Ініцыяваная ўладай адмена сацыяльных ільготаў закранула большую частку насельніцтва Беларусі. На працягу апошніх тыдняў, калі пачаў дзейнічаць новы закон, гэтыя зьмены многія адчулі на ўласнай кішэні. Тэма адмены льготаў — галоўная ў нашай пошце першых дзён новага 2008-га году.
Вось што піша з гэтай нагоды Яўгенія Казлова з Воршы:
“Раней лекі хворым на цукровы дыябэт адпускалі ў аптэках бясплатна. Цяпер за жыцьцёва неабходныя прэпараты яны вымушаны плаціць. Ды яшчэ трэба прытрымлівацца адмысловай дыеты: спажываць ялавічыну лепшых гатункаў, якая каштуе ад 14 да 17 тысяч; рыбу, якая таксама ня танная; садавіну... А як заплаціш за камунальныя паслугі, дык што застанецца ад зарплаты ці пэнсіі? Так і хочацца спытаць: спадар Лукашэнка, ці ўзгаднялі Вы сваё рашэньне зь міністрам аховы здароўя? Вы ж разам з дэпутатамі (так званымі “слугамі народа”) аддаяце гэтых няшчасных людзей на згубу. У выніку павялічыцца сьмяротнасьць гэтых хворых. Няўжо за іх кошт вы хочаце палепшыць эканамічнае становішча?
Людзі плачуць, людзі ў адчаі і безвыходнасьці. Бываю ў паліклініцы: чую, ведаю. Нават тыя, хто заўсёды галасаваў за Лукашэнку, кажуць: “Як ён мог так зрабіць?”
Пакуль ня позна, Лукашэнка павінен адмяніць сваё рашэньне. Няхай зрэжа заробак сваім палатнікам (а ім дадалі па 200 даляраў), абслузе, міліцыянтам, “вэртыкальшчыкам”… На сваім вяку я не магу згадаць, каб улада так абышлася з хворымі людзьмі. Такога не рабілі нават камуністы…”
Закон, якім былі адменены сацыяльныя льготы, у свой час прайшоў узгадненьне ва ўсіх ведамствах, да якіх мелі дачыненьне льготнікі — у тым ліку, спадарыня Казлова, і ў Міністэрстве аховы здароўя. Кіраўнікі гэтых ведамстваў вельмі рэдка адважваюцца адкрыта пярэчыць супраць законапраектаў, якія нараджаюцца ў нетрах Адміністрацыі прэзыдэнта.
Пра жыцьцё пэнсіянэра без ільготаў паведамляе ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні сябар Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Ён піша:
“У выніку ў мінулым месяцы ў мяне не хапіла грошай прыблізна на сем дзён. Давядзецца крыху перагледзець бюджэт. Напэўна, адмоўлюся ад падпіскі на газэты (раней выпісваў тры назвы) і на часопіс садавода. Абмяжую сябе і ў кнігах.
На адзін толькі гатунак неабходных мне лекаў цяпер трэба выкласьці палову пэнсіі. Нібыта абяцалі такім, як я, дапамогу. Але, аказваецца, атрымаць яе зусім ня проста. Улічваюць і тое, што маеш прысядзібны ўчастак, і што жывеш з маці-пэнсіянэркай. У выніку, нібыта, даход у цябе большы, чым 185 тысяч. А таму выжывай, як хочаш…”
Наш слухач Леанід Курпатаў зь Ліды таксама разважае пра адмену сацыяльных ільготаў. У сваім лісьце на Свабоду ён піша:
“Савецкія людзі, працуючы на карысьць дзяржавы, атрымлівалі з кожнага заробленага рубля ўсяго 9 капеек — усё астатняе ішло ў дзяржаўную кішэню. Пры гэтым улада спасылалася на тое, што ў нас былі бясплатныя мэдыцына, адукацыя, жыльлё, праезд для пэнсіянэраў і навучэнцаў, паніжаны кошт камунальных паслугаў, тэлефону ды іншага… Іншымі словамі, нізкія заробкі кампэнсаваліся бясплатнымі паслугамі. Праўда, пры гэтым шмат хто з прычыны кароткай працягласьці жыцьця да тых бясплатных паслугаў не дажываў…
Дык вось, ніякіх ільготаў у нас не было — была кампэнсацыя за нашы нізкія заробкі. А цяпер дзяржава яе адабрала (а прасьцей кажучы, абрабавала ўсіх, хто дзяржаўную кішэню напаўняў).
А льготы былі і засталіся ў тых, хто цяпер пры ўладным карыце. Такіх у дзяржаве вельмі многа, і колькасьць іх з кожным годам толькі павялічваецца.
На Захадзе ж усё па-іншаму: там работнік атрымлівае 70 працэнтаў заробленага, а на падаткі ідзе ня болей за 30 працэнтаў”.
Чыноўнікі сьцьвярджаюць, што ніякіх ільготаў даўно ня маюць. І сапраўды, ні бясплатнага праезду, ні льготных рэцэптаў на лекі ім не даюць. Даюць іншае: напрыклад, нечарговыя льготныя крэдыты на будаўніцтва жыльля альбо падвышаную пэнсію за дзяржаўную службу. І ў тым, і ў другім выпадку бюджэтныя выдаткі вымяраюцца дзясяткамі тысяч даляраў на кожнага чыноўніка, які атрымлівае такую кватэру або такую пэнсію. Гэта — зусім ня тыя капейкі, якія адабралі ў выглядзе льготных праязных білетаў і бясплатных рэцэптаў у звычайных пэнсіянэраў ды інвалідаў.
Свой погляд на палітычныя вынікі 2007 году ў нашага слухача Уладзімера Качуркі з пасёлку Радунь Воранаўскага раёна. Ён піша:
“У мінулым годзе мне вельмі часта хацелася задаць палітыкам, якія выступалі па Свабодзе, усяго два кароценькія пытаньні: “Чаму?” і “Навошта?” Але, прааналізаваўшы ўсе іхныя цяперашнія і мінулыя выступы, я прыходзіў да адной і той жа высновы: усе іхныя магчымыя адказы ўжо вядомыя, і яны не выклікаюць у мяне аптымізму. Пытацца бессэнсоўна, а займацца садамазахізмам — агідна. У выніку — усё гэта вельмі сумна”.
Ці толькі аптымістычных адказаў варта чакаць ад палітыкаў, спадар Качурка? Дарэчы, каб не атрымліваць аднатыпных і загадзя вядомых адказаў, у журналістаў ёсьць правераны мэтад — задаваць сваім суразмоўцам небанальныя і канкрэтныя пытаньні.
Наш слухач Аляксандар Яцкевіч зь Віцебску летась ужо пісаў на Свабоду — скардзіўся на тое, што цяжка знайсьці працу. У навагодняй пошце — новы ліст ад яго. Спадар Яцкевіч піша:
“Неяк вы, зачытваючы мой допіс, параілі, як і дзе можна працаўладкавацца… Не, даражэнькія! Ёсьць мэдычныя забароны: працаваць толькі тры чвэрці працоўнага дня; цяжар больш за 6 кіляграмаў не паднімаць; хвалюючыя абставіны абыходзіць… Хто возьме на працу такога работніка, якому да таго ж 57 год?..
За апошняе дзесяцігодзьдзе жыцьцё ў нас толькі пагаршаецца. Уладзе, напэўна, падабаецца зьдзекавацца зь бездапаможных ахвяраў, хадзячых мерцьвякоў. Краіну падзялілі на ахвяраў і на тых, хто павінен жыць за іхны кошт… Там, дзе няма павагі ні да сябе самога, ні да сваіх родных і блізкіх, мы чагосьці чакаем?”
Адзін мой знаёмы, былы ўнівэрсытэцкі выкладчык, стаміўшыся ад нэрвовай працы і не знайшоўшы паразуменьня з ідэалягічнымі начальнікамі, вымушаны быў звольніцца са сваёй ВНУ. Доўга і бясплённа шукаў новае месца. Цяпер працуе вартаўніком на аўтастаянцы. Адначасова піша кнігу прозы. Узяцца за кнігу марыў многія гады, але не было часу. Цяпер часу багата. Выглядае чалавекам, абсалютна задаволеным сваім жыцьцём.
Гэта я, спадар Яцкевіч, не ў парадку парады, каб Вы ішлі працаваць на аўтастаянку. Проста часам мы не заўсёды выразна ўсьведамляем, які занятак у найбольшай ступені адпавядае нашым унутраным запатрабаваньням.
Аўтар наступнага ліста — Іван Савіч зь вёскі Багданаўка Лунінецкага раёну — выказвае заўвагі да зьместу перадач Свабоды. Ён піша:
“Асабіста я лічу, што на радыё такога кшталту, як ваша, большая ўвага павінна аддавацца не палітыцы і эканоміцы, а гісторыі, культуры, рэлігіі. То бок павінен быць не матэрыяльны, а духоўна-культурны зьмест. Асабіста мне найбольш даспадобы гістарычныя і літаратурныя праграмы, а таксама “Сымбаль Веры”. Вы ж цудоўна разумееце, што ў нашай краіне поўны вакуўм у гэтым пляне. Калі народ ня ведае сваёй гісторыі, дык ён ня здатны на прагрэсіўныя зьмены. Таму трэба прыкладаць як мага больш сілаў дзеля рэанімацыі гістарычнай памяці народа.
Я таксама вельмі ўсьцешаны, што нарэшце выходзіць незалежнае спадарожнікавае тэлебачаньне — гэта сапраўдны прарыў для нашага грамадзтва. “Свабоду” я таксама слухаю праз спадарожнік: якасьць шыкоўная. Як ні дзіўна, але новы тэлеканал “Белсат” можа стварыць пэўную рэкляму для “Свабоды” як радыёстанцыі, якую можна слухаць праз спадарожнік. Гэта адкрые новыя мажлівасьці для гэтага цудоўнага радыё”.
У розных слухачоў — розныя зацікаўленьні. Думаем, спадар Савіч, значная частка аўдыторыі не падтрымала б нас, калі б мы засяродзіліся толькі на пытаньнях гісторыі, культуры і рэлігіі коштам актуальных падзеяў палітыкі і эканомікі. У Беларусі вельмі мала сродкаў масавай інфармацыі, якія не залежаць ад цяперашняга рэжыму і зь якіх можна атрымаць аб’ектыўныя навіны пра падзеі ў краіне і вакол яе. Аматарам нацыянальнай гісторыі пры ўсіх вядомых праблемах усё ж прасьцей: у бібліятэках ня так цяжка знайсьці кнігі па гэтай тэматыцы, выдадзеныя напрыканцы 80-х і на пачатку 90-х гадоў, калі ў Беларусі не было палітычнай цэнзуры.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by