У сьпісы невыязных – за запазычанасьць па камунальнай аплаце?


За першы тыдзень Новага году некалькі дзесяткаў беларусаў ужо трапілі ў непрыемную сытуацыю, калі на мяжы іх не выпусьцілі з краіны, патлумачыўшы, што яны знаходзяцца ў базе дадзеных так званых “невыязных”.

Рэдкі дзяржаўны орган ня мае права вэта

Натуральна, усе прэтэнзіі людзі, якіх не пусьцілі за мяжу, выказваюць памежнікам. Але Дзяржаўны памежны камітэт нікога ў базу дадзеных ня ўносіць, -- запэўніў Радыё Свабода супрацоўнік гэтага ведамства Аляксандар Цішчанка:

“Мы толькі карыстальнікі базы. Ёсьць розныя кампэтэнтныя структуры – суды, органы ўнутраных спраў, падатковыя органы – тыя, хто мае права гэтыя абмежаваньні да чалавека ўжываць. Памежнікі гэтым не займаюцца”.

Намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун патлумачыў, хто мае права накладаць абмежаваньні на выезд:

“Усе органы, якія вядуць расьсьледаваньні і заводзяць крымінальныя справы: пракуратура, суд, Дэпартамэнт фінансавых расьсьледаваньняў, органы ўнутраных спраў, Камітэт дзяржаўнай бясьпекі. Усё залежыць ад таго органа, які расьсьледуе крымінальную справу і ад таго, у якім стане знаходзіцца асоба: калі яна прызнаная падазраванай альбо абвінавачанай, калі яна пад падпіскай аб нявыезьдзе, ці наагул арыштаваная”.

Па сутнасьці, праводзіцца такая ж самая праверка асобы, як і пры падачы дакумэнтаў на атрыманьне дазвольнага штампу, -- кажа супрацоўнік Дзяржаўнага памежнага камітэту Аляксандар Цішчанка:

“Фактычна гэта тая ж самая працэдура, якая праводзілася Дэпартамэнтам па грамадзянству і міграцыі МУС. Толькі зараз яна ажыцьцяўляецца ў рэальным рэжыме часу ў пункце пропуску празь мяжу – то бок праверка па базе дадзеных: чалавек мае праблемы з законам альбо не”.

Неплацельцаў камунальных паслугаў – у невыязныя?

Акрамя тых, хто мае праблемы з законам, у базу дадзеных трапляюць алімэнтшчыкі, тыя, хто ў тэрмін не выплачвае крэдыт, штраф, пазычаў грошы і не разьлічыўся. У адпаведнасьці з артыкулам 254 Грамадзянска-працэсуальнага кодэксу, суды па заяве зацікаўленых у вырашэньні справы асобаў альбо па сваёй ініцыятыве могуць ужыць захады на задавальненьне пазову. Да прыкладу, ЖЭСы такім чынам пачалі змагацца ня толькі са злоснымі неплацельнікамі за камунальныя паслугі, але і з тымі, у каго ёсьць запазычанасьць нават за адзін месяц. Суды фактычна заваленыя пазовамі ЖРЭУ. Гаворыць судзьдзя аднаго са сталічных судоў:

“Я, да прыкладу, узьняла пытаньне: альбо чалавек 2 мільёны дзяржаве вінен, альбо 150 тысяч – ёсьць розьніца? А ў пазовах бывае і 120 тысяч, і 6 мільёнаў. Але ў заканадаўстве сума не вызначаная. Проста ў пункце 1 артыкула 255 ГПК запісана: “захадамі па забесьпячэньні пазову могуць быць наклад арышту на маёмасьць, а таксама забарона ажыцьцяўляць пэўныя дзеяньні, у тым ліку і выезд за межы Беларусі”.

На пастанову суду можа быць пададзеная прыватная скарга альбо вынесены пратэст пракурора. У тым выпадку, калі чалавек разьлічыўся са сваімі даўгамі перад дзяржавай (заплаціў штраф, падаткі, пагасіў запазычанасьць па крэдыту ці па квартплаце), яго павінны з базы дадзеных выключыць, -- тлумачыць намесьнік начальніка Дэпартамэнту па грамадзянству і міграцыі Міністэрства ўнутраных спраў Беларусі Аляксей Бягун:

“Ёсьць мэханізм, які рэглямэнтуе гэтыя пытаньні – Міністэрства юстыцыі, судовыя выканаўца, якія накіроўваюць зьвесткі ў банк дадзеных пра тое, што вы ўжо не ўхіляецеся ад выкананьня абавязацельстваў, якія накладзеныя на вас судом. Усё, праз два дні вас з банку дадзеных выключаюць”.

Расея для невыязных беларусаў – як “вакно ў Эўропу”

Любы грамадзянін можа зьвярнуцца ў аддзел па грамадзянству і міграцыі па месцы жыхарства і зрабіць запыт – ці ёсьць яго прозьвішча ў банку дадзеных. Прычым, АГіМы робяць гэта бясплатна.

Але нават у тых, хто дакладна трапіў базу невыязных, пакуль яшчэ ёсьць шанец пакінуць межы Беларусі – спачатку праз празрыстую мяжу з Расеяй, а потым – бесьперашкодна ў любую краіну сьвету. Супрацоўнік Дзяржаўнага камітэту Аляксандар Цішчанка кажа:

“У прынцыпе, не памежная служба абменьваецца банкамі дадзеных з зацікаўленымі структурамі, дапусьцім, Расеі альбо Ўкраіны. Павінны быць міжнародныя пагадненьні на ўзроўні Міністэрстваў унутраных спраў Беларусі і Расеі па абмену інфармацыяй, па абмену банкамі дадзеных”.

Ведаюць пра магчымасьць пакінуць Беларусь праз Расею і супрацоўнікі МУС. Але хутка і гэта “дзірка” у мяжы будзе залатаная, -- сьцьвярджае Аляксей Бягун:

“Пакуль ёсьць праблема. Але зараз з Расейскай Фэдэрацыяй праца працягваецца. Хутка і гэтая “лазейка” прыкрыецца. У Расейскую Фэдэрацыю перададзім адпаведны банк дадзеных”.