Інфармацыйнае агенцтва БелТА паведаміла, што Міністэрства юстыцыі Беларусі мае намер ініцыяваць ліквідацыю Партыі камуністаў Беларускай.
Намесьніца старшыні партыі Алена Скрыган лічыць, што Мін’юст ня зможа пачаць працэс ліквідацыі партыі да 2 лютага.
“Жаданьне ў міністэрства юстыцыі даўно такое ёсьць, але да 2 лютага дзейнасьць партыі прыпыненая рашэньнем Вярхоўнага Суду. І я думаю, што да 2 лютага нічога адбыцца ня можа, якія б жаданьні ні былі. За 10 дзён да гэтага тэрміну мы павінны зрабіць для міністэрства юстыцыі справаздачу пра тое, як мы выканалі рашэньне суду, прыкласьці дакумэнты да гэтага рашэньня. І толькі пасьля 2 лютага могуць рабіцца пэўныя захады Мін’юсту.
Гэта рэальныя пагрозы, і яны могуць тычыцца любой палітычнай партыі, калі на гэта будзе палітычная воля нашага кіраўніцтва. Лічу, што наконт нашай партыі такая воля даўно ёсьць. А як яна будзе выконвацца? Пабачым...”, —кажа Алена Скрыган.
Тым часам першы сакратар ЦК ПКБ Сяргей Калякін накіраваў ліст у Міністэрства юстыцыі, Вярхоўны Суд і БелТА ў сувязі з вышэйзгаданым паведамленьнем гэтага інфармацыйнага агенцтва.
Як піша Калякін, “усе факты гэтага паведамленьня не адпавядаюць рэальнасьці, паколькі шасьцімесячны тэрмін прыпыненьня дзейнасьці партыі заканчваецца 2 лютага 2008 году”. І кіраўніцтва ПКБ расцэньвае “гэтае паведамленьне як палітычна матываваную акцыю, мэтаю якой зьяўляецца чарговая кампрамэтацыя ПКБ”, гаворыцца ў лісьце.
Летась 2 жніўня Вярхоўны Суд Беларусі прыпыніў на шэсьць месяцаў дзейнасьць Партыі камуністаў Беларускай. Менавіта на такім пакараньні настойвала Міністэрства юстыцыі. ПКБ цягам году атрымала тры папярэджаньні. Мінюст ставіць у віну партыі сыстэматычнае парушэньне патрабаваньняў заканадаўства — удзел партыі ў стварэньні Саюзу левых партыяў, а таксама падачу ў міністэрства “непраўдзівай інфармацыі пра асабовы колькасны склад партыі”.