Сёньня а 15-й гадзіне плянуецца сустрэча заяўнікаў акцыі прадпрымальнікаў з групай дэпутатаў Палаты прадстаўнікоў на чале са старшынём камісіі ў справах прамысловасьці, паліўна-энэргетычнага комплексу, транспарту, сувязі і прадпрымальніцтва Анатолем Паўловічам.
Як паведаміў Радыё “Свабода” старшыня аргкамітэту ў стварэньні грамадзкага аб’яднаньня “За свабоднае разьвіцьцё прадпрымальніцтва” Віктар Гарбачоў, сустрэча з дэпутатамі плянавалася яшчэ на 19 сьнежня. Але ў час аднадзённага страйку прадпрымальнікаў 11 сьнежня міліцыя затрымала іх лідэраў, якія затым былі асуджаныя на розныя тэрміны арышту. Прынамсі, Віктар Гарбачоў адседзеў 15 сутак.
Спадар Гарбачоў прагназуе, што перамовы будуць жорсткімі: “У Палаце нам паабяцалі, што на сустрэчу прыйдуць і прадстаўнікі выканаўчай улады – з міністэрства па падатках і зборах ды некалькі іншых ведамстваў. Ім мы т выкладзем свае патрабаваньні. Калі адказ уладаў будзе адмоўны, дык мы аб’явім 2008 год годам барацьбы прадпрымальнікаў за выжываньне”.
Фота Міхаіла Васільева.