Пра што пісалі беларускія газэты 15 студзеня ў розныя гады мінулага.
“Оршанский вестник” у 1918 годзе піша: “Камісарыят юстыцыі зах. вобл. і фронту прадпісаў усім духоўным кансысторыям, духоўным упраўленьням і равінатам. Не праводзіць абрад вянчаньня без прад’яўленьня брачуючыміся акту аб шлюбе, выдадзенага аддзелам запісаў шлюбаў, нараджэньняў і сьмерці пры камісарыяце юстыцыі. Не праводзіць абрадаў хрышчэньня, абразаньня і надаваньня імя без прад’яўленьня мэтрычных сьведчаньняў ці выпісак”.
“Віцебскі пролетарый”, год 1938. Настаўнік Віцебскай музычнай вучэльні В.Арэхаў выказваецца пра фільм “Прамова тав. Сталіна на перадвыбарчым сходзе выбаршчыкаў Сталінскай выбарчай акругі”: “Калі тав. Сталін сказаў: “Можаце разлічваць на тое, што тав. Сталін зможа выканаць свой абавязак перад народам, перад рабочым класам, перад сялянствам, перад інтэлігенцыяй”, разам з усімі выбаршчыкамі Сталінскай акругі апладзіраваў я і ўсе гледачы. З напружанай увагай уся зала слухае і глядзіць гэты выдатны фільм”.
Пятро Глебка ў 1958 годзе піша на старонках “ЛіМу” наступнае: “У амерыканскім кіно, па тэлебачанню, у тэатры кожны дзень, на кожным кроку можна ўбачыць, як здольная актрыса або акцёр, выканаўшы той ці іншы мастацкі нумар, пачынае рэкламаваць аўтамабілі Форда, сігарэты “Кэмал”, аўтаматычныя ручкі Паркера, падцяжкі “Эласцік”... Гэта толькі адна з форм той залежнасці так званага “свабоднага” буржуазнага мастацтва ад грашовага мяшка... А існуюць іх дзесяткі і сотні”.