“Washington Post”: Беларусі трэба больш дапамагаць

“Загаловак фатаздымка ў Белым доме паказаў, што адміністрацыя выдае жаданае за сапраўднае”.

Так называецца артыкул у сёньняшнім нумары газэты “Washington Post”. Артыкул прысьвечаны сустрэчы Джорджа Буша з членамі дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая адбылася 6 сьнежня.

“Прэзыдэнт Джордж Буш сустракаецца зь сямю лідэрамі прадэмакратычных палітычных партыяў і недзяржаўных арганізацыяў зь Беларусі – апошняй дыктатуры ў Эўропе” – гэты подпіс пад фотаздымкам выклікаў крытыку аўтара “Washington Post” Фрэда Гаята.

“Такая сустрэча сапраўды мела месца, – піша Гаят, – а вось фраза “апошняя дыктатура ў Эўропе” пасьля нядаўніх выбараў у Расеі гучыць вельмі несучасна. Гадзіньнік прэзыдэнта Буша адстаў, а да яго плянаў несьці свабоду больш сур’ёзна паставіліся ворагі свабоды, чым аўтары тых плянаў”.

Далей газэта прыводзіць выказваньне Аляксандра Мілінкевіча: “Я памятаю, як зусім нядаўна шэраг эўрапейскіх палітычных дзеячаў казалі мне, што аб’яднацца з Расеяй для нас было б добра, бо тады мы б пазбавіліся ад свайго дыктатара. Але цяпер так ніхто ня кажа”.

На думку Фрэда Гаята, Мілінкевіч і яго спадарожнікі ў Вашынгтоне маюць мала агульнага – гэта камуніст, сацыял-дэмакрат, хрысьціянскі дэмакрат, а таксама людзі іншых поглядаў. Як толькі ў Беларусі ўсталюецца дэмакратыя, яны ўчэпяцца адзін аднаму ў горла ў барацьбе за ўладу. Але пакуль што яны аб’яднаныя ў прыгожай барацьбе за дэмакратыю. Яны знаходзяць друкарні, якія тут жа зачыняюцца ўладамі, яны друкуюць газэты, тыражы якіх хутка канфіскуюцца, іх садзяць у турмы, а калі яны адтуль выходзяць, то пачынаюць дапамагаць сем’ям іншых зьняволеных.

Вітаючы беларускіх апазыцыянэраў падчас гадзіннай сустрэчы ў чацьвер на мінулым тыдні прэзыдэнт Буш сказаў: “Я ведаю вашы праблемы, таму не кажыце мне аб іх. Скажыце лепш, як я магу дапамагчы вам вырашыць вашы праблемы”. На думку аўтара “Washington Post” Фрэда Гаята, каб адміністрацыя Белага дому сапраўды разумела праблемы беларускай апазыцыі, яна магла б рабіць значна болей. Яна б, напрыклад, заплаціла б за арганізацыю новага спадарожнікавага тэлебачаньня для Беларусі, а ня толькі за радыёвяшчаньне на кароткіх хвалях. Яна б не скарачала дапамогу дэмакратыі ў суседніх зь Беларусьсю Расеі і Ўкраіне або іншых постсавецкіх дзяржавах, дзе хутка можа сутыкнуцца з рэальным антыдэмакратычным блёкам.