Лукашэнка паехаў паспачуваць Уга Чавэсу

  • Ягор Маёрчык

Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон Свабоды ў Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-2
4.

6 сьнежня пачаўся афіцыйны візыт Аляксандра Лукашэнкі ў Вэнэсуэлу. Тыдзень таму прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс прайграў канстытуцыйны рэфэрэндум, на які ён выносіў пытаньне пра пажыцьцёвае кіраваньне краінай. Цяпер пасьля сканчэньня другога прэзыдэнцкага тэрміну ў 2013 годзе ён павінен пакінуць пасаду прэзыдэнта. Гэтыя падзеі камэнтуе наш слухач:

Уладзімер, Полацк: “Аляксандар Лукашэнка паехаў у Вэнэсуэлу яўна для таго, каб паспачуваць свайму сябру Уга Чавэсу, які прайграў рэфэрэндум. Без сумневу, Аляксандар Рыгоравіч падзеліцца зь сябрам сваім багатым досьведам выбараў. Так што грамадзянам Вэнэсуэлы трэба быць напагатове. Наступным разам Уга Чавэс можа выйграць любы рэфэрэндум, любыя выбары”.

14 сьнежня з афіцыйным візытам у Менск прыбывае прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін.

Зіноўеў: “Думаю, для Пуціна перакрыюць паў-Менску, каб народ не перашкаджаў”.

Слухачы працягваюць камэнтаваць заяву Аляксандра Лукашэнкі пра тое, што ён гатовы разгледзець пытаньне пра памілаваньне Аляксандра Казуліна, калі той зьвернецца з такой просьбай. Нагадаю, што былы кандыдат на прэзыдэнта Казулін пакараны пяцьцю з паловай гадамі зьняволеньня:

Спадарыня, Магілёў: “Тысячы зьняволеных, якія трапілі пад амністыю, наўрад ці пісалі прашэньні аб памілаваньні на імя Лукашэнкі. Калі Аляксандар Казулін звычайны зьняволены, чаму менавіта ён павінен пісаць прашэньне аб памілаваньні? Такія прашэньні пішуць тыя, хто, адчуваючы сваю віну ў цяжкім злачынстве, каецца і просіць прабачэньня. За палітычныя погляды Аляксандар Казулін не абавязаны ні перад кім каяцца і прасіць прабачэньня. Свабоду Аляксандру Казуліну!”

Ларыса, Менск: “Казулін павінен быць на свабодзе. Ён ужо сваё адседзеў. Ён павінен выйсьці па амністыі, настаў гэты момант. Калі гэта зробіць Аляксандар Рыгоравіч, гэта будзе добры знак. А гэта залежыць толькі ад яго”.

Спадар: “Трэба, каб ён поўнасьцю гэтыя гады адседзеў, калі ён там будзе сумленна сядзець. А не, дык яшчэ дадаць тры-пяць гадоў. Што ён з намі хацеў зрабіць, гэты жулік, які разьбіў партрэт нашага прэзыдэнта, аказваў супраціў нашай уладзе, міліцыі, размахваў кулакамі і біў?! Так што ніякіх пытаньняў — 5,5 гадоў”.

Апошняе тэлефанаваньне камэнтуе намесьнік кіраўніка Беларускай сацыял-дэмакратычнай партыі (Грамада), былы адвакат Казуліна Ігар Рынкевіч:

Рынкевіч: “Шкада, што ёсьць такія людзі, мала інфармаваныя пра тое, што сапраўды было з Аляксандрам Казуліным. Можна сказаць, што гэта ахвяры нашай афіцыйнай прапаганды. У дзеяньнях Казуліна не было складу злачынства. З пункту гледжаньня маралі ягоныя ўчынкі былі цалкам адэкватныя сытуацыі. Пяць з паловай гадоў — гэта максымальнае пакараньне, якое ўлады маглі даць свайму апанэнту. А вешаць нейкія ярлыкі, як гэта робіць гэты чалавек... гэта сьведчыць пра культуру дадзенага чалавека”.

Па-ранейшаму ў цэнтры ўвагі слухачоў Свабоды вынікі выбараў у Дзяржаўную думу Расеі. У Дзярждуму прайшлі толькі чатыры партыі. Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, якія назіралі за выбарамі, заявілі, што выбары не былі справядлівымі і дэмакратычнымі.

Спадар: “Выбары, якія прайшлі ў Расеі, яшчэ раз пацьвердзілі, як крамлёўскія паліттэхналёгіі, апрабаваныя ў Беларусі, добра кладуцца на расейскую глебу. Таму ў іхнюю Думу дазволілі прайсьці толькі тым партыям, якія ў пэрспэктыве ня здольныя весьці палітычную барацьбу”.

5 сьнежня беларускі паэт Алесь Разанаў адзначыў сваё 60-годзьдзе.

Анатоль Сахаруша: “Паважаная “Свабода,” дазвольце мне, калі ласка, павіншаваць з 60-годзьдзем свайго слыннага земляка Алеся Разанава. Дарагі Алесь, віншую цябе зь юбілеем. Здароўя табе і плёну ў працы на многія гады! Мы, беларусы, добра ўсьведамляем, што ты за мяжой вымушана, і я ўпэўнены, што гэта часова. Нялёгка табе было пры камуністычным рэжыме. Нічога не зьмянілася і цяпер. І сёньняшнія дачасьнікі — гэта не народ і не Беларусь. Ім гісторыяй наканавана сысьці ў нябыт. І мы чакаем твайго вяртаньня”.