Новая перадача сэрыі “Паштовая скрынка 111”.
Эфір 15 сьнежня 2007 году
Як могуць зьмяніцца ўзаемадачыненьні паміж Беларусьсю і Расеяй пасьля таго, як у Крамлі зьявіцца новы гаспадар? Ці знойдзе Аляксандар Лукашэнка супольную мову зь пераемнікам Уладзімера Пуціна, калі гэтым пераемнікам стане Дзьмітры Мядзьведзеў?
Зь некалькіх кароткіх электронных лістоў на гэтую тэму і пачну сёньняшнюю размову. Нам піша Вольга Дзенісюк зь Берасьця:
“Мне цяжка ўявіць, што Лукашэнка і Мядзьведзеў раптам стануць блізкімі сябрамі. Розныя пакаленьні, розны ўзровень адукаванасьці, рознае выхаваньне. Ён жа размаўляе зь людзьмі зусім інакш, чым наш Лукашэнка. У Расеі нібы знарок выбіраюць палітыка, які нават вонкава — антыпод нашага аўтарытарнага кіраўніка, якога мала дзе ў сьвеце прызнаюць.
Мядзьведзеў зусім не падобны да таго чалавека, які пагодзіцца даваць нам танны газ і якога можа прывабіць лукашэнкаўскі стыль кіраваньня ”, —
— гэтак лічыць Вольга Дзенісюк зь Берасьця.
Яшчэ адзін ліст на гэтую тэму даслаў Віктар Балыка зь Менску. Ён піша:
Няўжо ў Расеі выберуць такога маладога і недасьведчанага інтэлігенціка?
Расеі патрэбны прэзыдэнт кшталту нашага Лукашэнкі, каб усіх у кулаку трымаў. Дзіўна, што Пуцін зрабіў такі выбар. Напэўна, ён усё ж пабойваецца Захаду, калі не адважыўся вылучыць Іванова ці каго-небудзь яшчэ зь “сілавікоў”, —
— гэтак лічыць Віктар Балыка зь Менску.
Наконт таго, ці выберуць у Расеі прэзыдэнтам такога палітыка, якога слухач называе “маладым і недасьведчаным інтэлігенцікам”. Расейскія сацыёлягі (у прыватнасьці, Лявада-Цэнтар) праводзілі сярод расейцаў апытаньне на гэтую тэму ў першыя гадзіны пасьля таго, як прэзыдэнт Пуцін назваў імя пераемніка. Выявілася, што рэйтынг Дзьмітрыя Мядзьведзева адразу ўзрос да 63-х працэнтаў: столькі апытаных гатовыя прагаласаваць за яго ў тым выпадку, калі ў бюлетэні ня будзе іншых кандыдатаў ад улады.
Ліст ад Івана Акулава з Горадні. Аўтар падпісаўся як “былы слухач заходніх галасоў”. Замежныя радыёстанцыі спадар Акулаў слухаў з шасьцідзесятых гадоў мінулага стагодзьдзя. Але потым расчараваўся ў іх. Чаму? Вось што ён піша пра гэта ў сваім лісьце на Свабоду:
“У пэўны момант я адчуў нейкі фальшывы акцэнт. Назіраючы і аналізуючы падзеі ў сьвеце, я прыйшоў да разуменьня палітычнай сыстэмы так званага “самага перадавога і дэмакратычнага грамадзтва”. Як гэта ні дзіўна, але сыстэма ўлады ў ЗША нагадвае савецкую.
Усё вельмі проста і нават прымітыўна. Улада ў СССР была ў руках Палітбюро ЦК КПСС, якое народ ніколі не выбіраў. У ЗША ўлада таксама ў руках своеасаблівага палітбюро — гэта ўладальнікі найбуйнейшых карпарацыяў: “Джэнэрал Мотарз”, “Форд”, “Боінг” ды іншых. Зь нетраў і асяродзьдзя гэтых ды іншых карпарацыяў фармуюцца палітычныя партыі — дэмакратычная і рэспубліканская. Ну і, безумоўна, ніякай розьніцы ў стратэгіі гэтых партыяў няма: яны адстойваюць інтарэсы тых, хто іх стварыў”.
У сваім лісьце на Свабоду Іван Акулаў з Горадні дае таксама ўласную інтэрпрэтацыю сутнасьці дэмакратыі. Яшчэ адна цытата зь ліста:
Фарс з выбарамі можна ўвогуле замяніць жараб’ёўкай, як гэта робіцца ў спорце...
Капіталізм у ягоным цяперашнім выглядзе — гэта жорсткая, цынічная, бесчалавечная сыстэма, якая спарадзіла ўсе цяперашнія хваробы цывілізацыі — тэрарызм, СНІД, наркаманію, беспрацоўе, няўпэўненасьць у заўтрашнім дні, глябальную зьмену клімату на плянэце, якая пагражае ўсяму жывому на зямлі. І гэта страшна”, —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Іван Акулаў з Горадні.
Сапраўды, спадар Акулаў, і ў рынкавай эканамічнай сыстэмы, і ў дэмакратычнай арганізацыі грамадзтва нямала заганаў. Уінстан Чэрчыль, прызнаючы гэты факт, казаў так: “Дэмакратыя — кепская сыстэма кіраваньня грамадзтвам, але нічога лепшага чалавецтва яшчэ не прыдумала”.
І пра “грабежніцкую сутнасьць капіталізму”, і пра “ўладу капіталу”, і пра “адсутнасьць народаўладзьдзя” на Захадзе былыя савецкія грамадзяне ў свой час удосталь наслухаліся ад райкамаўскіх прапагандыстаў. Але якую альтэрнатыву прапанавала людзям кампартыя, захапіўшы ў свой час уладу ў Расеі, адабраўшы маёмасьць у багатых і ўсталяваўшы дыктатуру пралетарыяту? Турмы для іншадумцаў, бутафорскую імітацыю выбараў і чэргі ў крамах па самае неабходнае…
Пра мінулае і сёньняшні дзень сваіх мясьцінаў разважае ў лісьце на Свабоду наш слухач Віктар Кляноўскі зь вёскі Друя Браслаўскага раёну. Ён піша:
“Да 39 году наша вёска была на польскім беразе Дзьвіны, а супрацьлеглы бераг заставаўся пад Саветамі. Дык людзі ўспамінаюць: на Вялікдзень на нашым беразе весяліліся, сьпявалі, вогнішчы палілі. А цераз рэчку сямёра жанчын, надзеўшы хамуты, аралі зямлю пад наглядам энкавэдыста. І калгас той называўся “Чырвоны бераг”.
…Такім квітнеючым быў наш пасёлак некалі. А цяпер глядзець няма на што. На месцы, дзе былі могілкі расейскіх і францускіх салдатаў часоў вайны з Напалеонам, збудавалі аграгарадок. Там, дзе калісьці была праваслаўная царква і пахаваньні сьвятароў, саветы зрабілі грамадзкую прыбіральню. Грамадзкую лазьню разбурылі (хоць не яны яе будавалі). Храмы панішчылі. Грошы ракой цякуць з Расеі (нафтавыя і газавыя даляры). Няўжо няма ніводнага мільярдэра, які б ахвяраваў мільён даляраў на аднаўленьне праваслаўнага храма?
Вось каталікі малайцы: касьцёл наш адрэстаўравалі як цацку. Засталося толькі аднавіць помнік Пілсудзкаму. Старыя людзі згадваюць: добра жылі пры ім. Гэта быў лідэр і сапраўдны патрыёт Польшчы. Пры ім і школу новую пабудавалі, і чыгунку праклалі, і электрычнасьць пачалі праводзіць. Вуліцы пры ім каменем брукавалі. А цяпер?” —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Віктар Кляноўскі зь вёскі Друя Браслаўскага раёну.
У міжваенныя дзесяцігодзьдзі ня надта заможным было жыцьцё і ў заходнебеларускай вёсцы, спадар Кляноўскі. І стаўленьне аўтарытарнай улады тагачаснай Польшчы да беларускай справы было насьцярожаным, а часам і варожым. Але людзі там працавалі на ўласнай зямлі, жылі са свайго мазаля. Уладкоўвалі гарады і вёскі, арыентуючыся на заходнія ўзоры, а не на калгасна-казарменны побыт усходніх суседзяў. І гэта, сапраўды, вельмі адрозьнівалася ад савецкай рэчаіснасьці.
На заканчэньне — ліст ад нашага даўняга сябра Паўла Саца зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну. Слухач, як заўсёды, пільна сочыць за разнастайнымі праявамі вясковага жыцьця. Ён піша:
У Макранах засталося зімаваць прыкладна 20 гектараў кукурузы. Пасеяць пасеялі, а хто будзе зьбіраць?
А яшчэ імкнуцца захаваць калгасы, якія даўно аджылі сваё. Моладзь тым часам стараецца ўцячы ў горад, дзе стабільная зарплата. Вось так і існуе вёска. Чым там ганарыцца, калі ўсё ў кожны момант можа разваліцца?” —
— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Павал Сац зь вёскі Асавая Маларыцкага раёну.
У калгасах так здараецца часта: на сяўбу грошай зь бюджэту далі дастаткова, а на жніво — не. Не хапіла ці то тэхнікі, ці запчастак, ці паліва. Было б гэта прыватнае поле — гаспадар, напэўна б, рукамі ўсё сабраў, абы не змарнаваць ураджай, на які за год пакладзена столькі сілаў і грошай. А ў калгасе, відаць, усё сьпішуць на “аб’ектыўныя абставіны”.
Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.
Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.
Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by