Прэзыдэнт Туркмэністану змагаецца з антэнамі

Прэзыдэнт Туркмэністану загадаў дэмантаваць спадарожнікавыя антэны з дамоў у Ашгабадзе. Паводле Гурбангулы Бэрдымухамэдава, замест мноства антэнаў на кожным будынку ў сталіцы краіны будзе стаяць “адна магутная антэна”.
Такі крок прэзыдэнт матываваў тым, што шматлікія антэны на будынках псуюць выгляд гораду. У сваю чаргу праваабарончыя актывісты трактуюць словы Бэрдымухамэдава пра “адну магутную антэну” як імкненьне вызначаць, што канкрэтна грамадзяне Туркмэністану маюць права глядзець.

Яшчэ й месяца не мінула з часу, як Бэрдымухамэдава цёпла прымалі ў Брусэлі высокія прадстаўнікі Эўразьвязу – прымалі як чалавека, зь якім Захад гатовы ісьці на актыўнае супрацоўніцтва. Распараджэньне, якое туркмэнскі прэзыдэнт даў міністру інфармацыі краіны, выклікала хвалю крытыкі і абвінавачаньні, што Бэрдымухамэдаў хоча перакрыць доступ да альтэрнатыўнай інфармацыі.

Фарыд Тугбатулін, старшыня базаванага ў Вене Туркмэнскага цэнтру правоў чалавека, у інтэрвію нашаму радыё назваў распараджэньне Бэрдымухамэдава відавочным парушэньнем грамадзянскіх правоў туркмэнаў:

“Спадарожнікавыя антэны – адзіны цяпер спосаб атрыманьня інфармацыі ў Туркмэністане. Калі іх ня стане ці калі, як сказаў прэзыдэнт, іх заменяць на адну адзіную талерку, то гэта будзе якраз-такі парушэньнем правоў на свабоду атрыманьня інфармацыі. Гэтым распараджэньнем яны ня толькі парушаюць дзейныя законы Туркмэністану, але перш за ўсё права чалавека на выбар інфармацыі”.

Спадарожнікавыя антэны што грыбы вырасьлі на дамох у Туркмэністане ў першай палове 1990-х, калі папярэднік Бэрдымухамэдава Сапармурат Ніязаў узяў пад абсалютны кантроль мясцовыя сродкі масавай інфармацыі. Пры гэтым Ніязаў не замахнуўся на прыватныя спадарожнікавыя антэны.

Застаецца нагадаць, што сёлета ў Лідзе і Менску мясцовыя ўлады выказваліся незадаволенасьць разьмяшчэньнем на бальконах і сьценах дамоў спадарожнікавых антэнаў, матывуючы сваю пазыцыю тым, што антэны парушаюць правілы эксплюатацыі жылых дамоў.