“Ператварацца ў другога Барадзіна Пуцін не захоча”

4 сьнежня Аляксандар Лукашэнка сустрэўся дзяржсакратаром "саюзнай дзяржавы" Паўлам Барадзіным, які паведаміў яму, што на сёньня падрыхтавана 5 варыянтаў Канстытуцыйнага Акту. А 14 сьнежня ў Менск прылятае прэзыдэнт Расеі Уладзімер Пуцін, які возьме ўдзел у паседжаньні найвышэйшай рады Саюзнай дзяржавы. Ці можа адбыцца нейкі радыкальны зрух у інтэграцыйных працэсах? Гутарка з аглядальнікам газэты "Белорусы и рынок" Паўлюком Быкоўскім.
Цыганкоў: “Вядома, што журналісты даўно ставяцца да фігуры Паўла Барадзіна даволі іранічна. 5 варыянтаў Канстытуцыйнага Акту падрыхтавана, з тым самым посьпехам магло быць і 25. Але больш сур’ёзная навіна ў тым, што ў Менск прыяжджае Ўладзімер Пуцін. Ці можа ягоная сустрэча з Лукашэнкам прынесьці нейкія сэнсацыя ці яна пройдзе ў звычайным будзённым рытме?”

Паўлюк Быкоўскі
Быкоўскі: “Хутчэй за ўсё, другі варыянт, гэта будзе будзённая сустрэча, кіраўнікам трэба выканаць пэўныя фармальнасьці. Зацьвердзіць бюджэт “саюзнай дзяржавы” на наступны год і гэта будзе выканана. Калі ёсьць 5 варыянтаў Акту, гэта сьведчыць найперш пра тое, што няма аднаго рэальнага варыянту – а значыць, нічога новага не адбудзецца.

Па выніках парлямэнцкіх выбараў у Расеі я размаўляў з шматлікімі экспэртамі на тэму, як выбары могуць адбіцца на беларуска-расейскія адносіны. Усе сказалі, што ня бачаць ніякіх зьменаў, і ніхто зь іх ня верыць у магчымасьць рэанімацыі інтэграцыі”.

Цыганкоў: “Тым ня менш, заўсёды, калі сустракаюцца кіраўнікі Беларусі і Расеі, паўстае шэраг вэрсіяў і тэорыяў. Вы не дапускаеце, што ня можа адрадзіцца тая вэрсія, што Пуцін можа выкарыстаць шыльду “саюзнай дзяржавы” для працягненьня сваіх уладных паўнамоцтваў?”

Быкоўскі: “Гэта вельмі неверагоднае разьвіцьцё падзеяў. З улікам усяго таго, што рабіў і казаў Пуцін, гэта будзе тое самае, што на васьмінога апрануць касьцюм, як было сказана ў адным з твораў Стругацкіх. Калі ўжо казаць, што для Пуціна трэба застацца ўплывовай фігурай, то хутчэй за ўсё гэта можна зрабіць унутрырасейскімі сродкамі, а не стварэньнем за тры месяцы нейкай структуры, надбудовы над Расеяй і Беларусьсю. Гэтая надбудова можа быць вельмі хісткай, яна больш нагадвае фантом – і пераўтварацца ў другога Паўла Барадзіна Пуцін напэўна не захоча”.