Сёньня з афіцыйным візытам у Беларусь прыбыў прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін, які ў наступным сакавіку мае пакінуць пасаду.
У Менску ў яго заплянаваныя перамовы з А. Лукашэнкам і ўдзел у паседжаньні дзяржаўнага савету так званай Саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі.
У менскім аэрапорце Пуціна сустрэлі вышэйшыя асобы беларускай дзяржавы. Прайшоўшы ганаровую варту, Пуцін сеў ў аўтамабіль і паехаў на першую за некалькі месяцаў сустрэчу з кіраўніком Беларусі Аляксандрам Лукашэнкам. Галоўным пытаньнем на заўтрашнім паседжаньні зьяўляецца прыняцьце саюзнага бюджэту на 2008 год.
Увечары ў Сілічах пачалася сустрэча кіраўнікоў Беларусі і Расеі ў фармаце адзін на адзін. Бакі зьбіраліся абмеркаваць двухбаковае гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва, вонкавую палітыку і энэргетыку.
У сувязі з візытам Пуціна ў Менск у беларускай сталіцы сёньня ізноў адбылася акцыя пратэсту. Некалькі моладзевых актывістаў выйшлі на вуліцу Няміга з расьцяжкай «Пуцін, Go Home!» Аднак праз 10 хвілін пад’ехаў аўтобус АМАП і акцыю разагналі. 15 удзельнікаў акцыі былі дастаўленыя ў Цэнтральны РАЎС Менску.