Паштовая скрынка. 5 сьнежня 2007

Сёньняшнюю размову пачну зь лістоў на тэму расейскіх думскіх выбараў і рэфэрэндуму ў Вэнэсуэле. Абедзьве гэтыя палітычныя кампаніі, якія завяршыліся ў мінулую нядзелю ў розных канцах зямнога шару, маюць пэўную сувязь з нашай краінай. Прынамсі, паралелі зь нядаўняй гісторыяй і блізкімі зьнешнепалітычнымі пэрспэктывамі Беларусі шмат хто з нашых слухачоў убачыў выразна.

Вось што піша наконт гэтага ў сваім электронным лісьце на Свабоду Валер Грыцук зь Менску:

“Расейцы паказалі, што сталі падобнымі да беларусаў. Два боты — пара. Я цалкам пагаджаюся з Барысам Нямцовым, што гэтыя так званыя “выбары” паказалі поўную “лукашызацыю” пуцінскай Расеі.

Адметная агрэсія аўтарытарных уладаў супраць АБСЭ. Вядома, што Расея і яе хаўрусьнікі спрабуюць ператварыць АБСЭ ў нікчэмную СНД. А Бюро дэмакратычных інстытутаў і правоў чалавека (БДІПЧ) — у канцылярыю. Вельмі шкада, што гэтая агрэсія Расеі супраць надзвычай важнай арганізацыі, у якой рашэньні прымаюцца кансэнсусам 56 краінаў, ня выклікала розгаласу сярод нашых актывістаў-дэмакратаў. Чамусьці не адгукнуліся і праваабаронцы....

А ўвогуле, апошнія падзеі схіляюць да сумных высноваў. Крыўдная для нас, беларусаў, мянушка “быдла” — гэта ўжо мінулае, і нам яна не пасуе. Таму што быдла бадаецца. А большасьць нашага грамадзтва можна вызначыць больш дакладна — гэта ТРАВА.

Вось некаторыя лічылі лацінаамэрыканцаў “забітымі”, паслухмянымі індзейцамі. А яны сапраўды могуць людзьмі звацца. Грамадзяне Вэнэсуэлы не падтрымалі чырвонага дыктатара Чавэса. Рэфэрэндум, які па сутнасьці быў паўторам беларускіх лукашэнкаўскіх рэфэрэндумаў 1996 і 2004 гадоў, ён прайграў”, —


— так напісаў у сваім лісьце на Свабоду Валер Грыцук зь Менску.

Нагадаю, спадар Грыцук, што Аляксандар Лукашэнка не адразу наважыўся пераглядаць Канстытуцыю, каб усталяваць пажыцьцёвае прэзыдэнцтва — толькі празь дзесяць гадоў пасьля прыходу да ўлады, калі настала пара думаць пра ўласную палітычную будучыню пасьля 2006 году. У вэнэсуэльскага лідэра Уга Чавэса наперадзе — яшчэ больш як пяць гадоў прэзыдэнцтва. І хто сказаў, што гэты рэфэрэндум у Вэнэсуэле — апошні? Што праз два-тры гады там ня будзе абвешчаны новы плебісцыт з тымі ж пытаньнямі, толькі інакш сфармуляванымі?

Што да некаторых стэрэатыпаў успрыманьня лацінаамэрыканскіх народаў. Варта нагадаць: Вэнэсуэла стала незалежнай 180 гадоў таму, калі большасьці сёньняшніх усходнеэўрапейскіх краін (у тым ліку і Беларусі) увогуле не было на мапе сьвету. І незалежнасьць сваю Вэнэсуэла здабыла ў цяжкай дзесяцігадовай вайне з іспанскімі калянізатарамі. А потым на працягу больш як стагодзьдзя перажыла нямала рэвалюцый і дыктатур. Уга Чавэс для вэнэсуэльцаў — ня першы і, відаць, не апошні, хто прэтэндуе на выключнае месца ў палітычнай сыстэме.

Пра вынікі расейскіх думскіх выбараў разважае ў сваім лісьце на Свабоду Мікалай Клемянкоў з Воршы. Ён піша:

“Чаму раптам гэтулькі шуму вакол расейскіх выбараў? Ніхто ж не сумняваўся, што вынік будзе менавіта такі. Напэўна, былі нейкія дробныя фальсыфікацыі, ашуканствы — бяз гэтага ў Расеі не бывае. Але ж галоўнае — тое, што большасьць расейцаў — сапраўды за Пуціна.

Я некалькі апошніх гадоў працаваў у Расеі. Заробкі там растуць кожны месяц. Добры муляр на будоўлі ў Падмаскоўі зарабляе паўтары-дзьве тысячы даляраў. Людзі пагалоўна купляюць тыя рэчы, якія яшчэ нядаўна былі для іх недаступныя: добрыя аўтамабілі, туры ў экзатычныя краіны сьвету, якасную бытавую тэхніку. Многія будуюцца. У Расеі — такі спажывецкі бум, якога там ніколі не было. Людзі зьвязваюць гэта выключна зь імем Пуціна. А імёны дэмакратычных лідэраў для іх калі з чым і асацыююцца, дык толькі з падманам, ашуканствам, дэфолтам 1998 году і зьяўленьнем алігархаў, якіх 90 працэнтаў насельніцтва люта ненавідзіць.

Так, дэмакратыя пры Пуціне — слабая. Але ці патрэбная тая дэмакратыя Расеі ўвогуле, калі людзі не разумеюць яе каштоўнасьці? Калі ў людзей ёсьць грошы, а ў крамах поўна тавараў, то навошта нейкая дэмакратыя?” —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Мікалай Клемянкоў з Воршы.

Гэта толькі здаецца, што паміж палітычнай сыстэмай краіны і наяўнасьцю (або адсутнасьцю) тавараў у крамах няма непасрэднай сувязі. Насамрэч узаемазалежнасьць тут відавочная. Многія пакаленьні савецкіх грамадзянаў дзесяцігодзьдзямі засвойвалі гэты ўрок, стоячы ў чэргах па самае неабходнае.

Сёньняшні адносны расейскі дабрабыт у многім трымаецца на высокіх коштах нафты і газу, а таксама на тым, што Расея пакуль ня траціць свае звышдаходы на гонку ўзбраеньняў і на падтрымку сатэлітаў, як гэта рабіў Савецкі Саюз. Але нафтавая каньюнктура — зьменлівая, а магчымае вяртаньне да імпэрскай палітыкі тут жа запатрабуе, каб прэтэнзіі на імпэрскую веліч краіны аплачваў з уласнай кішэні кожны расейскі грамадзянін.

Вы слухаеце праграму “Паштовая скрынка 111” — агляд лістоў на Свабоду. З вамі Валянцін Жданко.

Наш слухач Аляксандар Корж з Гомеля ў сваім лісьце на Свабоду разважае пра некаторыя сёньняшнія беларускія рэаліі. Ён піша:

Чаму ў нас некаторыя грамадзяне называюць кіраўніка краіны “бацькам”? Не разумею, як можна называць бацькам таго, хто ня цягне нават на айчыма. Ці ў нас усе адразу сталі сіротамі пры жывых бацьках?

Нас заклікаюць падвышаць нараджальнасьць пры плянамерным вынішчэньні людзей, асабліва на пэрыфэрыі. Нашы старыя баяцца чарговых падвышэньняў пэнсіяў, бо за імі непазьбежны рост цэнаў, які цалкам зьядае мізэрныя падачкі.

У дзяржаве не хапае кваліфікаваных будаўнікоў, бо іх большая частка працуе за межамі краіны. Чаму?

Загаварылі пра аналяг Сыліконавай даліны, але ж гэта — толькі трамплін для разумных, якім напляваць на абяцаньні сьветлага заўтра. Ім хочацца мець высокі ўзровень жыцьця ўжо сёньня.

Беларусі патрэбна атамная электрастанцыя, але ці разгледзелі ўсе магчымыя альтэрнатывы ў краіне, дзе не да канца яшчэ перажылі наступствы Чарнобыльскай трагедыі?

А шалёныя крэдыты, якія калісьці давядзецца аддаваць, ды яшчэ з працэнтамі?

А прыгоннае права ў выглядзе неабгрунтаванай пагалоўнай кантрактызацыі?

У іншых краінах 80% прамысловасьці належыць недзяржаўным суб’ектам гаспадараньня, а ў нас — наадварот. Што з гэтага атрымліваецца, мы бачым на жывых прыкладах былога СССР. Краіны Балтыі ўжо нават кампэнсавалі сваім грамадзянам страчаныя савецкія ўклады, у нас жа гэтага нават не прадбачыцца.

Па дзяржаўных тэлеканалах нам штодня расказваюць, як кепска жывецца людзям за межамі Беларусі, дзе няма плянавай эканомікі з утапічнымі аграгарадкамі. Усе ведаюць цану такім словам. Няпраўда, што мы не жадаем уліцца ў эўрапейскую сям’ю народаў, ды толькі з нашымі парадкамі нас там ніхто не чакае”, —

— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Аляксандар Корж з Гомеля.

Заўсёды ёсьць магчымасьць памяняць такія парадкі, калі іх лічаць непрымальнымі тры дзясяткі эўрапейскіх краінаў. Тым больш што патрабаваньні Эўразьвязу да Беларусі — тыя ж, што і да любой іншай эўрапейскай дзяржавы, якая хоча мець з Захадам прыязныя добрасуседзкія дачыненьні, а ў пэрспэктыве — і сама хацела б далучыцца да аб’яднанай Эўропы. Дэмакратычная выбарчая сыстэма, рынкавая эканоміка, незалежныя мэдыі — што з гэтых атрыбутаў свабоднага сьвету ня здольныя выкарыстоўваць у сваім жыцьці беларусы? І няўжо большасьць беларускага грамадзтва лічыць каштоўнасьцю аўтарытарную сыстэму ўлады, а не свабоду і дэмакратыю?

Некаторыя вынікі восеньскіх масавых акцыяў беларускай апазыцыі падсумоўвае ў сваім лісьце на Свабоду наш даўні сябар Ільля Копыл зь Менску. Ён, у прыватнасьці, піша:

“На маю думку, кіраўнікі апазыцыі, арганізатары Эўрапейскага маршу ў першую чаргу хацелі паказаць сябе. Для іх галоўнай часткай акцыі было шэсьце, а мітынг — гэта нейкая абуза. Таму аўтары прамоваў, якія прагучалі з прыступак Акадэміі навук, былі (за выключэньнем Мілінкевіча) дрэнна падрыхтаваныя. Выступаюць на такіх акцыях адны і тыя ж асобы, гучаць адны і тыя ж дзяжурныя фразы.

А што да Сацыяльнага маршу, дык ён з самага пачатку быў асуджаны на правал. Сацыяльны марш — гэта, хутчэй за ўсё, справа прафсаюзаў. Але прафсаюзы ў Беларусі — дзяржаўныя. А тое, што камуністы ПКБ узялі на сябе ролю абаронцаў зьбяднелага насельніцтва, выглядала сьмешна. Людзі ля Акадэміі навук казалі ім у вочы: “Вы трымалі ў руках уладу больш за 70 гадоў. Хто вам замінаў вырашаць сацыяльныя пытаньні? Ваш час мінуў”, —


— напісаў у сваім лісьце на Свабоду Ільля Копыл зь Менску.

Мы, спадар Копыл, падрабязна асьвятлялі абедзьве гэтыя акцыі апазыцыі, давалі слова і ўдзельнікам маршаў, і арганізатарам, і прадстаўнікам улады. Пры ўсіх супярэчлівых і нават супрацьлеглых ацэнках таго, што адбылося, відавочна: вывесьці на вуліцу дзясяткі і сотні тысяч людзей у сёньняшніх беларускіх умовах наўрад ці магчыма. Ня толькі таму, што гэтага ня ўмее апазыцыя. Найперш таму, што да гэтага не гатова грамадзтва.

Дзякуй усім, хто знайшоў час для ліста на Свабоду. Пішыце. Чакаем новых допісаў.

Праграма “Паштовая скрынка 111” выходзіць у эфір кожную сераду і нядзелю.

Аўтару можна пісаць на адрас zdankov_rs@tut.by