“Чатыры стагодзьдзі музыкі”

Сёньня ў вялікай залі Беларускай дзяржаўнай акадэміі музыкі адбудзецца канцэрт “Чатыры стагодзьдзі беларускай вакальнай музыкі”.
У канцэрце, які прымеркаваны да 75-годзьдзя акадэміі, можна будзе пачуць самыя розныя творы – ад старадаўніх кантаў да ўкладаньняў сучасных кампазытараў-нэарамантыкаў.

Праграма канцэрту рыхтавалася яшчэ са жніўня, калі студэнтка Акадэміі музыкі сапрана Алена Золава выканала шэраг беларускіх вакальных твораў розных эпох і стыляў на студэнцкім фэстывалі ў Маскве. Затым праграму паўтарылі ў верасьні ў Менску. А цяпер канцэрт пастанавілі пашырыць, далучыўшы да праекту саліста Беларускай опэры, тэнара Юр’я Гарадзецкага.
Можна толькі пашкадаваць, што гэты канцэрт ня будзе доўжыцца тры, чатыры, пяць гадзінаў

Адзін з арганізатараў канцэрту, заслужаны артыст Беларусі й выкладчык Акадэміі музыкі Віктар Скарабагатаў кажа, што праграма сапраўды ахапіла чатыры стагодзьдзі вакальнай музыкі – ад “Полацкага сшытка” да рамансаў Леаніда Захлеўнага:
“Гэта, бясспрэчна, канты, фрагмэнты з “Полацкага сшытка”, фрагмэнты з “Курантаў”. Будуць гучаць творы часу клясыцызму, творы Казлоўскага й Голянда. Будзе гучаць музыка часу рамантызму – гэта і Орда, якому 200 год сёлета, і Манюшка. І потым XX стагодзьдзе. Мы наўмысьля абралі плынь не экстрэмальнай сучаснай музыкі, а менавіта нэарамантычную плынь”.
Юры Гарадзецкі вырваўся дзеля гэтага канцэрту з Казані ўсяго на два дні: у тамтэйшай опэры рыхтуюць прэм’еру “Травіяты”, якую ставяць запрошаныя з Заходняй Эўропы дырыгент і рэжысэр. Юры сьпявае там Альфрэда. Тым ня менш досьвед выкананьня старадаўняй беларускай музыкі для яго ня менш цікавы:
“Можна толькі пашкадаваць, што гэты канцэрт ня будзе доўжыцца тры, чатыры, пяць гадзінаў. Пры тым, што я сьпяваю гэтую музыку, я б слухаў яе зь ня меншай цікавасьцю”.
Алена Золава падышла да падрыхтоўкі праграмы перадусім па-музыканцку:
“Для мяне вельмі карысным было выкананьне гэтай музыкі, каб навучыцца стылям: барокавая музыка так выконваецца, клясыка так, рамантыка інакш, а сучасную музыку трэба выконваць зусім інакш. То бок гэта вельмі карысна й цікава. І да таго ж прыемным адкрыцьцём было, наколькі багатая нашая беларуская культура”.
Канцэрт “Чатыры стагодзьдзі беларускай вакальнай музыкі” можна лічыць рэпэтыцыяй яшчэ аднаго вялікага музычнага праекту: пастаноўкі опэры Яна Давіда Голянда “Чужое багацьце нікому ня служыць”.
“Мы рыхтуем прэм’еру – спадзяемся, што так і будзе – летам у Мірскім замку, – расказвае Віктар Скарабагатаў. – У кожным разе падрыхтоўка нотнага матэрыялу практычна скончаная”.