Сёньня раніцай аднаго зь лідэраў прадпрымальніцкага руху Алеся Макаева выклікаў да сябе намесьнік кіраўніка менскай міліцыі Аляксандар Найдзенка.
Спадар Макаеў паведаміў Радыё Свабода, што пасьля кароткай размовы яго павезьлі ў міліцыю Маскоўскага раёну Менска. Ён паведаміў, што на яго складуць пратакол за дробнае хуліганства.
Прадпрымальнік з жалем канстатаваў, што ўлады ўжылі стары прыём, адпрацаваны яшчэ падчас падзеяў 2006 году.
А.Макаеў папрасіў А.Найдзенку паспрыяць, каб арыштаваным удзельнікам акцыі дазволілі перадаць спальнікі і цёплыя рэчы.
Сам Макаеў падчас акцыі фактычна знаходзіўся пад хатнім арыштам. Яго затрымалі 10 студзеня на прыпынку грамадзкага транспарту разам з маленькім сынам.
Жонка А.Макаева Крысьціна сказала Радыё Свабода:
“У судзе сказалі, што недзе а 17-й гадзіне будзе суд. Ён зараз там. Але яны яшчэ самі нічога ня ведаюць. Цяпер прыехала дадому, зьбіраю рэчы”.