Cёньняшнія ўплывовыя заходнія выданьні пішуць пра тое, што беларуская дзяржава дыскрымінуе ўласных прыватных прадпрымальнікаў і адначасна “міжволі стварае магчымасьці для заходняга капіталу”.
Як піша аўстрыйская “Die Presse”, “у той час як на 1000 жыхароў Аўстрыі прыпадае 40 дробных і гэтак званых сярэдніх прадпрымальнікаў, то ў Беларусі – толькі 4. Іх доля ў валавым унутраным прадукце складае прыкладна 8%.
Улічваючы тое, што эканамічны рост краіны ў зьвязку зь цяперашнімі коштамі прыроднага расейскага паліва паступова завяршаецца, Беларусь магла б быць зацікаўленая ў больш інтэнсіўным выкарыстаньні патэнцыялу прадстаўнікоў малога і сярэдняга бізнэсу, падкрэсьлівае “Die Presse”.
Паводле аўстрыйскага выданьня, “дзейнасьць прыватных прадпрымальнікаў у Беларусі па-ранейшаму дыскрымінуецца, а кіраўнік дзяржавы Лукашэнка называе іх абразьлівым словам “спэкулянты”. “Свой уплыў на прыватны бізнэс дзяржава задавальняе як высокімі арэнднымі коштамі, так і інструкцыямі наконт таго, колькі і паводле якіх коштаў дазволена прадаваць той ці іншы тавар”.
У той час як для беларускіх прыватных прадпрымальнікаў ўмовы для бізнэсу толькі ўскладняюцца, праўдападобна, што для заходніх уладальнікаў капіталу беларускае кіраўніцтва ў гэтым накірунку міжволі адкрывае нейкія новыя магчымасьці. Адным зь вядучых укладальнікаў заходняга капіталу ў Беларусі зьяўляецца менавіта Аўстрыя. Яна мае ў гэтай краіне падкантрольны банку “Raiffeisen Zentralbank” “Прыёрбанк”, ня так даўно набыла другі па велічыне канцэрн мабільнай тэлефоннай сувязі “Velcom”. Гэтая зьдзелка каштавала на першым этапе 700 млн. эўра”, піша аўстрыйская газэта.
"Працуючы ў гэтай галіне ў Беларусі лёгка трапіць у яму”
Тым часам “International Herald Tribune” піша пра пэрспэктывы і рызыкі заходняга капіталу на беларускім рынку нерухомасьці.
Як кажа ў інтэрвію выданьню адзін з уладальнікаў “Беларускага гандлёвага дому” ў Брытаніі Кэвін Сміт, "працуючы ў гэтай галіне ў Беларусі лёгка трапіць у яму, аднак, калі ведаеш, дзе гэтыя ямы, можна лёгка пазьбегнуць падзеньня”.
Паводле Кэвіна Сміта, які ў тым ліку займаецца імпартам у Брытанію такіх беларускіх тавараў як віно “Ігрыстае” і гарэлка ”Крышталь”, ён не выключае свайго ўдзелу ў беларускім рынку нерухомасьці. Галоўная перавага – гэта кошты. У параўнаньні зь іншымі буйнымі ўсходнеэўрапейскімі гарадамі кошт жыльля ў Менску даволі танны.
Брытанскі экспэрт лічыць, што ў зьвязку са спрэчкамі з Масквой Менск за апошні год адкрыўся для бізнэсоўцаў ЗША і Эўропы значна болей, чым за ўвесь папярэдні час.
Пра патэнцыял беларускага рынку нерухомасьці, асабліва пра гэтак званы офісны рынак сьведчыць у размове з “International Herald Tribune” і выканаўчы дырэктар беларускага офісу “Colliers International” Міхаіл Градовіч. Пры гэтым прадстаўнік міжнароднай кансалтынгавай кампаніі па камэрцыйнай нерухомасьці ўказвае на пэўныя рызыкі ды праблемы замежных інвэстараў у Беларусі.
Як піша выданьне, “беларуская эканоміка ўсё яшчэ нагадвае савецкую; сёньня многае ў ёй вырашаецца на ўзроўні аднаго чалавека”. Усё гэта, паводле газэты, палохае як прадпрымальнікаў, так і патэнцыяльных пакупнікоў беларускага жыльля. Акрамя таго, новае камэрцыйнае будаўніцтва ў Беларусі мае вельмі нізкую якасьць. Толькі невялікая колькасьць будынкаў магла б адпавядаць узроўню міжнароднай клясы “А”.
Тым часам расейскія кампаніі, якія прызвычаіліся працаваць у беларускіх умовах, уключаюць у падобныя будаўнічыя праекты шмат замежных інвэстараў. Паміж краінамі няма афіцыйнай мяжы, таму капітал трапляе з Расеі ў Беларусь лягчэй, чым зь нейкай іншай краіны, піша “International Herald Tribune”.
“Colliers International” – вядучая міжнародная кансалтынгавая кампанія, якая займаецца пытаньнямі камэрцыйнай нерухомасьці. Штаб-кватэра “Colliers” знаходзіцца ў Бостане (ЗША), а офісы – у Паўнойчнай і Паўдзённай Амэрыцыі, Эўропе і Азіі. На рынках СНД і краінаў Балтыі – ад сярэдзіны 90-х. Прадстаўніцтва кампаніі ў Менску адкрыта ў траўні 2007. “Colliers International” – пакуль адзіная з прадстаўленых у Беларусі міжнародных кансалтынгавых кампаніяў у галіне камэрцыйнай нерухомасьці.
“Belarus Trade House” (“Беларускі гандлёвы дом”) зьяўляецца гандлёвай кампаніяй, заснаванай па просьбе беларускай амбасады ў Вялікабрытаніі дзеля дапамогі беларускім кампаніям у пошуку крыніцаў фінансаваньня на рынках лёнданскага Сіці. Уладальнікі “Беларускага гандлёвага дому” Крыс Мур, Марк Пэрсэй і Кэвін Сміт раней працавалі банкірамі ці адмыслоўцамі па сувязях у інвэстыцыйных банках і кампаніях.