Колькі цяпер каштуе замовіць Дзеда Мароза і Сьнягурку?
Супрацоўнікаў службаў даведак пытаньне пра Дзеда Мароза і Сьнягурку не бянтэжыць: яны адным махам выдаюць стос арганізатараў казачных шоў з удзелам Дзеда Мароза і ягонай сцэнарнай унучкі:
“Замовы Дзедаў Марозаў? Зараз зірнем. Паслугі Дзедаў Марозаў і Сьнягурак перадусім прапануе “Моладзевая сацыяльная служба”. Гэтаксама ёсьць кампанія “Арт-Мікс”, у іх арганізацыя навагодніх сьвятаў, у якасьці дадатку гэтаксама прапануюцца Дзед Мароз і Сьнягурка. “Тандэм-студыя”: паслугі Дзеда Мароза і Сьнягуркі...”
Дзедаў Марозаў правераць на алькаголь
Усяго пералічана болей за дзясятак месцаў, дзе можна замовіць пераапранутых пэрсанажаў, якія прыносяць набытыя за грошы бацькоў падарункі. Зрэшты, як сьведчыць практыка, у шэрагу выпадкаў самадзейныя акторы чужыя грошы зь лёгкасьцю прапіваюць, што вымусіла менскія ўлады наладзіць кантроль за “дзедамі марозамі”. Як у тралейбусным парку ці таксапарку, цяпер перад выхадам на маршрут іх будуць правяраць мэдыкі на ўтрыманьне алькаголю ў крыві.
У “Моладзевай сацыяльнай службе”, падпарадкаванай Беларускаму рэспубліканскаму саюзу моладзі, назвалі такія расцэнкі:
“На 31 сьнежня – 77 тысяч рублёў. А ўсё, што акрамя 31-га, каштуе 72 тысячы. Пакуль амаль усё вольна на 2-3 студзеня наступнага году. На 3-е студзеня дык практычна ёсьць усе варыянты, толькі адна заяўка на вечар. Але ў любым выпадку заяўку трэба пакідаць ужо зараз, каб мы ўжо ўсё расьпісалі”.
Замовіць традыцыйнага для беларусаў Сьвятога Мікалая - праблема. Многія з тых, каму колісь давялося быць у марозавай скуры, называюць сытуацыю амаль тупіковай. Узгадвае колісь запатрабаваны Дзед Мароз, вядомы бард і актор Віктар Шалкевіч:
“Усё залежыць ад таго, наколькі бацькі гэтага патрабуюць, на колькі гэтага патрабуюць арганізацыі, якія замаўляюць Дзедаў Марозаў. Наколькі ўвогуле палітыка дзяржавы ўсяго гэтага патрабуе. Таму што ў 1990-я гады, калі гэта ўсё ішло да беларусізацыі, ну дык суцэльна ёлкі ладзіліся па-беларуску, і дзеці вершыкі на беларускай мове чыталі. А цяпер усё аднеслася да савецкіх часоў. Зразумела, што ў сярэдзіне 1990-х было інакш, бо тады і дзяржаўная палітыка суадносілася з працэсамі адраджэньня. І цалкам натуральна, што дзеці пры елцы больш чыталі беларускамоўных вершыкаў. Мы, адпаведна, гэтаксама стараліся, рабілі беларускамоўныя прадстаўленьні вакол навагодняй ёлкі. А цяпер - што тут казаць? Як ёсьць, так ёсьць...”
Дзе Сьнягурка гаворыць па-беларуску?
Зрэшты, праблема беларускамоўнага Дзеда Мароза і цяпер цалкам вырашальная. У прыватнасьці, з дапамогай Хрысьціны Вітушкі, якая ўжо колькі гадоў запар ладзіць у Менску калядную ялінку:
“Гэта ўжо сталася традыцыяй, чацьвёрты год мы ладзім гэткае сямейна-дзіцячае сьвята. Гэта ня столькі нейкае калегіяльнае рашэньне, колькі ўсё пайшло ад моманту нараджэньня майго дзіцяці і тэлефанаваньня іншым мамкам, іншым сем'ям з мэтай даведацца - куды можна схадзіць на беларускае сьвята. Тады нічога такога не было.
Дык вось, першыя разы ладзілі самі, а сёлета ўжо зьвяртаюцца ўсе зь перакананасьцю, што ўсё абавязкова будзе. І яно, натуральна, бо нікуды не падзецца. За гэты час ужо стварылася супольнасьць беларускіх сем'яў, стварылі мы сайт “Беларускія дзеткі”, і 30 сьнежня на Пляханава, 28/1 а 10.30 будзе беларуская ялінка зь дзедам Марозам, Сьвятым Мікалаем, Сьнягуркай і ўсімі атрыбутамі. Акрамя таго, згуртавалі мы добраахвотнікаў, студэнтаў-актораў, якія па дамове прыйдуць дахаты, павіншуюць, выслухаюць вершыкі”.
Паводле Хрысьціны Вітушкі, удзел дзетак і іх бацькоў у каляднай ялінцы нашмат таньнейшы за дзяржаўныя расцэнкі і, калі супастаўляць з папярэднімі гадамі, абыдзецца ў суму блізу 17 тысяч рублёў.
За мяжой зь беларускімі ялінкамі прасьцей
Дзе няма праблемаў зь беларускай ялінкай, дык гэта за межамі Беларусі. У Чыкага на Новы год ды Каляды зьжджаюцца беларусы з многіх амэрыканскіх штатаў, бо тут беларуская ялінка – адна зь лепшых у ЗША. У гэтым перакананая адна з арганізатарак эмігранцкай елкі Вера Рамук:
“Мы маем калядныя праграмы ў Музэі навукі і індустрыі. Менавіта там адбываліся нашы папярэднія калядныя праграмы. Там мы мелі сваю ялінку ад 1978 году, свае праграмы, якія назвалі “Каляды ў Беларусі”. Я сама пісала скрыпты, кожны год мы штосьці зьмянялі. Выступае ў нас пара польскіх сьпевакоў, якія актыўна дапамагаюць нашай праграме. І вось, хто ні прыходзіў да нашай ялінкі, адразу вельмі любілі яе, ацэньвалі яе надзвычай высока. Нават кіраўніцтва Музэю нам казала: ваша ялінка - найпрыгажэйшая. Але, маўляў, толькі не кажыце нікому, бо людзі зайздросныя. І гэта шмат у чым праўда, бо ялінка насамрэч вельмі прыгожая”.