Агляд беларускага сеціва.
На студзеньскім сойме КХП-БНФ былі агучаны тэзісы Зянона Пазьняка, якія атрымалі ужо назву «студзеньскіх». У гэтых тэзісах Пазьняк гаворыць пра вайну, змаганьне, здаровы сэнс, рэальныя патрабаваньні, патрэбу аргумэнтацыі ды інш.
На сайце газэты «Наша Ніва» гэтыя тэзісы камэнтуюцца наступным чынам. Лёнік_з-пад_Дабучына: «Што да яго вечна спраўджаных прагнозаў, то тут ён нагадвае пастушка, які крычыць заўсёды пра ваўкоў, але чый крык узгадаюць, калі воўк раптам сапраўды выскачыць. Увесь астатні час гэныя папярэджваньні — гукавы фон».
Актывіст: “Калі Вы паглядзіце на усе суседнія краіны (акрамя Расеі), то заўважыце, што да улады прыйшлі нацыянальна арыентаваныя сілы (нацыянал-дэмакраты). Вось гэтага і дамагаліся ранейшыя нацыянальныя рухі (Салідарнасьць, Змагарная Салідарнасьць, Саюдзіс і г.д.). Пакуль што мы адстаем ад гэтых працэсаў, але мы можам іх дагнаць, калі будзем ісьці па шляху нацыянальнага адраджэньня, які прапануе З.С.Пазьняк. А пра пастушка ды авец магу сказаць толькі адно: ужо палову статка зьелі...»
Харэўскі: “Я цалкам згодны з шаноўным спадаром Пазьняком. Калі адкінуць патас, то усё слушна. Калі адкінуць ёрніцтва й пад'южваньне, што сталіся bonne ton у некаторых колах карыстальнікаў Сеціва, а удумліва прааналізаваць тое, што выслаўляе спадар Пазьняк, то... ніякае разумнае альтэрнатывы ягоным ідэям я сёньня не чытаў».
Сайт “Джынс за свабоду” паведамляе з-пад сьценаў спэцпрыёмніка на вуліцы Акрэсьціна, дзе адбываюць пакараньне удзельнікі мітынгу прадпрымальнікаў 10 студзеня. Нагадаю, што ў той дзень тысячаў чалавек перакрылі праспэкт Незалежнасьці насупраць Дома ураду. Яны патрабавалі перамоваў у справе адмены прэзыдэнцкага указа № 760. Супрацоўнікі Міністэрства унутраных справаў затрымалі калі трох дзесяткаў чалавек. Амаль усе яны, паводле рашэньня судоў, пакараныя пятнаццацю суткамі арышту. Цытую сайт “Джынс за свабоду”: “Для многіх шокам зрабілася навіна пра тое, што можна перадаць толькі адзін швэдар, адну пару шкарпэтак і адны штаны на аднаго чалавека. Нельга перадаць курткі, спальныя мяшкі ці коўдры. Пры гэтым тэмпэратура ў камэрах спэцпрыёмніка, як сьведчаць "нэпалітычныя" зьняволеныя, каля 10 градусаў. Дзяжурныя міліцыянты адмовіліся перадаць большую колькасьць цёплых рэчаў нават дзяўчатам, асуджаным на 15-20 сутак арышту».
1157 камэнтароў сабраў на сайце «Бухгальтар-бухгальтару» допіс Сяргея, які яшчэ ў верасьні прапанаваў наладзіць таталізатар на такую тэму: «Сустрэча прэзыдэнта зь індывідуальнымі прадпрымальнікамі. Калі і дзе, вынік? Вашы прагнозы».
Камэнтар ад andrulkі: “Ну не ў сябе ж у прэзыдэнцыі! На выставе якой-небудзь. Вынік: указ/дэкрэт+строгі аяяй на адрас Мінфіна, Мінюста і усіх вашывых блох разам. Па выніках сустрэчы зробіцца куды горш, чым было раней, але крыху лепш, чым магло быць».
AZ: “Скаргі, што столькі-та народу застанецца бяз працы, думаю, недарэчныя. Усе прадпрыемствы церпяць на востры недахоп чалавечых рэсурсаў. Праца знойдзецца усім, а падаткаў пры гэтым будзе больш. Праўда, калі нехта хоча заставацца ІП, дык няхай застаецца. Але падаткі, будзь добры, плаці роўна з усімі іншымі».
Нехта Ананім адзначае: «Я ужо гадоў жыву ў адным раёне і на адной вуліцы. Крама фірмовай вопраткі — зачынілася. Крама вырабаў з мармуру — зачынілася. Майстэрня па рамонту адзеньня — зачынілася. Шапік па продажу кніг — зачыніўся. Крама з адзеньнем і парфумамі —зачынілася. Крама «Капейка» дажывае апошнія дні. Раней тут спрабавалі прадаваць галянтарэю, адзежу, абутак, сувэніры, бялізну — усё зачынілася. Была заакрама — зачынілася. Крамка «Рыба» зачынілася. Кавярня зачынілася. Шапікаў з драбноцьцем было 6 — няма ужо ніводнага. Усіх пасьцілі па ветру і перасялілі сілаю».
Грузаперавозчык: “Маю 1 грузавы аўтамабіль, 3 наёмных работнікаў, працую па Беларусі. Якое зь мяне прыватнае унітарнае прадпрыемства? Прыкладна падлічылі, колькі будзем плаціць — валасы заварушыліся. Як выжыць?»
На сайце «Топ беларускіх блогаў» можна прачытаць наступнае: «У мэтадычцы для настаўнікаў на першае верасьня быў распрацаваны плян занятку з расповедам пра першадрукара Ф.Скарыну. І усё было б добра, каб толькі Эўфрасіньню Полацкую і Кірылу Тураўскага там не азначылі як “працягвальнікаў яго справы”, хоць яны і жылі на 3 стагодзьдзі раней. Чынавенства Мінадукацыі ня хоча мяняць тэкст, нягледзячы на яўную памылку. Калі настаўнікі згодныя выкладаць такое, то яны занадта памяркоўныя і нічога страшнага, калі ім і скарацілі адпачынак амаль на 20 дзён».
У камэнтарах lastyear-snow піша: “Заўчора я патэлефанаваў адной знаёмай настаўніцы, каб спэцыяльна пазьдзеквацца над ёй: “Прывітаньне! Ты ужо чула, што у вас, настаўнікаў, забралі амаль дваццаць дзён адпачынку? Так што купі сабе другі флікер, тады ў цябе адбяруць водпуск увогуле”. А потым я падумаў, што так ім, настаўнікам, і трэба. Яны ня толькі самыя памяркоўныя, але яшчэ і самыя актыўныя укараніцелі лукашэнкаўскай ідэялёгіі. Я ужо маўчу пра іх самаадданую працу падчас выбараў».
true_hans: “Увогуле краіна усё хутчэй спаўзае ў нейкае пячорнае невуцтва. Паўсюль непісьменныя надпісы на шыльдах і этыкетках, зьверху малаадукаванае кіраўніцтва, навокал яшчэ менш адукаваныя масы, бязглуздыя ролікі на ТВ. Толькі ня трэба казаць, што так паўсюль, у той жа Армэніі кожны першы-лепшы здольны гадзінамі табе пераказваць біяграфіі цароў і даты гістарычных падзей”.
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.