Мой большы ўнук, якому вось-вось будзе 18, называе ягаднае і фруктовае варэньне “сочыва”. Гэтае слова ён пераняў ад маці, якая прынесла гэтую назву з “Майстроўні”, калі яшчэ была студэнткай БДУ і хварэла на патрыятычны лексычны пурызм: каб толькі не было падобна на расейскае!
Я кажу яму: гэта ўсё ж-такі страва для Сьвятога вечару. Гэта можа быць крупяная каша, “прыкінутая” сокам (“малаком”) зь сямян: ільну, арэхаў, маку, каноплі, міндалю - у каго што ёсьць. І ядуць яе пасьля зьяўленьня першай зоркі на небе. Гэтая посная страва мае свой жыцьцёвы знак, адводзіць чалавека ад жарсьцяў, хіліць да роздуму пра дабро і шчасьце… Унук па-філязофску іранічна адказвае: “А я хачу шчасьця штодня, таму і ем штораніцы і штовечара сочыва…”
У гэтых хлапечых, нецярплівых і франдзёрскіх словах ёсьць свой мэтафарычны сэнс. Чалавек народжаны для чыну дабра і шчасьця. Малады хоча шчасьця тут і зараз. Старэйшы, магчыма, знаходзе сапраўднае шчасьце ў добрым чыне…
***
У гэтым годзе ў Беларусі ў калядна-навагоднія дні думкі пра вечнае і добрае раз-пораз прыцямняюцца трывожнай штодзённай смугой нават у тых, для каго Каляды – сьвята для душы, а ня “праздная” мітусьня. Штодзень пагрозьліва нагадвае пра сябе.
У сераду 26-га еду рэйсавым аўтобусам па Менску з аднаго канца горада ў другі. Мая суседка – дагледжаная дама, чытае часопіс “Главный бухгалтер”. У праходзе разнамасная публіка. Амаль увесь шлях у аўтобусе для Мінску незвычайна ажыўлена.
Падпіты мужчына да дамы з часопісам: “Ну што там прэзыдэнт пра зарплату піша?”.
Голас побач: “Падарункі робіць прэзыдэнт! Вунь “Водаканал” 20% -ыя зьніжкі на ваду адмяніў, а гэта ж былі ня льготы, а кампэнсацыя за лічыльнікі. Мы ж самі іх куплялі!”.
-- “Што лічыльнікі, -- мой унук цяпер во штодня дзьве чатырыста за праезд у тэхнікум плоціць. Ды на перакуску пяцёркі мала. А маці з бацькам у месяц разам 700 маюць”.
– “Кажуць, што зьніжку на лічыльнікі вернуць, памылка выйшла, прэзыдэнт ураду клізму за гэта ўставіў…”
– “Ды кіньце вы! Гэта ў іх усё як па нотах! У адну дудку дуюць…”
– “Вунь у Шэймана грудзі па пуп у медалях, як у Жукава, а за кожны мядаль – грошы!”
– “Ды не даюць за гэта грошы!”.
– “Во Расея паўтара мільярда дала, а чаго гэта Лукашэнка пятлю закінуў ды душыць?”
– “Ды яшчэ два абяцала…”.
– “Дык гэта ж аддаваць трэба. Будзем на кручку. Вунь, кажуць, расейцам ужо палову лесу прадалі, а кітайцам агратурызм…”
– “Кітайцы ўсё падчысьцяць, зьядуць усё, што поўзае.”
– “А кітайцы так ня п’юць, як нашы. У цілівазары паказвалі, расейскія бабы за кітайцаў замуж ідуць і задаволеныя…”
– “Паплача Расея з гэтымі кітайцамі! Хай лепш немцам зямлю ў Сібіры даюць, дык парадак будзе.”
– “Новы прэзыдэнт у Расеі парадак навядзе, гэты, як яго, малы ды галавасты? Во-во, Мядзьведзеў…”
– “Што Мядзьведзеў, сьмех: яны з Пуцінам, як два нанайцы барукаюцца. Ты мяне выстаўляеш і хваліш. А я цябе. Аж сьвет трасецца ад сьмеху… Во Гаварухін, той што “Варашылаўскага стралка” ставіў”, кажа: “Зрабілі новую КПСС!”.
– “Сталіна на вас няма! Падумаеш, білет падаражэў на 300 рублёў, мы вунь сталінскія аблігацыі на танкі куплялі, каб немцаў разьбіць!”.
– “Дык цяпер жа не вайна! Вунь у Шклове лядовы палац пабудавалі, а ён пусты стаіць! Грошы ўбухалі, а з нас скуру дзяруць. Настаўнікам толькі 24 дні адпачынку аплочваць будуць, астатняе за свой кошт…”
– “Кажуць, з сакавіка пенсіянерам, якія працуюць, скажуць: або пенсія, або зарплата!”…
– “А-я-я. людцы. Што ж гэта робіцца…?”
– “Вы што нічога добрага ня бачыце? Вунь дамы пачалі ўцяпляць тэрмафутрам, як у Эўропе, менш цяпла будзем траціць, квартплата панізіцца…”
– Ой, дзяржыце мяне, -- якое тэрмафутра? Гэта ж прэзэрватыў! Цагляныя дамы ў блокавыя перарабляюць, летам захліпнесься. Пенапласт ня дыхае! Дадуць сваім блатным фірмам зарабіць, а праз год аддзіраць будуць. Во асфальт скрозь на плітку мяняюць, гэта ж блатны завод робіць. Кажуць, там сынок вялікага начальніка камандуе. Капіталізм, а мы, дурныя, маўчым!”.
Усё, што я напісаў, - так і было. Толькі на больш-менш літаратурную беларускую мову пераклаў і нецэнзурныя словы выкінуў. Адна рэпліка мая. Не скажу, якая.
***
Трывожна. Мы і праўду маўчым. Аналітыкі гадаюць: пра што гэта Лукашэнка з Пуціным так доўга гаварылі? Беларускія дзяржаўныя тэлегаваруны радасна і бадзёра агучылі інфармацыю пра апошнія перамовы беларускага і расейскага прэм’ераў: эканамічнае абмеркаваньне ў заключнай частцы перарасло ў палітычны фармат. Расея, як частка “саюзнай дзяржавы” заявіла пратэст ЗША за санкцыі супраць Беларусі. Яшчэ адна нагода для аналітыкаў: раней такога фармату не было, каб так на эканамічным пасяджэньні палітыкавалася. Мы так прывыклі, што нас мала пра што пытаюцца. Як з той тэрмашубай для ўцяпленьня: адлічайце людцы грошы на капітальны рамонт, а мы вас абуем у што захочам. Пасьля можаце пратэставаць.