Справу амаль 4 гады таму завяла Менская гарадзкая пракуратура паводле артыкулу аб паклёпе на прэзыдэнта Беларусі. Пакараньне за такое злачынства — да 5 гадоў зьняволеньня. Паклёп сьледчыя западозрылі ў выказваньнях, якія Анатоль Лябедзька зрабіў у праграме Мікалая Сванідзэ “Зеркало” на тэлеканале РТР. Праграма выйшла ў эфір у сакавіку 2004 году. Палітыка паўгода выклікалі на допыты, а потым сьледчыя дзеяньні спыніліся. Анатоль Лябедзька згадвае, што сам пацікавіўся лёсам справы ў сьледчых.
“І мне тады паведамілі, што справа не закрытая. А чаму яе прыпынілі, а не закрылі або перадалі ў суд? Яны сказалі, што ў гэтым вінаваты расейскі бок. Бо не выконвае сваіх абавязкаў, што да прававой дапамогі”.
Беларускія сьледчыя прасілі расейскіх калегаў узяць тлумачэньні ў гэтай справе ў Мікалая Сванідзэ, але тыя з гэтым нібыта зацягнулі. Анатоль Лябедзька кажа, што пазыцыя Мікалая Сванідзэ яму вядомая. Расейскі журналіст гатовы быў прыехаць у Беларусь, каб даць тут тлумачэньні, але яго ніхто не выклікаў.
Высьветліць, так гэта ці не, у самога Мікалая Сванідзэ не ўдалося. Сёньня ў Расеі выходны дзень, і працоўны тэлефон журналіста не адказваў. “Гэта сьмешна, што за чатыры гады яны ня змаглі пагутарыць са Сванідзэ”, — пракамэнтаваў дзеяньні сьледчых Анатоль Лябедзька. Прычыны ён бачыць у палітыцы.
“Калі б да мяне былі нейкія юрыдычныя прэтэнзіі, я б не атрымаў за гэты пэрыяд тры пашпарты з адмысловым штампам для выезду за мяжу. Гэта ўзьнікла цяпер, пасьля маёй паездкі ў ЗША”.
"Вінаваты новы парадак"
Кіраўнік прэсавай службы міністэрства ўнутраных спраў Алег Сьлепчанка ня бачыць палітычных прычын у тым, што Анатоль Лябедзька патрапіў у сьпіс невыязных. Паводле ягоных словаў, з 1 студзеня пачаў дзейнічаць новы парадак, і цяпер асобы, якія праходзяць у крымінальных справах як падазроныя, аўтаматычна становяцца невыязнымі. Раней гэта рэгулявалі сьледчыя, беручы падпіску пра нявыезд.
“Вось яшчэ катэгорыя — падазроныя па крымінальнай справе, да заканчэньня крымінальнай справы, гэта значыць, крымінальнага перасьледу. Гэтак прапісана ў палажэньні”, — кажа Алег Сьлепчанка.
Ці зьбіраецца Анатоль Лябедзька абскардзіць рашэньне аддзелу па грамадзянстве і міграцыі? Палітык зьвяртае ўвагу на тое, што закон не дае яму такой магчымасьці. “Пакуль мая задача — прыцягнуць да гэтай гісторыі максымальную ўвагу, бо гэтак могуць пацярпець і іншыя грамадзяне”, — сказаў Анатоль Лябедзька.
Аддзел міліцыі па грамадзянстве і міграцыі паведаміў Анатолю Лябедзьку, што той ня мае права выезду за мяжу. Лідэр Аб’яднанай грамадзянскай партыі -- падазраваны ў крымінальнай справе.