У суполцы Жывога Журналу by_politics нехта Head_of_babulka піша пра ўчорашнюю акцыю прадпрымальнікаў: “Абураныя прадпрымальнікі выйшлі на галоўную плошчу краіны з мэтай выказаць нязгоду супраць 760-га ўказа прэзыдэнта. Каб не губляць цудоўны шанец чарговым разам паказаць сьвету, што ў Беларусі ўсё яшчэ ёсьць няскораныя барацьбіты з рэжымам, апазыцыянэры вырашылі далучыцца да равучага натоўпу. У выніку мітынг, які меў выключна эканамічна характар, ператварыўся ў звычайны, нічым не прыкметны сход людзей са сьцягамі... Такім чынам, гэтак званая беларуская аб’яднаная апазыцыя выкарыстала прадпрымальнікаў у сваіх наступных мэтах:
па-першае, з фота і відэа чарговым разам трымаць справаздачу перад захадам ды імітаваць бачнасьць бурнай дзейнасьці;
па-другое, паказаць самім прадпрымальнікаў, што яны без апазыцыі нішто;
па-трэцяе, папросту чарговым разам выйсьці на вуліцу і практычна беспакарана пакрычаць у мацюгальнік і памахаць сьцяжкамі”.
Рэакцыі чальцоў суполкі на гэты допіс:
“Значыцца, такія як ты лічаць, што ў прадпрымальнікаў і тых, хто называе сябе ўладай – ідэальныя адносіны?”
“Калі каротка, дык на сёньняшні дзень найбольшую небясьпеку ўяўляюць мабілізацыя прадпрымальнікаў і, як вынік, ператварэньне лідэраў прадпрымальнікаў у палітыкаў, альбо аб’яднаньне прадпрымальнікаў з ужо існуючай апазыцыяй”.
“Калі б на мітынгу ўчора не было апазыцыі, ён бы скончыўся праз гадзіну-паўтары... З асабістых назіраньняў: апазыцыйныя лідэры ўзялі сытуацыю ў свае рукі тады, калі зразумелі, што на мітынгу творыцца поўная лажа (у прадпрымальнікаў ня толькі паперкі з патрабаваньнямі не было, але й нават мэгафону...”
На форумах парталу TUT.by абмяркоўваюць артыкул з газэты “Комсомольская правда в Белоруссии» “Усе льготы ў Беларусі! Каму і што належыць”. У артыкуле прыводзіцца табліца, дзе можна ўбачыць, якія катэгорыі грамадзянаў маюць права на бясплатны праезд, зьніжку на лекі і камунальныя паслугі. Меркаваньні ўдзельнікаў форумаў:
“А дзе шматдзетныя, пра якіх так шмат гаворыцца па тэлевізары?”
“Вось ад гэтага я ўвогуле ў шоку. Былыя вязьні канцлягераў, турмаў, гета, непаўналетнія вязьні часоў вайны – мінус, мінус, мінус...”
“За Беларусь! За Бацьку! Мая бабуля вязень канцлягера і інвалід 1 групы – адмянілі 50% зьніжку на газ і электрычнасьць”.
На форумах сайту Гомельскага абкаму БРСМ абмяркоўваць тэму “Беларускія маці ў самых горшых умовах”. Аўтар тэмы па мянушцы Ritter параўноўвае памер грашовай дапамогі, якую плацяць пры нараджэньні дзяцей у Беларусі і ва Ўкраіне. Ва Ўкраіне за нараджэньне першага дзіця дзяржава штомесяц плаціць 124 даляры (плюс адразу пры нараджэньні – 1000 даляраў), а ў Беларусі меней за 70 даляраў для любой сям’і, дзе ёсьць маленькае дзіця.
Камэнтары ўдзельнікаў форумаў:
“Цікава, а дзе яны зьбіраюцца такія грошы браць? У Расеі, напрыклад, зразумела – нафтавыя грошы. А іх зь іхным эканамічным крызысам?”
«Яны зь іхным крызісам за газ 150$ яшчэ летась плацілі. Гэта вельмі добрыя інвестыцыі ў будучае. Таму што, калі палова пенсіянераў, цяжка дамагчыся эканамічных посьпехаў».
«Вы лепей падумайце, дзе грошыкі на нашу АЭС будзем браць. Падаецца мне, неўзабаве будзем заглядаць у нашыя кішэні, калі скідвацца будзем».
Блогер Ant1killer у сваім сеткавым дзёньніку піша: “Спадарства, я натуральна ў шоку. Некалькі гадзін таму ехаў дахаты ў тралейбусе, і пачуў "Осторожно, двери закрываются, следующая остановка...". Спачатку падумаў, што ў мяне глюкі, і я вельмі стаміўся, але... калі пачуў "Уважаемые пассажиры, не забывайте своевременно оплачивать проезд..." пераканаўся, што тралейбус "размаўляе" па-руску. Яшчэ раз пераўпэўніўся, калі на наступным прыпынку зноў пачуў знаёмыя словы, толькі на іншай мове... "Шкада" - гэта не тое слова, а іншых цэнзурных слоў на розум не прыходзіць...
Дасылайце свае ідэі для “Начной аБЛОГІ”, а таксама любыя іншыя прапановы, тэксты і гукі на электронны адрас NSvaboda@tut.by. Тэлефануйце на менскі аўтаадказьнік 266-39-52 і дасылайце смс-паведамленьні на нумар 391-22-24.