеў 15 сутак і ўвесь гэты час трымаў галадоўку. Пасьля мітынгу 10 студзеня ў турме апынуліся шмат хто зь ягоных знаёмых.


Крываль: “Прадпрымальнікаў запалохаць нельга. Але калі арганізатараў мерапрыемства пасадзіць на Акрэсьціна, то дэзарганізаваць плянуемыя наперад мерапрыемствы ўладзе, мабыць, магчыма”.

Уліцёнак: “Зь лідэрам салігорскіх прадпрымальнікаў Аляксандра Цэцурам вас затрымалі падчас паездкі на мітынг 10 студзеня. Гэтыя дзеяньні праваахоўных структураў пакідаеце без увагі?”

Крываль: “Мы з Сашам будзем вельмі шчыльна працаваць – трэба выводзіць на чыстую ваду вось гэтых людзей у афіцэрскіх пагонах. Напрыклад, варта праверыць, якія там запісы вядуцца”.

Уліцёнак: “Мяркуеце судзіцца?”

Крываль: “Дык па складзеным імі пратаколе суд можа адбыцца менавіта супраць нас! Бо напісалі: мы не падпарадкаваліся, хапалі за форменнае адзеньне, вырываліся і хацелі зьбегчы. Ці штраф, ці на “суткі” адправяць”.

Уліцёнак:
“Віктар, а што вы думаеце пра абвешчаную вашымі калегамі галадоўку? Яна прыцягне ўвагу грамадзкасьці да лёсу, правоў тых, хто сядзіць на Акрэсьціна, або застанецца толькі высокім учынкам гэтых людзей дзеля, уласна кажучы, іхняй самапавагі?”

Крываль: “Я быў прыхільнікам ідэі адмаўленьня ад галадовак як формаў барацьбы. Чаму? Лічыў іх прыкметай слабасьці, а ня сілы. Аднак, калі я сам трапіў на нары, канкрэтная сытуацыя памяняла маё стаўленьне – абвясьціў галадоўку. Веру, сябры вытрымаюць яе”.

Уліцёнак: “І ўсё ж: як ваша, напрыклад, галадоўка магла ці можа паўзьдзейнічаць, напрыклад, на кіраўніцтва турмы, вышэйстаячыя службовыя інстанцыі?”

Крываль: “Я напісаў спэцыяльную заяву галоўнаму санітарнаму доктару Беларусі: адміністрацыя парушае санітарна-эпідэміялягічныя правілы. Ёсьць у той паперы й іншыя пункты: так, хто ў чым у турму трапіў, той у тым і мерзьне”.

Уліцёнак: “А як спраецыраваць сказанае на вашую родную Узду?”

Крываль: “Узьдзенскі раён вельмі палітызаваны зараз, бо прадпрымальніка Крываля яны ведаюць. І калі падобных жа людзей садзяць у турму, то ўсім становіцца зразумела, што адбываецца ў дзяржаве. І людзі ўжо не вагаюцца, ня вераць прапагандзе, што саджаюць выключна за справу. Наадварот, яны цяпер ведаюць: у турму трапляюць ня нейкія там парушальнікі, а нармальныя, законапаслухмяныя людзі.

Ня ведаю, дзе будуць праходзіць суды нада мной і спадаром Цэцурам: ці па месцы жыхарства, ці там, дзе нас затрымалі.

Калі ў Узьдзе, то шмат бы мясцовых людзей прыйшло. І яны самі б яшчэ раз пераканаліся, што насамрэч адбываецца ў дзяржаве”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG