Паседжаньне рабочай групы па перамовах паміж прадпрымальнікамі і чыноўнікамі сарванае.
На ім прысутнічалі, з аднаго боку, старшыні радаў прадпрымальнікаў рынкаў і гандлёвых цэнтраў, з другога – старшыня камітэту ў справах прадпрымальнікаў Менгарвыканкаму Аляксандар Каліноўскі, дырэктар дэпартамэнту прадпрымальніцтва Міністэрства эканомікі Аляксандар Ліхачэўскі, прадстаўнікі цэнтру занятасьці, мытнага камітэту, Міністэрства працы.
На паседжаньні чыноўнікі прапанавалі абмеркаваць розныя пытаньні, у тым ліку пераход да новай формы гаспадараньня – прыватнага ўнітарнага прадпрыемства. Абмеркаваньне сытуацыі з указам № 760, які забараняе прадпрымальнікам з 1 студзеня наймаць на працу несваякоў, чыноўнікі паставілі апошнім пунктам. Прадпрымальнікі ж прапанавалі пачаць якраз з гэтага апошняга пытаньня.
Як паведаміў “Свабодзе” Анатоль Шумчанка, Аляксандар Каліноўскі катэгарычна заявіў, што ўказу № 760 адмяняць ня будуць і адтэрміноўкі дзеяньня ўказу таксама ня будзе. Пасьля гэтага прадпрымальнікі, сярод якіх быў і Аляксандар Макаеў, пакінулі залю. Пры гэтым яны заявілі, што далейшыя перамовы будуць весьці на плошчы.