Павал Казлоўскі: “Масква нешта рыхтуе Беларусі”

На навагодняе пытаньне Радыё Свабода адказвае былы міністар абароны Беларусі Павал Казлоўскі.

Што адбудзецца ў вашым жыцьці, у Беларусі, у сьвеце ў 2008 годзе?

“У 2008 годзе будзе жаніцца малодшы сын, унукі падрастаюць, старэйшаму зь іх ужо 19-ты год. Таму жыцьцё ідзе добра, стабільна. Што да падзей у краіне і ў сьвеце — гэта цяжка прадказаць, але вялікія зьмены могуць чакаць і Беларусь.

Я пад Новы год быў у Маскве, віншаваў свайго калегу, цёзку Паўла Грачова, якому споўнілася 60 гадоў. Гутарыў там шмат з кім, і агульная думка такая, што Ўладзімер Пуцін сур’ёзна нацэлены на тое, каб саюз Расеі і Беларусі з мары перайшоў у рэальнасьць. Мае суразмоўцы казалі пра саюз, у якім Пуцін будзе прэзыдэнтам, Лукашэнка атрымае добрую пасаду, таксама будуць задзейнічаныя іншыя расейскія палітыкі. Апошняя іх сустрэча ў Менску, калі была доўгая гутарка сам-насам, падкрэсьлівае гэты варыянт.

Паводле зьвестак, не зусім з гэтым згодны Лукашэнка. Ці пагодзіцца ён у далейшым? У навагоднім віншаваньні ён сказаў, што Беларусь як сувэрэнная краіна адбылася. Магчыма, будзе саюз паводле эўрапейскага варыянту, але, мяркую, гэта сур’ёзныя пляны, Расея сапраўды нешта зноў рыхтуе. Гэты год пакажа: альбо Беларусь увойдзе ў саюз з Расеяй, альбо размовы пра яго канчаткова страцяць сэнс”.