Кінаагляд Максіма Жбанкова.
Калі шчыра – пад канец года ня надта хочацца глядзець занадта разумнае кіно. Нам бы чагосьці папрасьцей, пра гарэзьлівых пацукоў ды сьпяваючых парсючкоў. Але, як вядома, кожная завядзёнка мае выключэньні. Вось і гэтым разам я зь вялікім захапленьні праглядзеў новую стужку Андаэя Зьвягінцава «Выгнаньне». Ягоны дэбютны фильм «Вяртаньне» ў свой час выглядаў на простую імітацыю стылю Аляксандра Сакурава. І забіваў сваім змрочным настроем. Але тут - зусім іншае. Выкшталцоная псыхалягічная драма з неверагодна прыгожай карцінкай і амаль дэтэктыўным сюжэтам.
У «Выгнаньні» амаль адсутнічае традыцыйны экшн. Галоўнае адбываецца з героямі, калі яны маўчаць. Калі папросту падае на халодныя вуліцы дождж, на стале спачывае чорны пісталет, а тэлефон ніяк не хоча супакоіцца. Раней гэткае кіно рабілі Антаніёні і Таркоўскі. Зараз так здымае Зьвягінцаў. Сьмешна казаць, што хлопец спазьніўся. Бо ягоны стыль ніяк не нагадвае старасьвецкія стылізацыі. Вельмі сучаснае кіно, насамрэч эўрапейскага ўзроўню. Але яно патрабуе адпаведнага задуменнага настрою. І, натуральна, даверу да аўтара.
Галоўнае адмоўнае ўражаньне – амэрыканская стралялка «Бронекамізэлька». Абсалютна не чакаў расчараваньня, бо спачатку ўсё выглядала зусім нядрэнна: прафэсійныя здымкі, неблагі сюжэт ды сымпатычны акторскі тандэм Чэза Палмінтыэры і нямецкага мача Ціля Швайгера.
Канфлікт паміж двума майстрамі - прафэсійным забойцай і прафэсійным ахоўнікам - мог атрымацца цікавым. Але аўтары абралі шлях народнага атракцыёну з бязглуздай стралянінай і бязсэнсоўнай піратэхнікай. А пра лёсы герояў папросту забыліся. І таму пасьля апошняга стрэлу глядач застаецца сам на сам са сваім страчаным часам.
А зараз - мой асабісты выбар гэтага тыдня. Першы з нашай міні-калекцыі, прысьвечанай зімовым сьвятам. Той, хто не пасьпеў адзначыць Гэлаўін, атрымае другі шанец на Каляды. Прынамсі так лічыць рэжысэр Цім Бартан, прапануючы усім жадаючым свой «Жах на Каляды».
Першая з клясычных анімацыйных стужак Бартана – гэта шалёны гатычны м'юзыкал. Там мерцьвякі танчаць з прывідамі, а каханьне паўстае з жахаў і самоты. І ў той жа час маем сапраўдную рамантычную гісторыю. Можа дзеткам гэта пакуль глядзець такое і зарана, а вось бацькам – у самы раз!