Актывісты апазыцыі рыхтуюцца да правядзеньня несанкцыянаваных пікетаў супраць адмены сацыяльных ільготаў.
Акцыі плянуецца правесьці 16 сьнежня ў Менску і ў шэрагу іншых гарадоў Беларусі.
Усяго пададзена каля 800 заявак на правядзеньне пікетаў, мітынгаў і шэсьця супраць адмены льгот. У тым ліку ў Менску было накіравана каля 140 заявак. Аднак, паводле аднаго зь лідэраў Партыі камуністаў Беларускай Валер'я Ўхналёва, улады дазволілі толькі два пікеты – у Магілёве і ў Оршы. Астатнія ўлады забаранілі пад рознымі прычынамі.
“Але заўтра людзі выйдуць на пікеты. Канечне, гэта будзе не ўсюды. Калі мы падавалі ў Менску каля 140, то, я думаю, што каля 80-100 пікетаў у Менску пройдзе. Таксама пройдуць пікеты і ў іншых гарадах Беларусі. Мы будзем сустракацца зь людзьмі, раздаваць газэту, улёткі, іншыя матэрыялы. Мы дамовіліся зь лідэрамі партый, якія ўваходзяць у склад аб’яднаных дэмсілаў, што заўтра яны будуць ня толькі ў Менску. Я сам паеду ў Магілёў. Праблемы, відаць, будуць, бо ўлады не дадуць. Там, дзе людзі будуць абазначаць гэты пікет транспарантамі, лёзунгамі, там могуць быць праблемы з уладай. Але заўтра будзем адсочваць гэту сытуацыю”.
Думаю, што каля 80-100 пікетаў у Менску пройдзе. В.Ухналёў
Паводле спадара Ўхналёва, удзельнікі акцыі будуць патрабаваць зьмены сацыяльнай палітыкі ўладаў:
“Сацыяльна-арыентаваная дзяржава, якая прапісана ў нашай канстытуцыі, заканчваецца 17 сьнежня, калі ўступае ў сілу закон пра сацыяльныя гарантыі і льготы”.
Паводле Валер'я Ўхналёва, арганізатарам акцыі было цяжка вырабіць інфармацыйныя матэрыялы. Да актывістаў, якія падавалі заяўкі, наведваюцца міліцыянты, іх выклікаюць у адміністрацыю і робяць папярэджаньні.
Паводле актывіста Аб’яднанай грамадзянскай партыі Ігара Шынкарыка, улады не дазволілі ніводзін з 44 пікетаў у Менску, якія замаўлялі партыйцы:
“Мы такія плаваючыя зробім пікеты. Усё, што плянавалі, зробім, але па-партызанску”.
Да прыкладу, Валянціне Палевіковай улады не дазволілі правесьці пікет у двары свайго дома. Зь Менгарвыканкаму прыйшоў ліст, у якім сказана, што “правядзеньне масавых мерапрыемстваў не дапускаецца на адлегласьці менш за 50 мэтраў ад тэрыторыі арганізацый, якія забясьпечваюць абароназдольнасьць і бясьпеку дзяржавы і жыцьцядзейнасьць насельніцтва”. Спадарыня Палевікова сказала:
“Тут ёсьць побач вядомая гімназія, дзе вучыцца ўнучка прэзыдэнта Лукашэнкі. Я думаю, што абароназдольнасьць гэтай установы і забясьпечваецца”.
Сябра Палітрады аб’яднаных дэмсілаў Аляксандар Бухвостаў адносна забароны сацыяльных пікетаў сказаў, што гэта поўнае бязьмежжа:
“Яны думаюць, што гэтым задушаць пратэст супраць улады, які фармуецца. Забаронай ніколі не вырашалі праблему. Прыйдзе час, калі ўжо ніхто на гэта ня будзе глядзець”.