Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Званкі на Свабоду: “Расея так і ня вылезла з таталітарнага балота”


Ягор Маёрчык, Менск Шаноўныя слухачы! Мы ўдзячныя за вашыя меркаваньні і прапановы. Вы робіце наша з вамі радыё больш зьмястоўным і цікавым. Аўтар найлепшага званка, паведамленьня, падказкі будзе атрымліваць прыз. Нагадаем: тэлефон “Свабоды” у Менску 266-39-52, працуе 24 гадзіны на суткі. Нумар мабільнай сувязі для СМС-паведамленьняў: 8-029-391-22-24.

Слухачы Свабоды працягваюць камэнтаваць вынікі расейскіх парляманцкіх выбараў. У Дзярждуму Расеі прайшлі толькі чатыры партыі. Усе астатнія не пераадолелі 7-працэнтнага бар’еру.

Прадстаўнікі Эўразьвязу заявілі, што падчас выбарчай кампаніі парушалася свабода слова. ЗША заклікалі ўлады Расеі расьсьледаваць абвінавачваньні ў фальсыфікацыях. Прадстаўнікі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ і Рады Эўропы, якія назіралі за выбарамі, заявілі, што выбары ня былі справядлівыя.

Іван Нелукашоў: “Назіраю перадвыбарную вакханалію і самі выбары. Напрошваецца аналёгія паміж КПСС і “Единой Россией”. Расея так і ня вылезла з таталітарнага балота, а зноў вязьне ў дрыгве дыктатуры і культу асобы Пуціна, усьлед за Беларусьсю.

Перафразуючы Маякоўскага, скажу: “Лукашэнка і Пуцін — блізьняты-браты. Хто з дыктатараў больш на ўладу хворы, той зь іх больш агідны. Мы кажам “Лукашэнка” — маем у думках Пуціна. Мы кажам “Пуцін” — маем у думках Лукашэнку”.

Прэзыдэнт Вэнэсуэлы Уга Чавэс прайграў канстытуцыйны рэфэрэндум, на які ён выносіў пытаньне пра пажыцьцёвае кіраваньне краінай. Цяпер у 2013 годзе, калі скончыцца другі прэзыдэнцкі тэрмін, ён павінен пакінуць пасаду прэзыдэнта. Слухачы Свабоды адгукаюцца на вынікі рэфэрэндуму ў Вэнэсуэле:

Спадар: “Па ўсім радыё і тэлебачаньні перадалі, што Уга Чавэс, вэнэсуэльскі дыктатар, ці як яго назваць, пацярпеў фіяска поўнасьцю. Народ не падтрымаў яго. Застаўся толькі адзін такі ў сьвеце — гэта Лукашэнка.

Дык ён ціха, спакойна спытаўся: “Не, людцы, я ня буду. Я толькі параюся, ці можа нехта, напрыклад я, яшчэ балятавацца на выбарах прэзыдэнта”. Проста спыталіся — і наіўныя беларусы, уключаючы мяне, адказалі, што так, чаму б не, калі ласка. Усё! Ён скарыстаўся з гэтага”.

Спадар: “Аляксандар Рыгоравіч! Віншуй свайго сябра-дыктатара Уга Чавэса з посьпехам на рэфэрэндуме. І табе я такога посьпеху жадаю ў будучым, як у гэтага вэнэсуэльца-дыктатара”.

Спадар: “Некалькі радкоў наконт выбараў у Расеі, рэфэрэндуму ў Вэнэсуэле і маючага адбыцца візыту кіраўніка нашай краіны ў Каракас.

Теперь такая в жизни сценка, Такая, брат, раскрутина, Мы говорим все: “Лукашенко”, А видим рядом Путина. И видим рядом мы их друга. Привет латинской пташечке! Стоит собрат их Чавес Уго, И в красной он рубашечке”.

Выбары ў Палату прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу павінны адбыцца не пазьней за восень 2008 году. У працяг тэмы выбараў — такое тэлефанаваньне.

Анастас Семяновіч: “Я хачу яшчэ раз зьвярнуцца да нашых дэмакратаў. Хутка выбары так званых “палатнікаў”. Выбараў у нас няма. Сёньня яны будуць браць прыклад з мафіёзнай пуцінскай Расеі, то бок прасоўваць “Белую Русь”. Я вам кажу: без зьмяненьня выбарчага закону прымаць удзел у выбарах — гэта злачынства перад беларускім народам.

Усе партыі абавязаны агучыць ультыматум: мы будзем удзельнічаць у выбарах толькі тады, калі нашых людзей уключаць ва ўсе ўчастковыя і акруговыя камісіі: 50% ад дэмакратаў, 50% ад адміністрацыі. Галоўная задача дэмакратычных сілаў зараз — не падзел выбарчых акругаў паміж кандыдатамі, а барацьба за зьмену выбарчага заканадаўства і выкананьне 12 прапановаў Эўразьвязу”.
Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG