У зацемцы “Мой Шыбалет” (17.12.07), разважаючы пра сувязь мовы, нацыянальнага характару, цынічнасьці і маральнасьці, я напісаў: “Непазьбежнасьць ісьціны схаваная перш за ўсё ў дарэчна ўжытым матываваным слове”. Магчыма, ня ўсе, хто слухае і чытае тэксты “Свабоды”, сустракалі слова “таварышаваньне”, што вынесена ў загаловак. Гэта ня я прыдумаў. Слова часта ўжывалася ў першую беларусізацыю ў 20-х гадах. Некалі Сяргей Грахоўскі ўзгадваў: “З Сымонам Баранавых мы хораша таварышавалі” (былі добрымі сябрамі). Не чужое было гэтае слова і Якубу Коласу. Яно нават у акадэмічным “Тлумачальным слоўніку” ёсьць – са спрэс станоўчай канатацыяй.
Мой лінгвістычны досьвед і пэўныя гістарычныя веды перашкаджаюць мне ўспрымаць гэтае слова толькі станоўча. Прычына ня ў тым, што ў дзяцінстве я чуў ад незадаволенай маці: “Во таварыша (або “драўгу” – літуанізм) сабе знайшоў!”. І не таму, што слова “таварыш” паходзіць зь цюрскага tavar+iš (“свойскае быдла”+”друг, кампаньён”), а я нібыта з антырасейскага рэсэнтымэнту асацыюю “рускіх” з “татарамі”, нешта накшталт: Grattez le russe et vous trouverez le tartare што значыць – паскабліце расейца, і вы знойдзеце татарына. За Напалеонам І гэта паўтаралі Дастаеўскі, Герцэн, Тургенеў ды інш. Я адэкватна ўспрымаю пушкінскае “Товарищ, верь, -- взойдет она, звезда пленительного счастья …”, бо з пункту гледжаньня сэміётыкі моўныя знакі не матываваныя і маюць у межах адной моўнай сістэмы умоўны характар . Небясьпечнасьць мультыкультуралізму, тым больш блізкароднаснага (беларуска-расейскага), у тым, што асоба пачынае блытаць элемэнты сыстэмаў і не адрозьніваць стылёва-сэмантычныя разыходжаньні таксама з улікам гістарычнага кантэксту. Усё ж-такі савецкае “гордое слово товарищ” гістарычна скампрамэтавала сябе.
Разважаючы ў запісе “Нашыя сябры – наша люстэрка” пра стратэгічных партнёраў, я шукаў для характарыстыкі нашых адносінаў з Вэнэсуэлай ёмкае адэкватнае слова. Тады яно мне не прыйшло ў голаў. Сёньня я яго ведаю – “таварышаваньне”. Тут і рэвалюцыйна-савецкі падыход, і авантурныя пэрспэктывы, і гуртоўна-хамскія адносіны да іншадумцаў, і глябальныя памкненьні.
Сябруюць людзі і краіны. Пра сапраўднае чалавекалюбства, узаемную павагу, разуменьне бліжняга я не магу сказаць лепш, чым гэта сказалі Хрыстос ці Гандзі. Да знаёмага, які абкрадае дзяцей у дзіцячым доме, я не пайду на бяседу. Але характар адносінаў паміж вялікімі групамі і нацыямі – іншы. Ужо пачынаючы з Томаса Гобса (шмат хто ведае ягоны “Левіатан”), прызнаецца, што зьнешнія стасункі нацыяў, як правіла, нярэдка сягаюць за межы маральнасьці. Як паказала “бязьлітасная статыстыка” сацыяльнай філязофіі прадстаўнікоў венскай эканамічнай тэорыі Людвіга фон Мізэса і ягонага вучня, ляўрэата Нобэлеўскай прэміі Ф. А. Гаека, ва ўмовах свабоднага рынку парадак разьвіцьця грамадства нават з “разумным імкненьнем да карысных вынікаў” дазваляе захоўваць хрысьціянскія прынцыпы дабрачыннасці толькі “у малых парадках” – сям’і, атамізаваных карпарацыях, часовых мэтавых калектывах і г.д. У “вялікіх парадках” ніякія “сьвядомыя праекты” ня могуць паводле сутнасці і статыстычных заканамернасцяў гарантаваць ва ўмовах свабоднай канкурэнцыі “хрысьціянскіх узаемадачыненняў контрагентаў”. На жаль, заклікі царквы, рухаў, асобных грамадзкіх дзеячаў да новай этыкі гаспадараньня з элемэнтамі калектыўных уплываў на лібэральнага вытворцу і да “маралізацыі” зьнешніх стасункаў паміж дзяржавамі пакуль не прыносяць жаданых посьпехаў.
Нацыянальная самаідэнтыфікацыя пры дэмакратыі – гэта штодзённы плебісцыт народу. Але і ў сталых дэмакратыях зьнешнія стасункі не заўсёды адпавядаюць дэкляраваным прынцыпам. Так, бальшыня краін ЭЗ крытыкуюць рэжым Пуціна, але таварышуюць зь ім сэпаратна ў нафта-газавых афэрах, парушаючы прынцып зьвязаўскай салідарнасьці. Германія, напрыклад, сфармулявала цяпер слоган усходняй зьнешняй палітыкі як “збліжэньне праз перапляценьне” (раней было “збліжэньне празь зьмены”) і цягне паўночную газавую трубу ў Грайфсвальд пад лямант Польшчы і Літвы. Пасьля таго, як Мэркель прыняла ў Бэрліне Далай-Ламу, міністар замежных справаў Штайнмаер, падлічваючы страты за тыдзень у гандлі з Кітаем, прабурчэў: “Так мы можам нарваць сабе грыжу ад высокай маральнасьці…” Палемізуючы са Штайнмаерам, Юрген Габэрмас загаварыў пра ажыўленьне нацыянальных эгаізмаў і дэвалюцыю Эўразьвязу.
Так што варта і нам адрозьніваць на вэрбальным і дзейным узроўнях сяброўства ад таварышаваньня, асабліва, калі апошняе – авантурнае.