Пра гэта БЕЛТА паведамілі ў прэсавай службе кіраўніка дзяржавы. Рашэньне было прынятае па выніках абмеркаваньня на сёньняшнім паседжаньні Рады бясьпекі.
“Будаўніцтва АЭС – гэта рэальная пэрспэктыва, стратэгічная задача, і адмаўляцца ад яе Беларусь не мае намеру”. Аб гэтым заявіў сёньня Аляксандр Лукашэнка на пасяджэньні Рады бясьпекі, прысьвечаным разьвіцьцю атамнай энэргетыкі ў краіне. "Сёньня мы закладваем аснову функцыянаваньня беларускай дзяржавы ва ўмовах, калі на Зямлі абвастраецца глябальная праблема вычарпаньня запасаў вуглевадароднай сыравіны. Я думаю, будучыя пакаленьні ацэняць наша рашэньне", – сказаў кіраўнік Беларусі.
Міністар фінансаў Мікалай Корбут паведаміў, што праект пабудовы АЭС ацэньваецца ў памеры 4 мільярдаў даляраў. Міністар замежных справаў Сяргей Мартынаў паведаміў, што зьнешніх перашкодаў для пабудовы АЭС няма.
Лукашэнка заявіў, што праца па пабудове рэактару павінна пачацца ўжо сёлета. Паводле яго, у беларускім грамадзтве ўжо ўсталявалася разуменьне, што альтэрнатывы ядзернай энэргетыцы ў Беларусі няма.
Лукашэнка, сярод іншага, сказаў, што "некаторыя гарачыя галовы зь ліку апанэнтаў улады настойліва спрабуюць арганізаваць нейкую так званую антыядзерную кампанію сярод насельніцтва. Ствараецца ўражаньне, што некаторыя нашы апазыцыянэры і вучоныя жывуць у вакуўме, у нас, як заўсёды, беларускасьць бяжыць паперадзе розуму. Мы пачынаем, паглядаючы з-за вугла, разважаць аб неабходнасьці будаўніцтва АЭС. Увесь сьвет вызначыўся, а мы разважаем. А потым будзем узмоцнена даганяць. Але тады гэта будзе каштаваць у два разы даражэй".
Аднак варыянт праекту пакуль ня выбраны. У сьвеце асноўнымі кампаніямі-пастаўшчыкамі абсталяваньня АЭС зьяўляюцца амэрыканска-брытанска-японская кампанія “Westinghouse-Toshiba”, франка-нямецкая група AREVA і расейскае ЗАТ "Атамбудэкспарт". Каму зь іх будзе аддадзена перавага – пытаньне, адказ на якое пакуль ня дадзены.
Прадугледжваецца, што месца разьмяшчэньня пляцоўкі для будаўніцтва АЭС будзе выбрана вясной 2008 году. Гэта будзе тэрыторыя плошчай каля 100 кв.км. Затым у межах гэтай тэрыторыі будзе вызначана пляцоўка (10-12 кв.км), дзе будзе знаходзіцца станцыя. Канкрэтнае месца разьмяшчэньня самой АЭС будзе вызначана да канца 2008 году. Пакуль жа разглядаецца некалькі патэнцыяльных пляцовак для будаўніцтва АЭС, у тым ліку Кукшынаўская і Краснапалянская.