"Канец цытаты": 01.12.2007 – 07.12.2007

Самыя яскравыя выказваньні герояў перадачаў “Свабоды” за мінулы тыдзень.


“Забралі нажы, забралі мой нататнік. Чысты нататнік! Я спытала, чаму? Аказваецца, таму што там ёсьць мапа сьвету”.

Вольга Казуліна, дачка палітвязьня Аляксандра Казуліна – пра ператрус перад сустрэчай з бацькам.


“Суд прыняў рашэньне. Гэта незалежная галіна ўлады. Я паважаю яго рашэньне. Адзінае, што я магу зрабіць, гэта памілаваць яго. Калі асуджаны пра гэта папросіць, я вывучу ягонае прашэньне і пасьля скажу, ці вызвалю я яго”.

Аляксандар Лукашэнка, кіраўнік Беларусі – пра справу Аляксандра Казуліна ў інтэрвію гішпанскай газэце “El País”.


“Прас уключыш – Пуцін, штэпсэль у разэтку ўключыш – Пуцін, каналізацыйны люк адкрыеш – Пуцін. Паўсюль Пуцін. Людзей гвалцяць, пагражаюць ім, каб яны галасавалі. Гэта чыстая лукашызацыя Расеі. Пуцін ужо пацярпеў паразу рэпутацыйна на 100%, ён стаў Лукашэнкам”.

Барыс Нямцоў, сябра кіраўніцтва расейскай партыі Саюз правых сілаў – пра хаду і вынікі расейскіх выбараў.


“Лібэральная ідэя ў Расеі проста памерла”.

Аляксандар Рар, нямецкі палітоляг – пра вынікі расейскіх выбараў.


“Пытаньне, якое было галоўным, яно і засталося – што Пуцін будзе рабіць з гэтым вынікам?”

Фёдар Лук’янаў, расейскі палітоляг – пра вынікі расейскіх выбараў.


“Расея да гэтага часу ўяўляе сабой ня толькі пагрозу незалежнасьці Беларусі, але і пагрозу для ўсяго сьвету”.

Павал Севярынец, былы палітвязень, стваральнік хрысьціянска-дэмакратычнай партыі – пра наступствы расейскіх выбараў.


“Я лічу, што сёньняшняя сытуацыя ў нашай краіне – гэта ня матч па боксу, дзе трэба біць па галаве недэмакратычную ўладу, гэта шахматы”.

Аляксандар Мілінкевіч, стваральнік руху “За Свабоду” – падчас радыёмоста зь сябрамі дэлегацыі беларускай апазыцыі, якая наведвала ЗША.


“Буш на тэлевізійным экране і ў жывых стасунках — проста дзьве розныя асобы. Ён настолькі нефармальны, настолькі жывы, настолькі заражае энэргетыкай. Першае, што мы пачулі ад прэзыдэнта ЗША, калі ўвайшлі (а было даволі холадна): ну, што, можа віскі? Я ўпершыню бачыў чалавека, які б з такім гумарам расказваў пра нейкія ня вельмі прыемныя для сябе сытуацыі. Ён расказваў і сам клаўся ад сьмеху”.

Анатоль Лябедзька, старшыня Аб'яднанай грамадзянскай партыі – пра сустрэчу дэлегацыі беларускай апазыцыі з прэзыдэнтам ЗША Джорджам Бушам.


“Тое, што распаўсюдзіла “Эхо Москвы”, няхай застанецца на сумленьні “Эхо Москвы”. І паколькі гэтая інфармацыя зьявілася ў расейскіх мэдыях, то няхай гэта расейскі бок і камэнтуе. Мы такой інфармацыі ня маем. Упершыню чуем, што будуць падпісвацца нейкія Канстытуцыйныя акты і разьмяркоўвацца паўнамоцтвы паміж Лукашэнкам і Пуціным. Пра гэта беларускі бок даведаўся ад “Эхо Москвы”.

Павал Лёгкі, кіраўнік прэсавай службы Аляксандра Лукашэнкі – пра інфармацыю радыёстанцыі “Эхо Москвы”, паводле якой падчас візыту ў Менск Уладзімера Пуціна будзе падпісаны Канстытуцыйны акт, які абвесьціць стварэньне саюзнай дзяржавы, У.Пуцін стане прэзыдэнтам саюзнай дзяржавы Беларусі і Расеі, а А.Лукашэнка ўзначаліць саюзны парлямэнт.


“Гэты рынак у Беларусі разьвіваецца і будзе разьвівацца далей, я ў гэтым перакананы. Ня хочуць людзі ўжо больш чакаць. Больш спакусаў у жыцьці зьявілася. Спакусаў, за якія трэба плаціць проста цяпер”.

Дзьмітры Раманоўскі, супрацоўнік “Белпрамбудбанку” – пра рынак спажывецкіх крэдытаў.